Сі больш не «дарагі сябар» Пуціна? Што азначаюць нечаканыя вынікі галасавання ў ААН


Зусім нядаўна, у лютым 2022 году, на Захадзе выказвалі занепакоенасць тым, што Кітай можа неўзабаве пашырыць падтрымку Расеі і нават пачаць пастаўляць летальную зброю. Аднак апошнія падзеі паказваюць, што Пекін хутчэй рухаецца ў адваротным кірунку. На мінулым тыдні дэлегацыя КНР у ААН упершыню прагаласавала за рэзалюцыю, у якой Расея названая агрэсарам у вайне з Украінай. Ці азначае гэта змену курсу Пекіна ў дачыненні пуцінскай Расеі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

26 красавіка Генеральная Асамблея ААН зацвердзіла рэзалюцыю аб супрацы ААН і Рады Еўропы. Сама па сабе рэзалюцыя не была наўпрост звязаная з вайной ва Украіне, але канфлікт там згадваўся. У дакуменце ішла гаворка пра «беспрэцэдэнтныя выклікі, якія стаяць сёння перад Еўропай пасля агрэсіі РФ супраць Украіны, а да таго супраць Грузіі». У звязку з гэтым заклікалася ўмацаваць супрацу ААН і Рады Еўропы дзеля аднаўлення міра на аснове павагі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, кампенсацыі шкоды і прыцягнення да адказнасці ўсіх тых, хто вінаваты ў парушэнні нормаў міжнароднага права. Рэзалюцыя была прынятая 122 галасамі «за». «Супраць» прагаласавалі ўсяго пяць дэлегацыяў: РФ, Беларусі, Нікарагуа, Сірыі і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. 18 краінаў устрымаліся.

Сусветныя медыі не адразу звярнулі ўвагу на тое, што сярод прыхільнікаў рэзалюцыі аказаліся Кітай, Індыя, Бразілія, Турэччына, Казахстан і Арменія. Гэтыя краіны Масква афіцыйна лічыць «сяброўскімі». Раней у ААН яны ўстрымліваліся ад галасавання па рэзалюцыях з асуджэннем расейскай агрэсіі супраць Украіны, а пры разглядзе дакументаў, прысвечаных дзеянням РФ у Крыме, нават галасавалі «супраць». Таму вынікі цяперашняга галасавання выглядаюць досыць нечакана.

Асаблівы погляд 

Афіцыйная пазіцыя Пекіна адносна вайны ва Украіне – нейтралітэт. У сваіх публічных заявах прадстаўнікі афіцыйнага Пекіну заўсёды выступалі «за мір і супраць вайны», не ставілі пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, але палітыку Крамля не асуджалі і не называлі агрэсію агрэсіяй.

Аўтарытэтныя заходнія выданні ўжо ў першыя тыдні вайны паведамлялі, што Расея звярнулася да Кітаю з просьбай аб вайсковай і эканамічнай дапамозе. Гэта магло прывесці да ўвядзення санкцыяў супраць самога Кітаю. Таму, паводле «The Washington Post», Сі Цзінь Пін паставіў перад сваімі памочнікам задачу знайсці спосабы дапамагчы Расеі такім чынам, каб самім не трапіць пад заходнія санкцыі. Мяркуючы па ўсім, гэтая задача ў 2022 годзе ў цэлым была выканана. Кітай пераўтварыўся ў найбуйнейшага імпарцёра расейскай нафты, што дазволіла Расеі часткова нівеляваць негатыўны эфект ад эканамічнага ціску ЗША і ЕЗ. Акрамя таго, паводле заходніх медыяў, КНР пастаўляла Расеі тавары двайнога прызначэння: навігацыйнае абсталяванне, тэхналогіі падаўлення радыёсігналаў, а таксама дэталі для знішчальнікаў.

Аналітыка
Расея і Украіна наўрад ці пойдуць на кітайскі мірны план. Нашто тады Кітай яго публікаваў?
2023.02.24 20:31

У пачатку 2023 году збліжэнне Пекіна і Масквы стала ўсё больш трывожыць краіны Захаду. У лютым 2023 года дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што ў амерыканскага боку ёсць сведчанні аб тым, што КНР накіроўвае РФ нелятальную вайсковую дапамогу, а цяпер разглядае пытанне аб пастаўках зброі і боепрыпасаў. «Мы вельмі занепакоеныя тым, што Кітай разглядае магчымасць аказання лятальнай падтрымкі Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны», – заявіў тады Блінкен.

Візіты ў Маскву спачатку кіраўніка канцылярыі па замежных справах ЦК Кампартыі Ван І, а потым старшыні КНР Сі Цзінь Піна мусілі толькі павялічыць гэтую занепакоенасць. Аднак як раз пасля сустрэчы Сі Цзінь Піна і Уладзіміра Пуціна, падчас якой два палітыкі звярталіся адзін да аднога «дарагі сябар», афіцыйны Пекін стаў дасылаць сігналы, якія сведчаць аб жаданні дыстанцыявацца ад РФ.

Пуцін і Сі пасварыліся праз ядравую зброю?

Праз тры дні пасля завяршэння візіту Сі Цзінь Піна ў Маскву Пуцін зрабіў сенсацыйную заяву аб намеры размесціць у Беларусі тактычную ядравую зброю. Адныя ўбачылі ў словах Пуціна дэмарш супраць КНР, бо ў Маскве два палітыкі падпісалі сумесную заяву з заклікам не размяшчаць ядравую зброю за межамі сваіх тэрыторыяў. Іншыя наадварот палічылі рашэнне Пуціна вынікам таемнай змовы. Медыі звярталі ўвагу на тое, што раней, у пачатку сакавіка, Кітай наведваў Аляксандр Лукашэнка, а значыць Сі, Пуцін і Лукашэнка нібыта загадзя ўсё абмеркавалі і пра ўсё дамовіліся. Але далейшае развіццё падзеяў робіць версію аб змове малапраўдападобнай.

Hавiны
У Кіеве сумняюцца, што Расея сапраўды размесціць ядравую зброю ў Беларусі
2023.04.02 09:24

Афіцыйны Пекін публічна не стаў крытыкаваць рашэнне Пуціна, але даў зразумець, што выступае супраць размяшчэння ў Беларусі ядравай зброі. 27 сакавіка МЗС КНР выказаў занепакоенасць рызыкай распаўсюду ядравай зброі і нагадаў пра сумесную дэкларацыю на гэты конт. 31 сакавіка намеснік пастаяннага прадстаўніка Кітаю ў ААН Гэн Шуан таксама заявіў, што Пекін супраць размяшчэння ядравай зброі за межамі дзяржаваў-уладальніц.

Гэтыя акуратныя заявы яшчэ можна было расцаніць як працяг папярэдняй рыторыкі КНР «за ўсё добрае, супраць усяго кепскага». Але потым рушылі ўслед дзеянні, якія выглядалі ўжо відавочным уколам у бок Крамля. У пачатку красавіка амбасадар КНР Фу Цун заявіў, што Пекін не падтрымлівае ўварванне Расеі ва Украіну, не прызнае анексію Крыму і іншых украінскіх рэгіёнаў, а таксама не збіраецца аказваць ваенную падтрымку РФ. Паводле дыпламата, заявы пра «бязмежнае сяброўства» між Кітаем і Расеяй – гэта проста рыторыка і памылкай будзе разглядаць візіт Сі Цзінь Піна ў Маскву як стварэнне антызаходняга блоку.

Паколькі Пекін пасля гэтага не стаў дэзавуяваць заявы свайго дыпламата (як гэта, напрыклад, было ў выпадку скандальнай заявы амбасадара КНР у Францыі наконт незалежнасці постсавецкіх краінаў), то можна меркаваць, што словы Фу Цуна цалкам адпавядалі лініі Пекіна.

Каментар
Роза Турарбекава: Кітай робіць сваю пазіцыю ў дачыненні Масквы больш жорсткаю
2023.04.06 00:07

Кітай спрабуе дамовіцца з Еўропай

Заявы Фу Цуна прагучалі незадоўга да важнага візіту ў Пекін старшыні Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен і прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. Галоўнай тэмай перамоваў была вайна ва Украіне: еўрапейскія палітыкі заклікалі Сі Цзінь Піна націснуць на Пуціна, каб спыніць агрэсію. Кітайскі лідар падчас сустрэчы на гэтыя заклікі ніяк не адрэагаваў і зноў ухіліўся ад асуджэнне расейскай агрэсіі. На падставе гэтага, заходнія медыі палічылі візіт няўдалым.

Падобна на тое, што перамовы ЕЗ-КНР былі для Пекіну больш прадуктыўнымі, чым візіт Сі ў Маскву. Паводле звестак «Bloomberg», Макрон пасля візіту ў КНР даручыў свайму дарадцу па вонкавай палітыцы Эманюэлю Бону прапрацаваць з кітайскім бокам стварэнне структуры, якая можа быць выкарыстана ў якасці асновы для будучых мірных перамоваў РФ і Украіны. Паралельна прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва заявіў, што абмяркоўваў з кітайскім лідарам магчымасць стварэння групы краінаў, якія не маюць дачыненне да вайны: яны павінны прымірыць Расею і Украіну. Сярод такіх краінаў да Сілва, у прыватнасці, называў КНР і Індыю.

Візіт у Пекін старшыні Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен і прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. 6 красавіка 2023 года.
Фота: Ludvic Marin / POOL / AFP / East News

На гэтым фоне нарэшце адбыліся тэлефонныя перамовы Сі Цзінь Піна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, да чаго Захад ужо даўно настойліва заклікаў Пекін. Гэта была першая размова паміж лідарамі дзвюх дзяржаваў пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. У выніку было абвешчана, што Кітай накіруе ва Украіну свайго спецпрадстаўніка Лі Хуэя для перамоваў па «урэгуляванню канфлікта», а Зяленскі прызначыў амбасадарам у КНР экс-міністра ў справе стратэгічных галінаў прамысловасці Паўла Рабікіна. Зяленскі падкрэсліў, што размова з Сі была «доўгай і змястоўнай», а таксама выразіў упэўненасць, што разам з прызначэннем пасла Украіны ў Кітаі гэта «дасць моцны штуршок развіццю двухбаковых адносінаў».

Размова Зяленскага і Сі адбылася 26 красавіка і ў той жа дзень дэлегацыя КНР падтрымала рэзалюцыю ААН, дзе згадвалася расейская агрэсія. Наўрад ці гэта было супадзеннем, як і той факт, што «за» рэзалюцыю таксама прагаласавалі іншыя ўплывовыя нейтралы – Індыя і Бразілія.

Вялікая гульня Сі

Падзеі апошніх тыдняў сведчаць пра тое, што мірны план Пекіну быў не проста фармальнай дэкларацыяй. Мяркуючы па ўсім, Сі Цзінь Пін надае гэтай ініцыятыве вялікае геапалітычнае значэнне і разлічвае такім чынам умацаваць пазіцыі Кітаю на міжнароднай арэне. З аднаго боку, Кітай хоча пашырыць свой аўтарытэт у нейтральных дзяржаваў глабальнага Поўдня, з іншага – аслабіць саюз Злучаных Штатаў і Еўразвязу. Вайна спрыяе максімальнаму кансалідаванню ЗША і ЕЗ на ўсіх міжнародных пытаннях, а кітайцы хочуць выбудоўваць дачыненні з Еўропай аўтаномна.

Каб да міратворчых намаганняў КНР у свеце ставіліся сур’ёзна, трэба дыстанцыявацца ад Крамля – нейтралітэт Пекіну не павінен выглядаць прарасейскім. Аднак праўкраінскім ён таксама не будзе. Мірны план КНР, па сутнасці, адстойвае роўныя правы бакоў у гэтым канфлікце. Кітайскія 12 пунктаў не прадугледжваюць абавязковага вызвалення акупаваных тэрыторыяў Украіны, што для афіцыйнага Кіева з’яўляецца прынцыповым пытаннем. Таму перспектывы мірнага ўрэгулявання пакуль выглядаюць вельмі туманна.

Каментар
Мэта Кітаю – не застацца сам-насам з Захадам
2023.03.23 12:59

Нягледзячы на пэўную змену танальнасці Пекіна, не варта разлічваць, што Сі Цзінь Пін цяпер пачне адкрыта крытыкаваць Пуціна або падтрымае патрабаванне Украіны аб вяртанні да межаў 1991 году. Кітай па-ранейшаму не хоча разгрому РФ і падзення аўтарытарнага пуцінскага рэжыму – у такім выпадку яны страцяць карыснага партнёра, які таксама імкнецца да зніжэння ўплыву ЗША ў сусветнай палітыцы. Перамога Украіны прывядзе да змены балансу сіл і дамінавання заходніх правілаў на міжнароднай арэне, што супярэчыць геапалітычным інтарэсам КНР. Аднак дапамагаць Пуціну перамагчы ў вайне і лабіяваць расейскія ўмовы міру Кітай таксама не плануе.

Дзеянні афіцыйнага Пекіну ў апошнія месяцы азначаюць, што Расеі не варта разлічваць на пашырэнне кітайскай падтрымкі. Пытанне аб пастаўках лятальнай зброі, імаверна, цалкам знятае з парадку дня. Падобна на тое, што цяпер кітайцы дасылаюць Крамлю сігнал: калі Расея мае намер упарціцца ў сваіх надмерных імперскіх амбіцыях і ісці па шляху эскалацыі, то ёй прыйдзецца разлічваць толькі на сябе.

Аналітыка
Місія Сі. Як Кітай можа паўплываць на канфлікт РФ і Украіны?
2023.03.17 18:36

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў