Расея страціла каля Бахмуту больш за 100 тысячаў байцоў


У панядзелак, 1 траўня, афіцыйны прадстаўнік адміністрацыі Байдэна Джон Кербі паведаміў, што Расея страціла ў баях каля ўкраінскага Бахмуту больш за 100 тысячаў чалавек і ўжо «вычарпала свае вайсковыя запасы і ўзброеныя сілы».

Украінскія артылерысты страляюць з 130-мм гарматы М-46 недалёка ад Бахмуту. Данецкая вобласць, Украіна. 15 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле амерыканскай выведкі, адзначыў Джон Кербі ў размове з рэпарцёрамі, пачынаючы са снежня 2022 года, страты расейцаў у жывой сіле склалі больш за 20 тысячаў забітымі і 80 тысячаў параненымі.

Са словаў прадстаўніка Белага дому, гэтая «ашаламляльная» лічба сігналізуе, што намаганні Масквы «мелі непрыемныя наступствы».

Таксама Джон Кербі згадаў, што «амаль палова» гэтых ахвяраў была байцамі ПВК Вагнэра. Гэта адбылося, на ягоную думку, праз мінімальную падрыхтоўку і дрэннае кіраўніцтва. Пры гэтым амерыканскі палітык назваў словы Яўгенія Прыгожына пра тое, што ягоная групоўка страціла ўсяго 94 чалавекі, «проста смехатворнымі сцвярджэннямі».

Кербі адзначыў таксама, што большасць намаганняў Расеі «застопарылася і зазнала няўдачу». Сведчыць пра гэта бітва за Бахмут, якая ўсё яшчэ трывае. Пры гэтым прадстаўнік Белага дому сказаў, што Расеі ўдалося дасягнуць некаторых поспехаў у гэтым горадзе, але яны маюць «вельмі невялікую стратэгічную каштоўнасць».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў