«Тут проста жах». У Адэсе ў выніку атакі дрона абвалілася частка шматпавярховіка


У ноч на 2 сакавіка з прычыны атакі расейскіх беспілотнікаў ва ўкраінскай Адэсе абвалілася частка шматпавярховіка. Вядома пра двух загінулых, але пад заваламі яшчэ могуць быць людзі.

Праца ратавальнікаў на месцы разбуранага дому ў Адэсе.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

«Чарговы тэрарыстычны напад на мірна спячы горад. Густанаселены раён. Тут проста жах. На месцы працуюць ратавальнікі, муніцыпальныя і аварыйныя службы. Вядуцца разборы завалаў», – заявіў мэр гораду Генадзь Труханаў.

Таксама пашкоджаны інжынерныя сеткі і кацельня, бліжэйшыя дамы адключаны ад ацяплення.

Праца ратавальнікаў на месцы разбуранага дому ў Адэсе.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

Кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер паведаміў, што адзін пад’езд разбураны дашчэнту.

Паводле звестак МУС, колькасць загінулых у Адэсе ўзрасла да двух, іх целы дасталі з-пад завалаў ратавальнікі ДСНС. Выратавальная аперацыя працягваецца, бо пад заваламі могуць быць людзі. На сувязь не выходзяць сем жыхароў шматпавярховіка. Вядома пра сем параненых асобаў, сярод іх – цяжарная жанчына і трохгадовае дзіця.

Праца псіхолага на месцы разбуранага дому ў Адэсе.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

Сілы абароны поўдня Украіны паведамілі, што знішчылі сем з васьмі расейскіх дронаў.

Яшчэ адна асоба загінула ад атакі дронаў на Харкаўшчыне. У пасёлку Вялікі Бурлук з-пад завалаў ва ўласным доме дасталі 76-гадовага мужчыну. У самім Харкаве ў выніку трапляння дронаў гарэлі два аўтамабілі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў