Прадстаўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінету Гарбунову ўзнагародзяць прэміяй Дзярждэпу


Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвясціў лаўрэатаў Міжнароднай прэміі «Жанчыны мужнасці» 2024 года. Цырымонію ўзнагароджання 4 сакавіка ў Белым доме правядуць дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі краіны Джыл Байдэн.

Вольга Гарбунова
Прадстаўніца ў сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Сярод лаўрэатаў сёлета – прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях сацыяльнай палітыкі Вольга Гарбунова.

«Вольга Гарбунова – беларуская праваабаронца, якая прысвяціла сваё жыццё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКI+ і іншых маргінальных груп у Беларусі. Пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года ў Беларусі спадарыня Гарбунова была зняволеная рэжымам Лукашэнкі пасля арганізацыі жаночых маршаў і ў вязніцы падверглася псіхалагічным катаванням з боку ўладаў і пагрозам смерці за дапамогу жанчынам, якія зазналі гвалт. Пасля вызвалення спадарыня Гарбунова збегла з Беларусі, баючыся працягу рэпрэсіяў, і ў выгнанні ў Літве далучылася да кабінета Святланы Ціханоўскай, лідаркі беларускага дэмакратычнага руху», – гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпу.

Hавiны
«Агнястрэльныя раненні, падпалы жывога чалавека». Вольга Гарбунова – пра хатні гвалт у Беларусі
2023.11.25 19:44

Таксама лаўрэатамі прэміі 2024 года сталі праваабаронца з Афганістану Бэнафша Якубі, адвакатка з Бангладэш Фаўзія Карым Фіразэ, феміністка з Босніі і Герцагавіны Айна Юсіч, бірманская адвакатка Мʼінцу Він, кубінская праваабаронцы Марта Бэатрыс Роке Кабэллё, эквадорская актывістка Фатыма Кароса, гамбійская праваабаронца Фату Балдэх, іранская праваабаронца Фарыба Балух, японская праваабаронца Рына Ганоі, мараканская праваабаронца Рабха Эль Хаймар, угандзійская журналістка Агатэр Атухаірэ.

Таксама ганаровая групавая ўзнагарода Мадлен Олбрайт прысуджаная нікарагуанскім актывісткам.

18-ы год прэмія дзяржсакратара ЗША «Жанчыны мужнасці» прысуджаецца жанчынам з усяго свету, якія прадэманстравалі «выключную мужнасць, моц і лідарства ў адстойванні міру, справядлівасці, правоў чалавека, гендарнай роўнасці і раўнапраўя, а таксама пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын і дзяўчынак ва ўсёй іх разнастайнасці – часта з вялікай рызыкай і самаахвяраваннем».

Інтэрв’ю
Вольга Гарбунова: «Маё прадстаўніцтва цікавіць пытанне, што рэжым хоча за вызваленне палітвязняў»
2023.05.21 07:09

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў