Брытанская выведка: Расея, імаверна, прыпыніла палёты А-50 у раёне лініі фронту


Выглядае, што Расея прыпыніла палёты самалётаў А-50, вядомых як «лятаючыя радары» уздоўж лініі фронту, паведамляе ў справаздачы брытанская выведка.

Самалёт А-50. Крыніца: war.telegraf.com.ua

Палёты не будуць адноўленыя, пакуль армія РФ вядзе ўнутранае расследаванне і высвятляе, чаму не атрымалася папярэдзіць страту чарговага самалёта, а таксама спрабуе знайсці спосаб супрацьстаяць украінскімі сілам СПА.

«Страта рэсурсу, які забяспечвае штодзённае камандаванне і кантроль над расейскімі дзеяннямі ў паветры, з высокай ступенню верагоднасці падрывае сітуатыўную абазнанасць экіпажаў самалёту», – гаворыцца ў паведамленні выведкі.

Расейская армія можа паспрабаваць пераабсталяваць іншыя самалёты ці вярнуць на службу раней закансерваваныя барты, каб кампенсаваць недахоп каштоўных А-50, кажуць брытанскія выведнікі.

23 лютага стала вядома, што быў збіты другі расейскі самалёт радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. Мінулы раз А-50 збілі над Азоўскім морам 14 студзеня 2024 года. У лютым 2023 года яшчэ адзін з такіх самалётаў быў пашкоджаны на аэрадроме ў Мачулішчах у Беларусі.

Hавiны
Украіна зноў збіла расейскі «лятучы радар» А-50. Мінулы збілі месяц таму, засталося 4 ці 5
2024.02.23 21:47

Знішчэнне ўкраінскай СПА гэтых самалётаў – сур’ёзная страта для Расеі, бо яны ўяўляюць сабой мадэрнізаваны лятаючы радар, які добра бачыць на вялікай адлегласці нізкалётныя і малапрыкметныя мэты. Брытанская выведка мяркуе, што ў лётным стане Расея мае менш за 10 самалётаў А-50, аднак дакладных звестак у адкрытым доступе няма.

Паводле даведніка Military Balance 2022, перад уварваннем ва Украіну ў лютым 2022 года, у Расеі было тры А-50 і шэсць А-50У (мадэрнізаваны варыянт). Пасля страты двух такіх самалётаў у Расеі будзе яшчэ менш магчымасцяў кантраляваць паветраную прастору над лініяй фронту і ва ўкраінскім тылу, што ў тым ліку аблегчыць і дзеянні ўкраінскай авіяцыі, паведамляў карэспандэнт ВВС.

Агляд
ЗСУ абараняюцца па ўсёй лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?
2024.03.01 17:51

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў