ЗСУ абараняюцца па ўсёй лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 737-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец 93-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ рыхтуе разведвальны беспілотнік «Фурыя» перад аблётам расейскіх пазіцый. Данецкая вобласць, Украіна. 29 лютага 2024 года.
Фота: Inna Varenytsia / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці цягам апошніх содняў назіраецца адноснае зацішша: У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра дзве атакі праціўніка ў ваколіцах сёлаў Петрапаўлаўка і Табаеўка. Паўсюль сілы абароны Украіны ўтрымалі свае пазіцыі.

Больш актыўныя наступальныя дзеянні расейскіх вайскоўцаў фіксуюцца на суседнім ліманскім кірунку, дзе яны прынамсі 12 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Церны і Ямпалаўка на поўначы Данецкай вобласці (так званы торскі выступ) і каля Белагораўкі на Луганшчыне. Зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што ў Белагораўцы баі ідуць у катакомбах на тэрыторыі прамысловай зоны, страта якой будзе азначаць страту самога населенага пункту, які знаходзіцца ў нізіне.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Тут найбольш складаная для ЗСУ сітуацыя фіксуецца ў сяле Іванаўскае (на паўднёвым захадзе ад Бахмуту).

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што большая частка населенага пункту застаецца за ўкраінцамі, між тым на ўсходзе і паўночным усходзе сітуацыя дынамічная, што тлумачыцца асаблівасцямі мясцовасці. З поўначы войскі РФ намагаюцца перарэзаць галоўную дарогу, якая забяспечвае лагістыку гарнізону ЗСУ.

Таксама паведамляецца, што расейцы маюць вялізную перавагу ў цяжкай тэхніцы, якая ідзе з боку Бахмуту.

Акрамя гэтага вядома пра няўдалыя спробы УС РФ прасунуцца на поўначы суседняга сяла Клішчыеўка (на поўдні ад Бахмуту).

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні ідуць на захадзе ад раней занятага расейцамі аднайменнага гораду. У Генштабе ЗСУ паведамілі, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 25 атак праціўніка каля населеных пунктаў Бэрдычы, Арлоўка, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ выбілі праціўніка з Танэнькага і ўсталявалі кантроль на Арлоўкай. Акрамя гэтага яны расшырылі зону кантролю каля Невельскага, а таксама прасунуліся ў ваколіцах Первамайскага.

Між тым Міністэрства абароны РФ пакуль не пацвярджае поспехі ў Танэнькім і Арлоўцы.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што ЗСУ пакуль удаецца выбіваць з Бэрдычаў праціўніка, які наступае з поўдня сяла.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на поўдні Данецкай вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ наступалі ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка, дзе ЗСУ адбілі прынамсі 30 атак за содні.

Пегаў фіксуе актыўнасць і на так званым урэмеўскім выступе, дзе УС РФ атакавалі каля сяла Ураджайнае. Пры гэтым у ваколіцах Новаданецкага ідуць сустрэчныя баі. Пра змены лініі фронту не паведамляецца.

Запарожскі і херсонскі кірункі (лінія фронту ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў каля сёлаў Вэрбовае і Работына.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Дневник Десантника» піша, што Работына фактычна знаходзіцца ў так званай шэрай зоне, хоць абодва бакі перыядычна і спрабуюць замацавацца ў ім, але ў сяле амаль не засталося цэлых будынкаў. Крыніца дадае, што на гэтым участку ЗСУ маюць перавагу ва ўдарных БпЛА, але пры гэтым яны даволі рэдка выкарыстоўваюць артылерыю, што ўказвае на дэфіцыт боепрыпасаў.

У Херсонскай вобласці баі ідуць на левым беразе Дняпра, дзе ўкраінцы ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Пры гэтым па-ранейшаму найбольш складаным для ЗСУ ўчасткам з’яўляюцца пазіцыі ў сяле Крынкі, якія праціўнік штурмуе амаль штодня. Пакуль сілам абароны ўдаецца іх ўтрымліваць.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў