«Буслік», «Востраў чысціні», «Алмі». Што адбываецца з папулярнымі крамамі ў Беларусі


Калі вы набывалі якаснае дзіцячае адзенне за прымальны кошт, то не маглі не заўважыць закрыцця пунктаў некалі папулярнай сеткі крамаў «Буслік». Сапраўды, іх колькасць на працягу некалькіх месяцаў працягвае скарачацца. І праблемы апошнім часам з’явіліся не толькі ў іх. Разбіраемся, што адбываецца з папулярнымі крамамі ў Беларусі і што сёння прапануюць набываць беларусам. 

Даведка
Даведка. Першая крама дзіцячых тавараў «Буслік» адкрылася ў 2006 годзе. Інтэрнэт-крама была зарэгістраваная ў 2015 годзе. У 2018-м «Буслік» меў 46 крамаў, 17 з іх у Менску. У студзені 2024-га іх засталося ўсяго 14. Пяць з іх у Менску, а ў тым жа Берасці няма ніводнай. Па адной краме ёсць у Магілёве, Гомлі, Горадні, Пінску, дзве – у Віцебску.

За крок да банкруцтва

На пачатку завіталі ў краму. «Буслік» спецыялізуецца на продажы адзення для дзяцей ад нараджэння да 12 гадоў, тавараў для догляду, дзіцячага харчавання, тавараў для школы і творчасці, цацак і гульняў.

Што адразу кідаецца ў вочы – пустэча. Там, дзе раней вісела каляровая вопратка, цяпер – пустыя вешалкі і стэлажы. Засталося яшчэ крыху адзення для зусім малых дзяцей на ўзрост 1–3 гады. На паліцах знаходзім некалькі хлапчуковых куртачак і джэмпераў. Для дзяўчатак выбару няма наагул.

Пакупнікоў зусім няшмат. Вось жанчына гадоў 35 ідзе каля пустых стэлажоў і трымае ў руцэ некалькі вешалак з адзеннем – пэўна, збірае рэшткі. Каля сцяны стаіць запоўненая адзеннем і заклееная вялікая скрыня, на якой напісана «Зімовыя курткі». Побач праходзіць крыху разгублены мужчына з дзяўчынкаю гадоў 12.

Крама дзіцячых тавараў «Буслік».
Фота: expobel.by

У аддзеле цацак карціна больш вясёлая. Ёсць і пазлы, і канструктары, і розныя лялькі. З дзіцячым харчаваннем на першы погляд таксама някепска, але, мяркуючы з даты вырабу, гэта яшчэ старыя партыі.

Трапіўшы сюды, ствараецца ўражанне, што крама зачыняецца і проста распрадае рэшткі тавару. Прадаўніца за касай адказвае на гэта ўнікліва: пакуль працуем. Разам з тым з 17 студзеня кампанія прыпыніла сваю бонусную праграму.

Што здарылася

Праблемы ў «Бусліка» пачаліся ў кастрычніку 2023 года. Польская кампанія «CDRL» (брэнд «Coccodrillo»), якая яшчэ ў 2018-мг набыла беларускую кампанію «ДПМ», уладальніка «Бусліка», паведаміла пра фінансавыя праблемы сваёй беларускай дачкі. Паводле польскай кампаніі, «ДПМ» павінна была за 10 дзён пагасіць валютны крэдыт беларускага «Альфа Банку» памерам каля $ 3,95 млн, займеўшы права скіраваць спагнанне на маёмасць беларускай юрыдычнай асобы.

Падставаю для неадкладнага пагашэння крэдыту сталася нібыта тое, што банк угледзеў прыкметы неплацежаздольнасці ў дзейнасці «Бусліка», а таксама змяншэнне кошту закладу кампаніі ў звязку з недастатковаю колькасцю тавараў у абароце, якія забяспечваюць крэдыт.

Даведка
Даведка. Паводле справаздачнасці «CDRL», выручка «Бусліка» ў офлайн-продажы за 9 месяцаў 2023 года ўпала на 17,9 % у параўнанні з 2022-м (і склала 69,01 млн злотых у эквіваленце), у онлайн-краме продажы ўпалі на 44,5 % (і склалі 3,02 млн злотых).

Самастойна пагасіць такую суму на працягу 10 дзён уладальнік «Бусліка» не здолеў, як і своечасова разлічыцца з польскаю мацярынскаю структураю за пастаўленыя тавары. Каб справіцца з цяжкаю сітуацыяй, кіраўніцтва «ДПМ» скіравала ў Менскі гарвыканкам заяву пра перадухіленне эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтва. Для нармалізацыі фінансавага стану прапаноўвалася ўвесці арэндныя вакацыі, перагледзець умовы крэдытнай лініі ды павялічыць гандлёвую нацэнку.

Рэтэйлер «CDRL» у сваю чаргу пастанавіў спісаць кошт акцыяў «ДПМ» на Br 41,3 млн і пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць сеткі памерам 1,7 млн злотых (больш за $ 400 тысячаў). Пасля гэтага польскі інвестар аб’явіў аб прыпыненні далейшых паставак тавараў у Беларусь. Гэта адразу ж заўважылі беларускія пакупнікі. У заяве кампаніі таксама адзначаецца «бягучая палітычная сітуацыя ў Беларусі, якая праяўляецца ў значным уплыве ўладаў на фармаванне гандлёвых стасункаў і эканамічным становішчы даччынага таварыства». Пазней кампанія «CDRL» прызнала страту кантролю над «ДПМ».

Нацыяналізацыя па-беларуску?

22 студзеня з’явілася інфармацыя, што сетку супермаркетаў «Буслік» плануюць трансфармаваць. Брэнд захаваюць, а ў крамах будуць прадаваць беларускія тавары і адзенне для дзяцей. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў заявіў, што цяпер работа ў гэтым кірунку ідзе з беларускім уласнікам сеткі.

Праблемы не толькі ў «Бусліка»

У прыкладна гэты ж час – восень 2023 года – праблемы ўзніклі яшчэ ў адной буйной гандлёвай сетцы «Востраў чысціні». Міністэрства антыманапольнага рэгулявання аштрафавала сетку за павышаныя цэны. Сума штрафу была параўнальна невялікая – Br 16 тысячаў, кампанія пагасіла яго адразу. Прычынаю сталіся нібыта звароты неабыякавых грамадзянаў, якія ўгледзелі ў крамах сеткі высокія цэны на дзіцячыя харчы і крупы. У верасні з’явілася інфармацыя, што ў офісе сеткі прайшлі ператрусы.

Крама побытавай хіміі «Востраў чысціні». Крыніца: yandex.by

Кампанія «Ромакс», якая кіруе «Востравам чысціні і смаку» ды «Востравам здароўя», сутыкнулася з фінансавымі цяжкасцямі. У гандлёвых пунктах заўважна паменела тавараў: знікалі то алкаголь, то побытавая хімія. А некаторыя крамы наагул пазачыняліся.

У пачатку 2024 года дастаўцы закідалі сетку судовымі пазовамі. Частку даўгоў уладальнікі здолелі пагасіць. І хоць з уладальнікаў дыскаўнтараў працягваюць выбіваць пазыкі праз суд, кампанія заявіла, што аднаўляе дастаўку тавараў у Менску і некаторых сумежных мясцовасцях.

«Востраў чысціні» – адзін з двух найбуйнейшых гандляроў побытавай хіміяй у Беларусі. У сегменце гандлю хіміяй ён саступае толькі «Міле». З часам уладальнікі пашырылі прапанову тавараў і сталі «Востравам чысціні і смаку», а таксама запусцілі сетку са 100 аптэк «Востраў здароўя».

Асноўныя ўладальнікі кампаніі «Ромакс» – сям’я Віктара Рамука. У Беларусі «Ромакс» працуе з 1998 года, але сетка ўласных крамаў «Востраў чысціні» пачала развівацца ў 2010-м.  Віктара Рамука разам з жонкай арыштоўвалі ўвосень 2022-га. Некаторы час Віктар Рамук правёў у СІЗА і выйшаў, пагадзіўшыся выплаціць налічаныя штрафы. Ходзяць чуткі, што багаты выкуп за гаспадара моцна адбіўся на фінансавым стане кампаніі.

Рынак рэтэйлу працягвае ліхаманіць

Днямі стала вядома, што ў Беларусі закрыецца частка крамаў «Алмі». Знаная гандлёвая сетка ў Беларусі трансфармуе свой бізнес, бо «расейскі ўласнік мяняе стратэгію». Частку крамаў мае намер захаваць. Там, дзе сітуацыя горшая, гандлёвыя пляцоўкі будуць здаваць у арэнду. У МАРГ прызнаюць: прычына – у коштавым рэгуляванні, які моцна адбіўся на гандлі.

Агляд
Ад голаду не памром, але выбар памяншаецца. Паглядзелі, што змянілася ў крамах ад рэгулявання коштаў
2022.11.22 07:10

Першую краму «Алмі» адкрыў у 2005 годзе нарадзінец Пінску Аляксандр Зарыбка. Спачатку гандлёвыя аб’екты пад гэтаю назваю працавалі ў Беларусі і ў Расеі. У 2016-м Зарыбка прадаў усе крамы ў РФ. На сёння «Алмі» – гэта каля 40 гандлёвых абʼектаў па ўсёй краіне. На сайце кампаніі паведамляецца, што крамы ёсць ува ўсіх рэгіёнах Беларусі, а «ў чатырох з шасці вобласцяў назіраецца высокая лаяльнасць да брэнду».

Расея і Кітай наступаюць

Ізноў ідзём у крамы, гэтым разам паглядзець, што прапануюць набываць беларусам. У крамах з дзіцячым адзеннем знаходзім шмат тавараў з Расеі і Кітаю. Вельмі танныя майкі з Бангладэшу ці дзіцячыя курткі расейскай вытворчасці ад 45 рублёў. Дзіцячая касметыка, крэмы, шампуні, зубныя шчоткі і пасты, харчы – таксама расейскія. Ёсць і беларускае, але нават паводле раскладкі ў гандлёвых шэрагах беларускага вытворцу трэба яшчэ пашукаць. У краме з таварамі для немаўлятаў практычна ўсё – з Кыргызстану і Расеі. Турэцкае, бадай, можна знайсці хіба што на рынках. Пра якасць можна спрачацца, але не мае сэнсу – у беларусаў цяпер асабліва няма выбару.

У аддзеле побытавай хіміі гэтак сама – запар і побач расейскае. Бачым тут тую ж фішку з раскладкаю: тавары беларускай вытворчасці ад «Вітэксу», «Беліты» і «Модуму» – у самым нізе. Расейскае – на ўзроўні вачэй. На чатырох паліцах знаходзім расейскую туалетную паперу, і толькі ў самым нізе – беларускую. Цікава, але і ў прадуктовых крамах тавары расейскай вытворчасці, так выглядае, у прыярытэце паводле раскладкі. Не кажучы пра тое, што менавіта расейскія прадукты часцей за ўсё можна набыць на акцыях і зніжках.

Гэтак, сёння беларускія крамы ўсё больш нагадваюць расейскія ці кітайскія. Замежных інвестараў выціскаюць, як у гісторыі з «Буслікам». Але ці зоймуць іх месца беларускія вытворцы?

Аналітыка
Сілавікі супраць гандлю. Хто ў беларускім рытэйле правініўся, «зажэрся» і «страх згубіў»
2023.03.02 07:08

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў