Украіна заклікала Грузію перадаць ёй свайго грамадзяніна Міхэіла Саакашвілі. У заяве МЗС гаворыцца, што ўлада ў Тбілісі «ўжывае псіхалагічны і фізічны гвалт» у дачыненні палітыка.
Міністэрства замежных справаў Украіны выказала «рашучы пратэст у сувязі з нялюдскім абыходжаннем з украінскім грамадзянінам Міхэілам Саакашвілі». У заяве ведамства адзначаецца, што грубае парушэнне правоў асобы ў дачыненні палітыка «сведчыць аб краху дэмакратыі ў Грузіі».
«У найгоршых традыцыях НКВД СССР улады Грузіі ўжываюць псіхалагічны і фізічны гвалт у дачыненні Міхэіла Саакашвілі, адмаўляюць яму ў тэрміновай медычнай дапамозе, наўмысна ствараюць непасрэдную пагрозу ягонаму жыццю».
У Кіеве заклікалі перадаць ім свайго грамадзяніна. «Не гуляйце з жыццём асобы дзеля палітычнай помсты», – гаворыцца ў заяве МЗС Украіны.
Міхэіл Саакашвілі – колішні прэзідэнт Грузіі і кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі. Украінскае грамадзянства атрымаў у 2015 годзе.
Яго затрымалі ў кастрычніку 2021 года, калі ён вярнуўся ў Грузію напярэдадні мясцовых выбараў. На той момант там вынеслі супраць Саакашвілі некалькі завочных прысудаў.
Падчас судовага пасяджэння праз відэасувязь палітык паказаў, у якім ён фізічным стане. Цяпер Саакашвілі ў тбіліскай больніцы.
Сяргей Крот belsat.eu