«Я веру ў сілу напісанага». Як беларуска дапамагае лістам трапіць у Беларусь да палітвязняў


«Чакай мяне, чакай столькі, колькі будзе патрэбна», – спявае ў альбоме «Лісты палітвязням» Лявон Вольскі. Лісты – гэта форма чакання, кажа нам беларуска Кацярына, якая ў Варшаве робіць працу ледзь не цэлага аддзялення «Белпошты» – знаходзіць лістаношаў, якія перавозяць карэспандэнцыю ў Беларусь. Гэта вельмі важнае звяно на доўгай дарозе лістоў і паштовак да людзей у няволі.

Лісты палітвязням.
Фота: чытачы «Белсату»

«Ідэя не новая, але мне падказала яе актывістка і былая палітзняволеная Іна Шырокая. Раней, яшчэ ў 2021 годзе, жывыя – папяровыя – лісты даходзілі з Польшчы і праз міжнародную пошту. Мы нават атрымлівалі адказы з Беларусі. Але час змяняецца, умовы становяцца больш жорсткімі. Каб павялічыць імавернасць таго, што ліст трапіць да адрасата, беластоцкія актывісты пачалі іх перапраўляць у Беларусь уручную – праз кур’ераў. Мы ў Варшаве таксама пачалі так рабіць», – распавядае Кацярына.

Больш шанцаў, больш надзеі

Дарога такая: аўтар ліста перадае яго Кацярыне, яна – актывістам у Беласток, далей пасланне трапляе да людзей, якія выконваюць ролю свайго кшталту паштовых галубоў (ці анёлаў) – перавозяць лісты ў Беларусь. Там купляюць ды наклейваюць на канверты маркі і апускаюць іх у паштовыя скрыні. Далейшы шлях – па-за кантролем.

Трохі ўжо нагадвае сюжэт з антыўтопіі Віктара Марціновіча «Мова», што праўда, лісты і паштоўкі ў Беларусі не прызнаныя, дзякуй Богу, наркатычным рэчывам (як беларуская мова ў сюжэце згаданага раману) ці кантрабандай.

Але ў сённяшняй сітуацыі нават транспартаванне віншавальных паштовак не гарантуе поўнай бяспекі. Таму прафесійных курʼераў не існуе. У ролі лістаношаў – звычайныя людзі, якія з гледзішча бяспекі бяруць з сабой толькі некалькі лістоў ці нават адзін. Стосаў ніхто не перавозіць. Гэта было б вельмі рызыкоўна, зазначае Кацярына.

«Зразумела, што гэта толькі адзін са спосабаў даставіць ліст у Беларусь.

Зазначу, што гэтак выходзіць танней, чым перасылаць адсюль поштай. Бо тут толькі на марку трэба аддаць 8 злотых. У Беларусі ж яна будзе каштаваць усяго 80 капеек. Але пытанне, вядома, не ў грошах, а ў тым, што падвышаюцца шанцы таго, што ліст дойдзе куды трэба. Я б сказала, такі спосаб дае больш надзеі», – адзначае нашая суразмоўца.

Ліст за краты – больш чым ліст

Праз рукі Кацярыны цягам года прайшлі сотні лістоў, адрасаваных за краты ў Беларусь. І лісты да сваякоў, якія застаюцца ў зняволенні, і лісты салідарнасці – да незнаёмых палітвязняў. Шмат якія без зваротнага адрасу ці з так званым дзяжурным адрасам для вяртання. Звычайныя і заказныя. Лісты і паштоўкі. У перадкалядны перыяд іх было вельмі шмат, зазначае Кацярына.

Яна ўдакладняе, што не заўсёды перадае карэспандэнцыю праз Беласток. Калі знаходзяцца лістаношы, лісты ляцяць проста з Варшавы («І ўзляціць над зямлёй белы птах», – пяе Лявон Вольскі).

«У паштоўках усе зычаць здароўя і найхутчэйшага вызвалення. А яшчэ – сілаў вытрымаць гэта ўсё», – гаворыць Кацярына.

Яна сама піша лісты палітвязням ад рукі. Часцей за ўсё выбірае на сайце «Dissidentby» ў якасці адрасатаў тых людзей, якім мала хто піша. Распавядае ім пра нейкія простыя рэчы, якія адбываюцца вакол яе. Распавядае пра сябе. Але вельмі асцярожна, бо паміж ёй і патэнцыйным атрымальнікам стаіць прывід турэмнага цэнзара.

«Таму, вядома, гэта цяжка – пісаць такія лісты. Яны не вельмі змястоўныя, у іх зашмат агульных фразаў. Але я лічу, што тут важны не змест, а сам факт. Гэта як з падарункам на святы: ён можа быць недарагім, але як знак увагі не мае цаны для чалавека», – гаворыць жанчына.

«Зважаючы на тое, у якіх умовах сацыяльнай дэпрывацыі ўтрымліваюцца цяпер палітвязні, кожны такі знак звонку мае велізарнае значэнне. Гэта тут, на волі, мы ўспрымаем ліст як спісаны лісток паперы, а там гэта нешта куды большае. Штосьці, што вызначае нават чалавечыя лёсы», – дадае Кацярына.

Напісаныя ад рукі словы мацнейшыя за прамоўленыя

У Беларусі Кацярына працавала масажысткай і, як прызнаецца, да 2020 года жыла звычайным жыццём – сямʼя ды прафесія. У 2020-м гэтага было ўжо мала. «Жыццё запатрабавала ад мяне большага», – кажа жанчына.

Яна актыўна падтрымлівала палітвязняў яшчэ ў Беларусі. Але ў 2021 годзе вымушаная была выехаць з краіны. У Польшчы Кацярына супрацоўнічала з рознымі ініцыятывамі, а цяпер сама спрабуе рабіць важную грамадскую справу.

Калядная паштоўка і ліст палітвязню за краты.
Фота: Белсат

«У побытавым разуменні ліст – гэта заўжды нешта цёплае, бо лістамі зазвычай абменьваліся блізкія людзі. У дачыненні ж палітвязняў гэта, мне здаецца, адзін з найважнейшых спосабаў выказвання нашай салідарнасці.

Я веру ў сілу напісанага. Гэта мацней за проста падуманае ці прамоўленае. Напісаць – гэта ж патрабуе энергіі душы. Шмат хто аддае гэтую сілу і энергію на сацсеткі, марнуе на бульбаспрэчкі. Калі б укладалі ў лісты – было б нашмат прадуктыўней», – лічыць Кацярына.

Папяровыя лісты патрабуюць іншага ўзроўню культуры, заўважае беларуска.

Кінутая ў мора бутэлька?

Яна ўпэўненая: інфармацыя пра тое, што нашыя лісты не даходзяць да палітвязняў, не павінна нас знеахвочваць.

«Трэба ўсё адно пісаць! Дарэмна? Той, хто цярпіць катастрофу, кідае бутэльку з цыдулкай у мора. А дзеці пішуць лісты да Бога. Таксама дарэмна, скажаце? Не! У нас тое ж самае цяпер. Хай гэта будзе адзін ліст на тыдзень. Ці нават на месяц. Бо тады атрымаецца аж 12 за год. Ага, як у Лявона Вольскага! Гэта ўжо нямала», – пераконвае Кацярына.

Варшаўвская акцыя салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі
Беларусы ў Варшаве пішуць лісты палітвязням. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Нават калі з гэтых лістоў наглядчыкі распальваюць вогнішчы ва ўнутраных турэмных дворыках – усё адно трэба пісаць, перакананая Кацярына. Спаліць усё не здолеюць. Штосьці прабʼецца.

Шмат якія беларусы ў Варшаве ўжо ведаюць, што лісты ў Беларусь можна перасылаць праз Кацярыну (у рэдакцыі ёсць ейны кантакт). Лісты палітвязням можна таксама пакідаць для Кацярыны ў адмысловай скрыні ў прасторы «Робім разам» на плошчы Канстытуцыі, 6 у Варшаве. А ў Беластоку – звязвацца з прадстаўнікамі Асацыяцыі палітвязняў Беларусі.

«Дык адшукай мяне – і паляцім над шэрай зямлёй. У гэтай камеры, сыходзячы, пагасім святло…» – пяе Вольскі ў сваім лісце-песні, што называецца «Надзея».

Як яшчэ можна павіншаваць палітвязняў са святамі?

  • Напісаць ліст на сайце «Dissidentby». Зразумела, што ініцыятыва, з увагі на цяперашнія ўмовы і ўзровень рэпрэсіяў, не гарантуе ўручэння ліста паводле прызначэння. Але дасланы ліст будзе захоўвацца на сайце да запатрабавання адрасатам (ліст, напісаны ад рукі, можна заладаваць і ў банк лістоў на сайце). То бок вашае пасланне рана ці позна прачытаюць. Яго таксама можна апублікаваць на сайце.
  • Скарыстацца формай Майстэрні паштовак салідарнасці. Ваш ліст ці паштоўка будуць перапісаныя ад рукі валанцёрамі гэтай ініцыятывы і дасланыя на пазначаны адрас.
  • Даслаць палітвязню ліст праз праект politzek.me. Ліст універсальнага характару можна адправіць з сэрвісу адразу некалькім палітзняволеным.
  • Адправіць паштоўку ці напісаць ліст пры дапамозе праекту Письмо.бел. На сайце шмат прыгожых паштовак, палітвязню можна даслаць таксама пусты канверт для ліста ў адказ. Напісаць, выбраць паштоўку і аплаціць дастаўку. Лісты адпраўляюцца ў раздрукаваным выглядзе праз «Белпошту».
  • Яшчэ адзін спосаб, які рэкамендуюць праваабаронцы, – дасылаць палітвязням віншавальныя тэлеграмы. Але з-за мяжы гэтага не зробіш. Толькі з аддзялення «Белпошты» ці праз тэлефон 166.

Грашовы перавод у калонію могуць зрабіць толькі сваякі палітвязня. У СІЗА – любы чалавек, але толькі з тэрыторыі Беларусі.

У гэты час, калі святло пачынае нарастаць, а цемрадзь – курчыцца, вельмі важна падтрымаць людзей у няволі. Даць ім знак надзеі і сілы. Даць ім знаць, што мы іх чакаем (бо «лісты – гэта форма чакання») і што святло абавязкова пераможа. Яно ўжо перамагае…

Агляд
Бяляцкі, Бахарэвіч, Някляеў, Янкута… Выбралі дзесяць беларускіх кніжак 2023 года
2023.12.28 07:13

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў