У Горадні знік памятны знак паўстанцам-1863. Спачатку фізічна, потым з памяці чыноўнікаў


Памятны знак у гонар паўстання 1863–64 гадоў стаяў каля гарадзенскага вакзалу 30 гадоў, але летам 2023-га знік, а замест яго з’явілася табліца ў памяць пра савецкіх падпольшчыкаў. Telegram-канал «Спадчына» расказаў, як чыноўнікі рабілі выгляд, што ніякага знаку і не было.

Замест памятнага знаку ў гонар паўстання Кастуся Каліноўскага з’явілася табліца ў памяць  пра савецкіх чыгуначнікаў-падпольшчыкаў.
Фота: Hrodna 1127 / Telagram

Замена аднаго памятнага знаку на іншы абурыла некаторых гарадзенцаў – пад петыцыяй з просьбай патлумачыць, куды знік стары, сабралі 72 подпісы. У петыцыі расказвалі, што знак паставілі на падставе рашэння гарадскога савету дэпутатаў 1993 года ў памяць аб эпізодзе паўстання Кастуся Каліноўскага. Сотня гарадзенцаў, якія хацелі далучыцца да паўстання, 14 сакавіка 1863 года спрабавалі захапіць цягнік і з’ехаць у Парэчча, але ў мітусні лакаматыў адчапіўся ад вагонаў, у якіх засталася большасць паўстанцаў (да Парэчча дабраліся 7 ці 8 паўстанцаў). За спробу сагнаць цягнік царскія ўлады арыштавалі 73 чалавекі, 25 асобаў саслалі ў Сібір.

Намесніца старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Зоя Кулеша спачатку адказала, што ейнае ведамства не мае звестак аб тым, што знак «з’яўляецца творам дэкаратыўна-манументальнага мастацтва». Калі актывісты паказалі доказы, што з’яўляецца, Кулеша адказала, што Гарвыканкам «не мае звестак аб аб’екце, які згадваўся ў звароце».

Але Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі (да якога адносіцца вакзал у Горадні) у адказе на зварот «здало» чыноўнікаў: адказала, што знак дэмантавалі 11 ліпеня супрацоўнікі ўнітарнага прадпрыемства «Гарадзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка», якое падпарадкоўваецца Гарадзенскаму гарвыканкаму.

Ды тое прадпрыемства на зварот пра памятны знак адказала, што «адсутнічае інфармацыя аб аб’екце», які яно і дэмантавала.

Чытачы Telegram-каналу «Hrodna 11:27» расказалі, што да замены памятнага знаку магла быць датычная скандальная праўладная актывістка Вольга Бондарава, якая раней выступала супраць помніку Ларысе Геніюш, крыжа ў памяць аб святару Вінцэнту Гадлеўскім, кветак на вайсковых могілках у Горадні, іконаў, беларускай лацінкі, валошак, Гэлаўіну і гэтак далей.

Разбор
Пад абцасам: як гарадзенская інфаспецназаўка стала гаспадыняй цэлага рэгіёну
2023.02.26 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў