Як у Дагестане караюць пагромшчыкаў аэрапорту: 15 арыштавалі, два на папраўчых працах


Вечарам 29 кастрычніка антысеміцкая акцыя ў Махачкале перарасла ў пагром аэрапорту. Пагромшчыкам пагражалі крымінальнай адказнасцю і казалі, што ўсіх апазнаюць. Але на трэці дзень па пагроме да адказнасці прыцягнулі не так і шмат людзей. 

Пагром у аэрапорце Махачкалы
Пагром у аэрапорце Махачкалы. Дагестан, Расея. 29 кастрычніка 2023 года. Скрыншот: Утро Дагестан / Telegram

Здарэнне ў Махачкале, што ў Рэспубліцы Дагестан у складзе Расейскай Федэрацыі, было працягам шэрагу антысеміцкіх акцыяў на Паўночным Каўказе. Нагодай стаў распаўсюд чутак аб тым, што самалёт, які прылятае з Тэль-Авіву, «поўны габрэяў» – а на ранейшых акцыях заклікалі «высяляць габрэяў». Выглядае, што этнічных габрэяў і грамадзянаў Ізраілю пагромшчыкі не знайшлі, але нанеслі шкоду самому аэрапорту, а ў бойках былі сур’ёзна траўмаваныя тры паліцыянты і адзін цывільны (агулам пацярпелі 20 чалавек, чуткі аб загінулых зняпраўдзілі).

З кадраў здарэння відавочна, што ў пагроме відавочна ўдзельнічала не адна сотня чалавек, дзясяткі кідалі камяні ў паліцыю. Міністэрства ўнутраных справаў Расеі расказвала, што распачалі крымінальную справу аб «Масавых беспарадках», а кіраўнік Дагестану казаў, што «ад адказнасці не мусіць сысці ніхто».

У прэс-службе Вярхоўнага суду Дагестану расказалі, што станам на 1 лістапада 15 чалавек пакаралі адміністратыўным арыштам, яшчэ двум «па стане здароўя» прызначылі па 60 гадзінаў папраўчых працаў. Прынамсі ў 10 справах фігураваў адміністратыўны артыкул за «Несанкцыянаваны сход». Агулам жа паведамлялася пра 80 затрыманых.

Расейская прапаганда і расейскія ўлады, у тым ліку асабіста Уладзімір Пуцін, усклалі адказнасць за пагром у Дагестане на Украіну і «заходнія спецслужбы». Па словах Пуціна, «Кіеў пад кіраўніцтвам заходніх заступнікаў спрабуе інспіраваць пагромы ў Расеі», бо ва ўладзе ва Украіне нібыта прыхільнікі нацыстаў. Аб адказнасці саміх пагромшчыкаў Пуцін не казаў.

Агляд
Пагром аэрапорту ў Дагестане і антысеміцкія акцыі ў Расеі. Што трэба ведаць
2023.10.30 16:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў