Вячаслаў Сіўчык: Вяртанню Дзядоў – 35 гадоў, але шлях яшчэ не завершаны


Сёлета спаўняецца 35 гадоў, як Дзяды вярнуліся ў нашую культурную і палітычную прастору. 1 лістапада 1987 года літаратары менскай суполкі «Тутэйшыя» правялі першае публічнае святкаванне Дзядоў. Як гэта было і чаму Дзяды варта святкаваць сёння, паразмаўлялі з Вячаславам Сіўчыкам, адным з ветэранаў беларускай апазіцыі.

Першыя Дзяды ў Менску былі зарганізаваныя моладзевым аб’яднаннем «Талака» і Таварыствам маладых літаратараў «Тутэйшыя». 1 лістапада 1987 года.
Фота: Мікола Крывальцэвіч / vytoki.net

– Хто быў ініцыятарам святкавання Дзядоў у 1987 годзе?

– Першае публічнае святкаванне Дзядоў у Менску 35 гадоў таму звязанае з імёнамі зусім тады маладых беларускіх пісьменнікаў і мастакоў. Найперш Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, які быў кіраўніком літаратурнай суполкі «Тутэйшыя», а цяпер ён за кратамі. Абавязкова хачу згадаць светлай памяці Анатоля Сыса, выбітнага беларускага паэта. Да той падзеі спрычыніліся яшчэ два цяперашнія палітвязні – мастак Алесь Пушкін  і Генадзь Драздоў, тады кіраўнік суполкі «Пагоня». Гэтыя людзі стаялі на чале святкавання Дзядоў у 1987 годзе. Праз год уся Беларусь даведалася пра Беларускі Народны Фронт «Адраджэнне», які ўступіў у барацьбу з камуністамі, што злачынна не дапусцілі ўдзельнікаў масавага шэсця прайсці ў Курапаты. Але ўжо 1989-м многае змянілася дзякуючы гэтаму змаганню, вялізная плынь людзей прайшла шляхам у Курапаты, несучы на руках крыжы. Так пачаліся традыцыйныя шэсці да Курапатаў на Дзяды.

На вялікі жаль, тая камуністычная банда, якая кіравала Беларуссю з пачатку ХХ стагоддзя, перарадзілася спачатку ў лукашэнкаўскую банду, а з 2020 года гэта ўжо лукашэнкаўска-пуцінская банда. Таму сёння няма, на жаль, традыцыйнага шэсця ў Менску. Але ёсць у іншых месцах, бо Дзяды для беларусаў – святое. Гэта дзень задушны, калі мы кажам пра сваіх продкаў, калі мы кажам пра свой народ. Як паказвае найноўшая гісторыя, Дзяды абавязкова вернуцца ў Беларусь, і зноўку пройдзе велічнае шэсце памяці ў Курапаты.

– Чаму менавіта Курапаты – месца масавага пахавання ахвяраў камуністаў – маюць такое выключнае значэнне для сённяшняй Беларусі?

– Падзеі ХХ стагоддзя былі вельмі трагічнымі для Беларусі і вельмі несправядлівымі. Дзве страшныя імперыялістычныя вайны, а з імі жудасныя рэпрэсіі двух самых бесчалавечных у гісторыі таталітарных рэжымаў – камуністычнага і фашысцкага. На фоне тых войнаў і рэпрэсіяў сёння яшчэ больш мярзотна выглядае вайна Расеі ва Украіне. Адсталы расейскі імперыялізм спрабуе знішчыць народы толькі за тое, што ім не пашанцавала мець агульную мяжу з Масковіяй. Усю гісторыю гэтая імперыя, як бы яна ні называлася – Маскоўскае царства, Расейская імперыя, Савецкі Саюз, Расейская Федэрацыя – агрэсіўна пагражала суседзям. І гэта вельмі несправядліва. Але справядлівасць мусіць быць адноўленая. І некалі мы ўбачым новае шэсце на Дзяды з удзелам новага прэзідэнта, дэпутатаў парламенту, кіраўнікоў ураду. Але я пакуль не бяруся прагназаваць калі.

– Для мала знаёмых з беларускаю рэчаіснасцю асобаў дзіўным падаецца тое, што нацыянальны памінальны дзень адначасова стаў палітычным шэсцем, якое падсумоўвала вынікі палітычнага года. Што вы можаце сказаць пра палітычныя вынікі 2022-га?

– Дзяды – абсалютна арганічны беларускі фармат. У нашай культуры існуе каля васьмі дзён за год, калі ўспамінаем продкаў, азіраемся на сваю гісторыю. І адначасова гэта дні падсумавання. Восеньскія Дзяды ў гэтым сэнсе асаблівыя, бо найбліжэй стаяць да заканчэння года. Гэта падсумаванне таго шляху, які за год прайшоў беларус і ягоная сямʼя, бо гэта перш сямейнае свята. Абавязкова ў гэты дзень звярталіся да сваіх продкаў. Абавязкова беларусы рабілі адмысловыя стравы, каб духі дзядоў прыйшлі і ўбачылі, што беларусы жывыя.

Што датычыць 2022 года, то ён увайшоў у гісторыю як год вайны. Мы даўно папярэджвалі пра сутнасць расейскага імперыялізму, пра нялюдскую прыроду ідэалогіі рашысцкага рэжыму. Расейскі імперыялізм ёсць адвечным ворагам беларускага народу. На жаль, акупацыйны рэжым толькі спрыяў таму, каб здушвалася мова, культура, незалежнасць беларусаў. Гэта працягвалася ўсё XX стагоддзе і працягваецца ў XXI стагоддзі. Гэтая абсалютна дзікая для сучаснасці вайна ва Украіне ёсць лагічным працягам той людажэрскай палітыкі, якую Расея праводзіла ў Беларусі ўвесь гэты час.

На жаль, ёсць усе перадумовы, каб прагназаваць пачатак трэцяй імперыялістычнай вайны. Бо канфлікты палыхаюць не толькі ва Украіне, і без вайны іх цяжка будзе вырашыць. Гінуць масава людзі. Многія ў свеце да гэтых смерцяў ужо прызвычаіліся. Гіне ўкраінская эліта. І самае цяжкое, што ўпершыню зʼявіліся непрыязныя адносіны паміж сапраўды братнімі народамі Беларусі і Украіны. Менавіта імперыя заўсёды была зацікаўленая ў тым, каб братнія народы разʼяднаць і зноў загнаць пад ярмо. Але беларускі народ цяпер у паднявольным стане. І таму абсалютна актуальным робіцца лозунг украінскіх патрыётаў, пад якім яны змагаліся ў XX стагоддзі: «Волю народам, волю асобе». Гэта лозунг для ўсіх людзей і народаў, хто разумее што імперыя зла са сталіцай у Маскве павінна быць разбураная, бо сама яна не згіне. Яна знікне толькі дзякуючы салідарнасці ўсіх народаў, якія і павінны разбурыць імперыю зла.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў