Андрэй Янушкевіч: «Кнігі, якія выдаюцца ў эміграцыі, працуюць на нашае вяртанне ў Беларусь»


У Батумі 30 верасня распачаўся фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Пасля Грузіі літаратурныя імпрэзы пройдуць у Літве і Польшчы. У гэтых трох краінах падчас апошніх хваляў эміграцыі сфармаваліся даволі вялікія беларускія суполкі, ёсць попыт на беларускамоўны прадукт, у тым ліку – кнігі. А як агулам выглядае сучаснасць і будучыня беларускай кнігі не толькі ў замежжы, але і ў самой Беларусі? Ці паспрыялі падзеі 2020-23 гадоў развіццю выдавецкай дзейнасці, ці наадварот? Якія кнігі трэба пісаць і выдаваць, каб наблізілася нашае вяртанне на радзіму? Над гэтымі пытаннямі на «Прадмове» у Батумі разважаў выдавец Андрэй Янушкевіч.

Андрэй Янушкевіч на фестывалі «Прадмова» у Батумі. 30 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

«У жніўні-верасні 2020 года мы акунуліся ў Беларусь, якой бы яна магла быць»

Падзеі 2020 года падштурхнулі да беларускай літаратуры тых чытачоў, якія ніколі раней ёй не цікавіліся – гэта Андрэй Янушкевіч заўважыў па дынаміцы продажаў ва ўласным выдавецтве.

«Цягам 9 гадоў працы большасць пакупнікоў у маім выдавецтве былі расейскамоўныя. Чаму яны куплялі кнігі па-беларуску? Цікава. Модна. Напрыклад, хтосьці ад суседа пачуў, што ў таго ёсць «Гары Потар» па-беларуску і таксама захацеў, – кажа выдавец. – Яшчэ частая матывацыя для набыцця беларускамоўнай кнігі – зрабіць арыгінальны падарунак на роднай мове і паказаць, што ты – беларус. Але большасць гэтых людзей былі з расейскамоўнага асяроддзя, і беларуская патрыятычная справа да 2020 года іх не цікавіла».

У 2020 годзе беларусы «прачнуліся», што мы ўбачылі як на вуліцах гарадоў, так і па продажах кніг, зазначае Андрэй Янушкевіч:

«Памятаю, як 4 жніўня 2020 года мы запусцілі ў продаж раман Джорджа Оруэла «1984». Мы не чакалі таго шквалу пакупнікоў, які ў нас быў. Жнівень-верасень 2020 года былі месяцамі свабоды, і гэта адбілася на стаўленні да беларускай кнігі. У беларусаў была прага да ведаў. Мы тады нібы акунуліся ў Беларусь, якой бы яна магла быць, калі б нашыя чаканні спраўдзіліся. Тыя ж дваровыя лекцыі – пра гісторыю, культуру, пра ўсё на свеце. Гэта адбілася і на продажы кніг. Ну і за ўсе гэтыя гады ніхто не зрабіў лепшай рэкламы нашым кнігам, чым Дэпартамент фінансавых расследаванняў і ГУБАЗіК. Калі яны прыйшлі да нас, гэта мела вялікі розгалас у медыях, людзі пра нас даведаліся».

Каментар
Суарганізатар фестывалю «Pradmova»: Можна ганарыцца, што тваіх аўтараў чытаюць ува ўсім свеце
2023.09.30 01:33

Кніг па падзеях 2020-23 гадоў вельмі мала

Аднак візіты розных органаў спрычыніліся не толькі да рэкламы, а і да рэпрэсіяў. Андрэй Янушкевіч быў вымушаны зачыніць выдавецтва, а сам, як і многія беларусы, з’язджаць за мяжу. З кніг з сабой выдавец нічога не ўзяў, толькі электронны рыдар.

«Перад ад’ездам з Беларусі я чытаў і быў у захапленні ад «Памежнай трылогіі» Кормака Макарці. Я б забраў яе. Але яна была вельмі тоўстая, а я з’язджаў вельмі хутка, таму я атрымаў яе толькі праз год, але за гэты час паспеў выдаць іншую кнігу Кормака Макарці па-беларуску, – распавядае спадар Андрэй. – Агулам жа, кнігі – не прадмет першай неабходнасці, і яны не праблема пры перасячэнні мяжы. Галоўнае – каб чалавек паспяхова перабраўся, а кнігі потым можна перадаць».

Падвышэнне чытацкай цікаўнасці і шматлікія падзеі 2020-23 гадоў не прывялі, аднак, да з’яўлення вялізнай колькасці новых твораў, зазначае выдавец:

«Нельга сказаць, што за апошнія гады беларускія пісьменнікі сталі пісаць больш і на «злобу дня». Як да 2020 года ў нас плённа пісаў Альгерд Бахарэвіч, так і пасля ўжо паспеў выдаць некалькі новых кніжак. І ў прынцыпе такой інтэнсіўнасці ні за кім іншым я пакуль не заўважаю. Прайшло тры гады пасля 2020 года, і кожны бачыць нават па сваім жыцці, колькі ў нас сюжэтаў для кніг, серыялаў – для ўсяго, у тым ліку, каб гэтая рэфлексія неяк адбілася ў творах пісьменнікаў. Я магу назваць на сёння 2-4 кнігі па матывах апошніх падзеяў. Напрыклад, «Ператрус у музеі» таго ж Бахарэвіча, «Час пустазелля» Ганны Янкуты. Калі паглядзець, як аператыўна рэагуе на актуальныя падзеі пісьменніцкая супольнасць ва Украіне, то нам яшчэ далёка».

«Зараз не часы Янкі Купалы, ёсць тэхналогіі, інтэрнэт»

Прычын для такога становішча, паводле спадара Андрэя, некалькі:

«Напэўна, славутая агульная млявасць. Прызвычаіліся мы так. Напэўна, нас суправаджае ўсё жыццё пэўнага роду інфантылізм, што нам патрэбны нейкі павадыр, каб хтосьці ўзяў за ручку і павёў да агульнага шчасця. Напэўна, мы ў сілу нейкай нашай нацыянальная няспеласці маем у гэтым патрэбу. З гэтым трэба змагацца. Унутрана з сабою ці проста занурацца ў справу. Я выбраў такую дарогу: эміграцыя ці не, але калі ў цябе ёсць нейкія магчымасці, нейкі досвед, то нельга яго растрачваць, трэба ісці далей».

Андрэй Янушкевіч не згодны, што «без беларусаў у Беларусі, без роднай зямелькі беларуская справа загіне».

«Я нервуюся ад гэтых словаў, калі чую іх. Слухайце, зараз не часы Янкі Купалы ды Якуба Коласа. Зараз ХXІ стагоддзе. Тэхналогіі. Інтэрнэт. Наша сіла – гэта мы самі. І мы самі можам вырашаць, хто мы ёсць, і дзеля чаго мы жывем і працуем. І гэтае месца тэрытарыяльнай сілы сучасны чалавек можа знайсці паўсюль. Паглядзіце на габрэйскую нацыю», – кажа выдавец.

Кнігі выдавецтва «Янушкевіч» на фестывалі «Прадмова» у Батумі. 30 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Беларуская выдавецкая справа цяпер, з аднаго боку, у складанай сітуацыі, бо, паводле Андрэя Янушкевіча, нельга сказаць, што сёння існуе нармальны кнігавыдавецкі рынак, на якім працуюць правілы традыцыйнага бізнесу.

«З іншага боку, той факт, што з’яўляюцца новыя выдавецтвы і ў сілу сваіх магчымасцяў працуюць старыя, паказвае, што сэнс у іхнай дзейнасці і запатрабаванне існуе. І сапраўды, я магу пра сябе сказаць абсалютна рэалістычна, што каб не было чытачоў, больш-менш масавага попыту, то і выдавецтва не было б, – кажа выдавец. – Так, мала, хочацца больш, але той факт, што ёсць попыт, стварае падставы для існавання выдавецтваў. Бо ў фундаменце нашай дзейнасці – чытачы. Калі чытачы перастануць купляць кнігі, які б ні быў таленавіты твор, сэнсу ў яго выданні папросту не будзе. Ты не зможаш вярнуць грошы, якія ўклаў у паперу, у наклады і г.д».

Рэпартаж
«Іншыя берагі». У Варшаве прайшоў Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі
2023.09.18 15:48

«Мая бліжэйшая мара – адвучыць беларуса купляць кнігу толькі таму, што яна выдалася па-беларуску»

Андрэй Янушкевіч не згодзен, што беларускія выдавецтвы ў эміграцыі цяпер працуюць выключна на дыяспары, бо не абмяжоўваць сябе дазваляюць сучасныя тэхналагічныя магчымасці. Сёлета спадар Андрэй адкрыў продаж кніг адначасова ў электронным і аўдыяфарматах. Аднак колькасць пакупак знаходзіцца на ўзроўні матэматычнай памылкі, скардзіцца выдавец.

«І я разумею, чаму. Бо калі ты хочаш масавага попыту, трэба, каб кніжка была пад бокам. Паглядзіце на аэрапорты, чыгуначныя вакзалы – ты бяжыш на электрычку, перад табой шапік з газетамі і кніжкамі. Узяў, купіў штосьці, нейкі дэтэктыў ці што табе падабаецца, пайшоў чытаць. У Польшчы, напрыклад такім чынам кнігі прадаюцца проста безліч, – кажа спадар Андрэй. – Мы гэтага ўсяго пазбаўленыя. Мы ў сваім развіцці знаходзімся недзе, калі браць сусветную гісторыю кнігавыдавецкага рынку, у пэўных рэчах у канцы 1990-х гадоў, а ў пэўных – увогуле ў ХІХ стагоддзі. Я не так даўно чытаў біяграфію Эдгара Элана По – ён жыў у ЗША ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Там апісваецца, як ён прабіваўся на кнігавыдавецкі рынак, і як гэта ўсё там працавала, і я разумею, што ў нас у Беларусі гэтага няма дагэтуль – механізмаў, правілаў, магчымасцяў».

Беларуская кнігарынкавая сістэма была збудаваная ў савецкія часы паводле сацыялістычных лякалаў, і дагэтуль па іх працуе, зазначае выдавец:

«Мы недзе не можам і нават не хочам ад іх пазбаўляцца, хоць нам трэба перабудоўвацца. Але і дзяржава ў нас квазісацыялістычная, і рэсурсаў не так шмат, каб гэта ўсё перарабіць, і беларусаў, якія чытаюць па-беларуску, мала. Хоць так, мы не топчамся на месцы, мы ідзем наперад, і гэта ўсяляе аптымізм, але хочацца, каб гэта адбывалася хутчэй. Вельмі хочацца не марнаваць час і хутчэй вярнуцца ў Беларусь. А на гэта працуе ў тым ліку кніга, якая выдаецца ў эміграцыі».

Таму, паводле выдаўца, беларускіх кніг за мяжой павінна быць больш і яны павінны быць на розны густ.

«Мая бліжэйшая мара – адвучыць беларуса купляць кнігу толькі таму, што яна выдалася па-беларуску. Я хачу, каб перад беларусам быў выбар у 50 найменняў і ён купляў менавіта тое, што ён хоча зараз прачытаць – улюбёнага аўтара, жанр і г.д., – кажа Андрэй Янушкевіч. – Хачу дачакацца таго моманту, калі выданне кожнай беларускай кнігі не будзе культурнай падзеяй, якая павінна разглядацца ў навінах. Хочацца, каб гэтая справа была пастаўленая на прамысловы паток».

Патрэбна больш дэтэктываў на беларускай мове

Спадар Андрэй не лічыць беларускую кнігу элітарнай і змагаецца з уяўленнем, што калі пісаць па-беларуску, то толькі з прыцэлам аж на Нобэлеўскую прэмію, што беларуская літаратура абавязкова павінна быць высокай, складанай, элітарнай.

«Не! Яна павінна быць для чытачоў. Так, ёсць чытач высокаадукаваны, а ёсць звычайны, якому не трэба нечага складанага. Яму трэба даць цікавы, але просты па пабудове, па тэксце дэтэктыў, – кажа кнігавыдавец. – Сённяшняя бяда беларускай літаратуры – гэта адсутнасць белетрыстыкі ў патрэбных аб’ёмах. Яе вельмі мала. А менавіта белетрыстыка з’яўляецца лакаматывам выдавецкага рынку ў любой краіне. Таму тое, што кніг у нас мала, яны выходзяць невялікімі накладамі – гэта не элітарнасць. Гэта наша слабасць, бяда, хвароба, якую трэба вылечваць».

Hавiны
Выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла онлайн-кнігарню knihauka.com
2023.08.02 17:21

У якасці прыкладу сапраўднай беларускай белетрыстыкі Андрэй Янушкевіч прыводзіць кнігу «Я прыду за табой у аўгусце» Камілы Цень, якую ён выдаў за два дні да пачатку «Прадмовы».

«Я нават не ведаю, хто хаваецца пад псеўданімам Каміла Цень, але гэтая кніга – сапраўдны народны дэтэктыў. Калі месяц таму з перапынкам у тры гады я атрымаў ад гэтай пісьменніцы новы твор, я спісаўся з ёй і прапанаваў выдаць папяровую кнігу, а не электронную, як раней, бо наспеў час. Вельмі раю гэтую кнігу. Але такіх кніг павінна быць не адна, а 10, 20, 100 штук. Тады гэта будзе мець сацыяльную сілу», – кажа выдавец.

«Калі няма грошай на каўбасу, табе будзе не да кніжак»

Сітуацыя на кніжным рынку ўнутры Беларусі сёння выглядае вельмі сумна, зазначае спадар Андрэй. Манаполія рускай кнігі, якая была ў нашай краіне і раней, цяпер, пасля таго, як незалежная беларуская кніга была выціснутая за мяжу, набыла жахлівыя маштабы.

«Як я ўжо казаў, кніга, каб яе чыталі, павінна быць пад рукой. Магу параўнаць гэта з кавай. Уявіце, што вы жывяце ў Менску і вельмі любіце каву. У вашым раёне ёсць некалькі кавярняў, але ўсе яны прадаюць вельмі пасрэдную каву. Піць можна, але не смачна. Але вы ведаеце, што ў Варшаве ёсць пара кавярняў, дзе даюць цудоўную каву. Я не думаю, што вы будзеце часта ездзіць у Варшаву, каб выпіць гэтай кавы. А будзе штодня перад працай заходзіць у кавярні, якія побач, і піць нясмачную, але ўсё ж такі каву. Тое самае на кніжным рынку ў Беларусі», – кажа кнігавыдавец.

У выніку людзі ў Беларусі супраць волі звяртаюцца да расейскай кнігі, асабліва калі казаць пра масавыя жанры – фантастыку, дэтэктывы, раманы.

«Бо няма іншага выбару, – кажа спадар Андрэй. – У гэтай сітуацыі я бачу задачу, каб выдаваць такія кнігі, такія творы, каб ніводзін беларускі чытач не змог прайсці міма. І не важна, дзе яны будуць выдавацца. Раз жыццё прымушае нас жыць і працаваць тут, значыць, гэтым трэба займацца тут. Але гэта павінны быць творы такой якасці, гучнасці, каб яны грымелі, і каб гэты рэзананс ішоў на Беларусь. Гэта цяжкая задача, але паверце, у нас проста няма іншага выбару».

Яшчэ адной праблемай на шляху да таго, каб беларусы куплялі сваю, добрую літаратуру, каб падвышалася спажывецкая культура чытача, Андрэй Янушкевіч называе беднасць.

«Яшчэ горш, калі беднасць ператвараецца ва ўбоства, спачатку матэрыяльнае, а за ім ідзе ўбоства духу. Бо калі ў цябе няма грошай на каўбасу, табе будзе не да кніжак, – кажа кнігавыдавец. – Таму я, калі выдаю кнігі, планую новую, заўсёды думаю, як зрабіць так, каб яна была не тое што даступная, а неяк уплывала на развіццё ўсёй беларускай супольнасці, а не толькі нашай свядомай».

Якая будучыня чакае беларускую кнігу як у эміграцыі, так і ў самой Беларусі, Андрэй Янушкевіч адназначна сказаць не можа і лічыць, што мы самі гэтую будучыню ствараем.

«Будуць беларусы – будзе і беларуская кніга, а будзе беларуская кніга – будуць і беларусы. Усё ў нашых руках», – перакананы кнігавыдавец.

Што цікавага і дзе будзе адбывацца ў рамках фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», можна паглядзець на сайце pradmova.eu.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў