У Грузіі пачалі рыхтаваць імпічмент прэзідэнтцы за візіт у Нямеччыну. Шанцаў на поспех мала


Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі без дазволу свайго парламенту 31 жніўня сустрэлася з прэзідэнтам Нямеччыны. Кіроўная партыя пастанавіла распачаць працэдуру імпічменту, хоць у заяве пра гэта прызнала, што ў яе наўрад ці атрымаецца здабыць патрэбную колькасць галасоў.

Саламэ Зурабішвілі.
Фота: Giorgi Abdaladze / Wikimedia

Нагодай для імпічменту стала еўрапейскае турнэ прэзідэнткі Саламэ Зурабішвілі. Як заяўляла Адміністрацыя прэзідэнта Грузіі, прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі распачынае серыю сустрэчаў з еўрапейскімі лідарамі дзеля надання Грузіі статусу кандыдата на далучэнне да Еўразвязу. Першы візіт адбыўся 31 жніўня: Зурабішвілі сустрэлася з прэзідэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. 1 верасня Зурабішвілі плануе сустрэцца з прэзідэнтам Еўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем.

Прэзідэнтцы так сапраўды нельга

Урад Грузіі не даваў згоды на турнэ. У паведамленні ўраду адзначаецца, што Адміністрацыя прэзідэнта звярталася да ўраду яшчэ 12 ліпеня наконт згаданых візітаў і 3 жніўня атрымала адмову: прэзідэнтцы не дазволілі планаваныя візіты ў Нямеччыну, Украіну, Швейцарыю, Польшчу, Бельгію, Данію, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Балгарыю, Чэхію і Ізраіль.

Урад Грузіі сапраўды мае права не пускаць прэзідэнтку на афіцыйныя візіты: паводле артыкулу 52 Канстытуцыі Грузіі, прэзідэнт ажыццяўляе вонкавыя стасункі са згоды ўраду, а паводле артыкулу 54 вонкавая палітыка – гэта справа ўраду, таксама як і ўнутраная. Самастойна прэзідэнтка можа хіба развязваць пытанні грамадзянства, памілавання асуджаных, выдаваць дзяржаўныя ўзнагароды і найвышэйшыя званні, падпісваць дамовы з Грузінскаю праваслаўнаю царквой і звяртацца да народу.

«Зразумела, што прэзідэнтам Грузіі вельмі груба парушаецца Канстытуцыя. Мы не можам пакінуць гэта без рэагавання», – заявіў лідар кіроўнай партыі Іраклі Кабахідзэ.

Прэзідэнтцы ўжо не першы раз не дазволілі замежных візітаў. Гэтак, летась яе не пусцілі ў Польшчу, Францыю і Украіну. Зурабішвілі тады крытыкавала ўрад за тое, што той «бяздзейнічае» ў справе заяўкі Грузіі на далучэнне да Еўразвязу і не дае ёй «эфектыўна адстойваць інтарэсы краіны».

Адметна, што Зурабішвілі можа стаць апошняй прэзідэнткай Грузіі, выбранай наўпрост: змены Канстытуцыі, прынятыя ў 2017 годзе, змянілі працэдуру выбараў прэзідэнта на ненаўпроставую. У 2024 годзе прэзідэнта Грузіі будзе выбіраць Калегія выбарнікаў, у якой палову маюць складаць дэпутаты, а палову – дэлегаты з рэгіёнаў ад палітычных партыяў.

Hавiны
Заснавальніка «Беларускай дыяспары Аджарыі» не пусцілі ў Грузію. Адмовілі, нават калі ён папрасіў прытулку
2023.04.28 17:04

Заведама правальны імпічмент

Кіроўная партыя «Грузінская мара – Дэмакратычная Грузія» залічвае прэзідэнтку да «радыкальнай апазіцыі», расказвае каўказская служба радыё «Свабода». Лідар фракцыі нават заявіў, што дзеянні прэзідэнткі і апазіцыі скіраваныя на тое, каб Грузія не атрымала статусу кандыдата на далучэнне да Еўразвязу.

Яшчэ за дзень да візіту Зурабішвілі ў партыі казалі, што аб імпічменце не вядзецца, бо шанцаў на поспех мала. Але 1 верасня партыя пастанавіла, што ўсё роўна запусціць працэдуру імпічменту, хоць для таго, каб давесці працэдуру да канца, спатрэбяцца галасы «радыкальнай апазіцыі».

Для паспяховага імпічменту трэба набраць 100 галасоў дэпутатаў 150-мясцовага парламенту. Кіроўная кааліцыя цяпер мае 82 мандаты. Як піша партал «NewsGeorgia», на прамежкавых выбарах 1 кастрычніка «Грузінская мара» можа атрымаць яшчэ два мандаты, а таксама ўжо можа разлічваць на галасы «Еўрапейскіх сацыялістаў» – яны маюць у парламенце чатыры мандаты.

Такім чынам, кіроўнай кааліцыі трэба атрымаць яшчэ прынамсі 12 галасоў апазіцыі. Але са словаў лідара «Грузінскай мары» Кабахідзэ вынікае, што ў «радыкальнай апазіцыі» ці не ўсе дэпутаты па-за кіроўнай фракцыяй, і што яшчэ тузін «нерадыкальных» галасоў не набярэцца. Нягледзячы на гэта, казаў Кабахідзэ, працэдуру імпічменту распачнуць, бо «гэта нашая адказнасць перад Канстытуцыяй».

Разбор
Пратэсты ў Грузіі. Яшчэ нічога не скончана
2023.03.09 20:42

У чым канфлікт прэзідэнткі і кіроўнай партыі

Зурабішвілі ўжо не першы раз канфліктуе з «Грузінскай марай», хоць і прыйшла да ўлады з яе дапамогай у 2018 годзе. Напрыклад, у сакавіку 2023 года яна падтрымала пратэстоўцаў, якія выступалі супраць прыняцця Закону аб замежных агентах, і сказала, што пратэстоўцы рэпрэзентуюць свабодную Грузію. Яна таксама паабяцала накласці вета на Закон аб замежных агентах.

Таксама яна падтрымала тых, хто пратэставаў супраць вяселля ў Грузіі, на якое мусілі прыехаць дачка міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, а таксама ейны муж ды іншыя сямейнікі. Пратэсты адбыліся на фоне аднаўлення кіроўнай партыяй авіяцыйных стасункаў з РФ.

Малдова і Украіна мінулым летам атрымалі статусы кандыдатаў на далучэнне да Еўразвязу, а Грузія тады атрымала толькі прызнанне ейнай «еўрапейскай перспектывы», хоць падавала заяўку адначасова з Малдоваю.

Як заўважае ўкраінская «Європейська правда», дамову пра асацыяцыю з Еўразвязам і пра бязвізавы рэжым Грузія падпісала ўжо за часамі «Грузінскай мары», але канфліктаваць з Захадам пачала праз унутраныя справы і заявы аб фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў 2020 года, адмову ад санкцыяў супраць Расеі за развязаную вайну ва Украіне і зняволенне экс-прэзідэнта Міхэіла Саакашвілі.

Фота
Пятнаццаць гадоў таму пачалася расейска-грузінская вайна. Прыгадваем, як гэта было
2023.08.08 17:36

Якуб Хруст, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў