Беларусі давядзецца павялічыць вайсковыя выдаткі для стварэння кантрактнай арміі


Цяперашняга ваеннага бюджэту Беларусі недастаткова для стварэння эфектыўнай прафесійнай арміі, заявіў «Белстату» ваенны эксперт на ўмовах ананімнасці, каментуючы планы Аляксандра Лукашэнкі аб стварэнні кантрактнай арміі.

Беларускія вайскоўцы. Вучэнні. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: modmilby / Telegram

«Беларускае войска валодае досыць сціплымі грашыма. Наш вайсковы бюджэт раней быў у раёне 800 млн даляраў, цяпер кажуць, што ўжо 1 млрд, але гэта надзвычай мала», – сказаў суразмоўца «Белсату».

«Войска – гэта ж не толькі заробак і сацпакет. Кантрактнікам трэба будзе жыллё, установы сацыяльнага забеспячэння. Акрамя таго, тады трэба будзе і іншае, больш складанае, больш якаснае ўзбраенне: раз ужо іх узялі на кантракт, то ім павінны ў рукі даць што-небудзь больш эфектыўнае. Інакш тады навошта гэтыя прафесійныя войскі і марнаваць на іх грошы? То бок, гэта яшчэ і стварэнне серыйнай вытворчасці новых узбраенняў або іх закупка», – патлумачыў эксперт.

Такім чынам, для павелічэння колькасці кантрактнікаў трэба павялічваць ваенны бюджэт, а для гэтага ў сваю чаргу патрэбна дынамічна развіваецца Эфектыўная эканоміка, падсумаваў суразмоўца.

Тым больш Беларусі «не па кішэні» вагнэраўцы, лічыць эксперт. «У Беларусі няма такіх грошай», – упэўнены ён.

Аналітыка
Хрэнін у Іране: ці сапраўды ў Беларусі хочуць наладзіць вытворчасць «Shahed»?
2023.08.01 19:49

На думку эксперта, стварэнне кантрактнага войска цяпер не самая актуальная задача для беларускага рэжыму. «Калі грошы лішнія знойдуцца, то, хутчэй за ўсё, іх накіруюць на ўмацаванне МУС, КДБ, унутраных войскаў – тых ведамстваў, якія займаюцца барацьбой з унутраным ворагам», – лічыць ён.

Да таго ж, са слоў аналітыка, «кантрактнае войска добра, калі ты ваюеш не на сваёй тэрыторыі». Калі ж гаворка ідзе аб абароне радзімы, то прафесійнай арміі будзе мала.

Беларускія вайскоўцы з байцамі ПВК Вагнэра адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы на палігоне «Брэсцкі» паблізу граніцы з Польшчай. 20 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Дэкларацыі намераў недастаткова, каб зразумець намеры Аляксандра Лукашэнкі – нападаць або абараняцца ён плануе сіламі кантрактнікаў, адзначыў эксперт.

«Для наступу той, хто нападае павінен мець вайсковую сілу ў 4-5 разоў большую, чым той, хто абараняецца, таму войска змешанай камплектацыі патрэбнае і для абароны, і для нападу», сказаў суразмоўца, адказваючы на пытанне аб тым, да якой – абарончай або наступальнай вайны можа рыхтавацца Аляксандр Лукашэнка.

Эксперт растлумачыў, што цяпер у Беларусі змешаны прынцып камплектавання войска: 60% – па прызыву і 40% кантрактнікаў. Кантрактнікі – гэта тыя людзі, якія захоўваюць, абслугоўваюць, рамантуюць баявую тэхніку і ваенную інфраструктуру, займаюцца матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем, лагістыкай. Прызыўнікі – гэта стралкі, механікі-кіроўцы, наводчыкі, аператары.

Нагадаем, што 1 жніўня Аляксандр Лукашэнка пры наведванні Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці заявіў, што плануе пакінуць вайскоўцаў ПВК Вагнэра ва Узброеных Сілах Беларусі і «адштурхоўваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію». Да таго ж з яго слоў  кантрактная армія абыходзіцца дзяржаве танней.

Hавiны
Аляксандр Лукашэнка хоча на базе вагнэраўцаў стварыць кантрактную армію і пужае Захад выбухам БелАЭС
2023.08.01 18:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў