З 1 чэрвеня падняліся тарыфы на цеплавую і электрычную энергію


З 1 чэрвеня павышаюцца тарыфы на цеплавую і электрычную энергію, газ прыродны і звадкаваны на мэты ацяплення, піша БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Гэта ўжо другое павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва ў 2023 годзе. Першы этап адбыўся 1 студзеня.

Павышэнне тарыфаў адбываецца згодна з загадам Аляксандра Лукашэнкі за 30 снежня 2022 года, паводле якога вызначаныя максімальна дапушчальныя памеры, а пастановаю Савету Міністраў і рашэннямі абласных выканаўчых камітэтаў і Менскага гарвыканкаму ўсталяваныя фіксаваныя цэны, паводле якіх сёлета налічаюцца плацяжы за жыллёва-камунальныя паслугі.

Гэтак, адзначалася, што з 1 студзеня квітанцыі сталі даражэйшыя на 9 рублёў 53 капейкі, а з 1 чэрвеня рост тарыфаў павялічыцца яшчэ на 4 рублі і 39 капеек за кошт падаражэння ацяплення і падагрэву вады.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўдакладняла, што павышэнне плацяжоў для тыповай двухпакаёўкі плошчаю 48 квадратных метраў з трыма жыхарамі не павінна перавышаць 5 долараў у эквіваленце. Такім чынам чыноўнікі тлумачылі прынцып абмежавання росту тарыфаў, бо яны ў краіне залежаць, як сцвярджаюць, ад даходаў насельніцтва.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў