Дзяцінства колеру хакі

Малыя хлопчыкі і дзяўчаткі рушаць крокам, шырока размахваючы рукамі і паўтараючы рухі сваіх выхавальніц. Тыя таксама ў вайсковай форме і, здаецца, у вялізным захапленні ад таго, што іхнаму садку даверана прайсці ганаровым маршам перад вачыма губернатара вобласці і чыноўнікаў. Для малых гэта хіба толькі гульня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / East News

У адным з дзіцячых садкоў Казані здаровы дзядзька, палкоўнік, распавядаў малым, што «паміраць не  страшна». А прадстаўнікоў 15 дзіцячых садкоў з усіх Чабаксараў пад гукі аркестру прымусілі маршаваць перад чыноўнікамі і ветэранамі. Малых апранулі ў форму розных аддзелаў – марской пяхоты, паветрана-дэсантных войскаў, артылерыі. Голас дыктара пры гэтым з гонарам зазначаў, што будучыня, маўляў, у надзейных руках. У Кіславодскай школе арганізавалі выставу гранатамётаў, а ў Ейску прайшоў парад  дашкольнікаў з іхнымі выхавальніцамі, дзе дзяцей апранулі ў форму чырвонаармейцаў часоў Другой сусветнай вайны. А потым эстафету з гэткім жа фарсам падхапілі ў Паўднёвым Сахалінску, дзе яшчэ меншыя дзеці нацягнулі на сябе бутафорскія танкі, кулямёты, самалёты і маршавалі перад прадстаўнікамі мясцовай улады. У маскоўскай школе хлопчыкаў і дзяўчатак прымусілі маляваць літару Z і лагатыпы партыі «Единая Россия». У Новасібірску маці дзяцей з інваліднасцю вучаць  маршаваць з уяўнаю зброяй і разбіраць-збіраць аўтаматы. У нас гэта не набыло такіх маштабаў. Прынамсі, пакуль.

Вось у Жабінцы ганарацца тым, што ўпершыню ў Рэспубліцы Беларусь правялі парад прапраўнукаў тых, хто ваяваў у Другой сусветнай вайне. Парад, на задуму ідэолагаў, закліканы аб’яднаць усе пакаленні ў адзінае цэлае на падставе гістарычнай пераемнасці. Арганізатары лічаць, што менавіта такім чынам яны «спараджаюць трывалую аснову для захавання мірнага неба і далейшай стваральнай працы». А вось у менскай школе № 110 цешацца з таго, што вучні носяць форму памежнікаў.

У пачатку сёлетняга траўня ў Менску адбылося адкрыццё першага гарадскога злёту вайскова-патрыятычных клубаў «Вяршыня мужнасці», дзе намеснік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран адзначыў, што колькасць толькі такіх клубаў за два апошнія гады вырасла ўдвая. Клубаў, якія, паводле журналіста радыё «Свабода» Змітра Гурневіча, далучаюць да сябе такіх адыёзных і надзвычай жорсткіх асобаў, як Мікалай Карпянкоў. Клубаў, у якіх навучаюць збіранню і разбіранню аўтамата, укладваюць у галовы дзяцей бяздумную адданасць Лукашэнку і сентэнцыю, што «беларусы – гэта расейцы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / East News

У Расеі (але яшчэ раней – у Беларусі) распачаліся і доўжацца да гэтага часу спрэчкі: што маюць на мэце адукацыйныя сістэмы гэтых дзяржаваў, калі з самога маленства выхоўваюць дзяцей у стылі мілітары?

І чаму патрыятычнае выхаванне абавязкова мусіць праходзіць менавіта ў вайсковай форме? Мы кажам пра любоў да Радзімы (што, уласна, і значыць слова патрыятызм) – або пра любоў да подзвігаў савецкіх салдатаў у вельмі далёкай, зусім не зразумелай і ад таго неўспрымальнай Другой сусветнай вайне?

У снежні 2020 года беларускі палітолаг, публіцыст, кандыдат палітычных навук Павел Усаў, які займаецца праблематыкай аўтарытарных рэжымаў, у дакладзе для iSANS (International Strategic Action Network for Security, міжнародная ініцыятыва экспертаў з розных краінаў, што спецыялізуецца на вызначэнні, аналізе і супрацьдзеянні гібрыдным пагрозам дэмакратыі, вяршэнству закона і суверэнітэту краінаў Заходняй Еўропы і Еўразіі) напісаў наступнае:

«З 2003 года ў беларускіх агульнаадукацыйных школах у межах развіцця праекту для ўкаранення «Дзяржаўнай ідэалогіі беларускай дзяржавы» пачалі актыўна рэалізоўваць праграму патрыятычнага выхавання моладзі. Дзецям даюць у рукі зброю (хай сабе і бутафорскую), вывучаюць з імі ваенныя сцэнкі з эпізодамі гвалту і смерці. Такая форма атрымала назву «агрэсіўнага патрыятызму». І праблема ў тым, што гэтак званае патрыятычнае выхаванне праводзіцца не толькі ў старэйшых класах (8–11). Агулам гэтыя элементы мілітарысцкага выхавання ў беларускіх школах ёсць працягам (кампіляцыяй) мілітарызацыі адукацыі ў Расеі, дзе гэтая з’ява набыла маштабныя і гратэскавыя формы. Прычым усё базуецца выключна на савецкай гісторыі і гераічным мінулым савецкага народу».

Усаў таксама пісаў: «За апошняе дзесяцігоддзе беларускія ўлады здолелі ўзнавіць і развіць сістэму вайсковага рыхтавання і вайсковай адукацыі ў Беларусі, якая ў многім ёсць працягам савецкіх традыцыяў з ідэалагічнай арыентацыяй і мабілізацыяй, скіраванай на барацьбу з замежнымі і ўнутранымі ворагамі. Усё гэта выходзіць за межы патрэбаў і чаканняў беларускага грамадства і хутчэй служыць інтарэсам кіроўнага рэжыму».

У канцы верасня 1940 года Гітлер загадаў арганізаваць эвакуацыю дзяцей з буйных бамбаваных гарадоў у вясковую мясцовасць або іншыя населеныя пункты, дзе яны змогуць перачакаць небяспеку. У лагерах за школьнікамі назіралі настаўнікі. Акрамя таго, да кожнага атраду прыстаўлялі наглядчыкаў – юнака ці дзяўчыну з «Гітлер-Югенду», якія сачылі за выкананнем парадку дня і за тым, каб дзеці выхоўваліся на карысць Трэцяму Райху і ў духу Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі. І там таксама былі ўніформа (хіба што не вайсковая), рытуалы падпарадкавання, лінейкі, шыхтоўля, стральба, палітінфармацыі. Усё лічылася складнікам нацыянал-сацыялістычнай адукацыі. Тлумачэнне тут простае: з ліпеня 1933 года да траўня 1945 года гэта была адзіная законная партыя ў нацысцкай Нямеччыне. І з 1921 года амаль да самага канца існавання партыі арганізацыю ўзначальваў сам Гітлер. Таму, паводле ўспамінаў Эдыт Ругёфэр, якая нарадзілася ў 1930 годзе ў Дуйсбургу, «у лагеры жылося цудоўна, асабліва таму, што ўсе былі нацкаваныя верыць у «фюрара».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

Гімнасцёркі, пілоткі, з-пад якіх у дзяўчатак выпушчаныя косы з белымі бантамі… Як заяўляюць муніцыпальныя ўлады ва ўсёй Расеі, такія «святы» стануць штогадовымі.

Расейская псіхолаг з больш як 30-гадовым досведам Алена Кузняцова ў сваім допісе выказваецца катэгарычна супраць, з такімі тлумачэннямі:

«Гэта рамантызацыя і штучнае ўпрыгожванне самага страшнага ў нашым жыцці – вайны. Выхаваўчы пасыл […] – што вайна гэта файна, гэта свята, бо яна заканчваецца перамогаю. Але ж гэта не так. Яна заканчваецца непражытымі жыццямі з абодвух бакоў. Магіламі. Супольнымі і асобнымі. […] Дзецям трэба купляць адзенне пра жыццё, а не пра смерць. […] Мы ўсе родам з грамадства, дзе ўказанні, як правільна жыць, думаць і адчуваць, выдаваліся зверху».

Менавіта ў травеньскія дні каля даты Перамогі ў інтэрнэце найбольш часта пашыраецца гісторыя, у якой не называецца ні імя галоўнага героя, ні месца, ні часу дзеяння. Але вельмі верыцца, што гэта праўда:

«Адзін дырэктар школы дасылаў ліст кожнаму настаўніку, якога браў на працу:

«Шаноўны настаўнік! Я перажыў канцлагер і мае вочы бачылі тое, што не мусіць бачыць ніводзін чалавек:

– як навукоўцы-інжынеры будуюць газавыя камеры;

– як кваліфікаваныя дактары атручваюць дзяцей;

– як выпускнікі вышэйшых навучальных установаў расстрэльваюць і спальваюць дзяцей і жанчын.

Таму я не маю даверу да адукаванасці.

Я Вас прашу: дапамагайце вучням стаць людзьмі. Вашыя намаганні ніколі не мусяць прывесці да з’яўлення вучоных пачвараў, трэнаваных псіхапатаў, адукаваных Айхманаў (асоба, вядомая як «архітэктар Галакосту»). Чытанне, пісьмо, арыфметыка важныя толькі тады, калі дапамагаюць дзецям стаць больш ЧАЛАВЕЧНЫМІ».

Словы, словы, прыгожыя і правільныя. Толькі як увасобіць іх у жыццё ў той час, калі на зямлі працягваюць панаваць тыраны, якія будуюць грамадства пад сябе, гвалтам і пагрозамі. Ім не патрэбныя мір і адукацыя. Ім патрэбная вайна, няспынная, агрэсіўная, неабходная для ўтрымання ўлады. У адваротным жа выпадку, каб весці дзяржавы да багацця і славы, патрэбны інтэлект. І толькі тады, калі чалавецтва дасць рады з аўтакратамі ды недэмакратычнымі рэжымамі, і можна будзе гаварыць пра агульнае выхаванне сапраўднага патрыятызму.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў