Тры сцэнары эскалацыі. Як вайна можа прыйсці ў Беларусь?


Апошнім часам усё часцей гучаць заявы пра магчымую эскалацыю вайны ва Украіне, учыненне буйных правакацыяў на мяжы з NATO, стварэнне новых франтоў і нават перарастанне канфлікту ў трэцюю сусветную вайну. Некаторыя з гэтых прагнозаў, хутчэй за ўсё, ёсць проста элементам інфармацыйнай вайны, а некаторыя выглядаюць абгрунтавана. Belsat.eu разбірае тры магчымыя сцэнары, пры якіх эскалацыя можа беспасярэдне закрануць Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдат батальёну GSV Збройных сілаў Нарвегіі назірае за ўчасткам 196-кіламетровай мяжы паміж Нарвегіяй і Расеяй напярэдадні мінання мяжы шведскімі і фінскімі войскамі ў межах вайсковых вучэнняў «NATO Nordic Response 2024». 9 сакавіка 2024 года.
Фота: Jonathan Nackstrand / AFP / East News

Сцэнар 1. Сусветная або еўрапейская вайна

Поўнамаштабная вайна Расеі супраць NATO – гэта найбольш радыкальны сцэнар эскалацыі, і менавіта гэтую тэму цяпер абмяркоўваюць у публічнай прасторы найбольш актыўна.

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін кажа, што не мае намеру нападаць на NATO. Аднак насамрэч агрэсія супраць Польшчы і краінаў Балтыі цалкам укладаецца ў стратэгічную канцэпцыю Крамля. Імперскія амбіцыі Масквы былі выразна акрэсленыя ва ўльтыматуме, выстаўленым Захаду ў снежні 2021 года, незадоўга да ўварвання ва Украіну: расейскі бок тады патрабаваў адвесці ўсю вайсковую інфраструктуру Альянсу ў Еўропе на пазіцыі 1997 года. То бок гаворка фактычна ішла пра прызнанне зоны асаблівых інтарэсаў Расеі ва Усходняй Еўропе. Гэтыя планы за апошнія два гады не змяніліся.

Найбольш імаверным месцам першага ўдару Расеі лічыцца сувальскі калідор – вузкі 70-кіламетровы пас тэрыторыі ўздоўж літоўска-польскай мяжы, які аддзяляе Беларусь ад Калінінградскай вобласці. Стратэгічная значнасць сувальскага калідору заключаецца ў тым, што захоп гэтай зоны дазволіць Расеі наладзіць сувязь са сваім калінінградскім анклавам і адначасова адсячы Літву, Латвію і Эстонію ад іншых краінаў NATO. У выніку краіны Балтыі апынуцца ў ізаляцыі, ім давядзецца адбіваць расейскае ўварванне самастойна. А вайсковы патэнцыял Літвы, Латвіі і Эстоніі несупастаўляльны з вайсковым патэнцыялам РФ.

Аналітыка
«Мілітарысцкая ліхаманка Лукашэнкі». Да чаго рыхтуецца беларускае войска і ці адкрые Расея другі фронт
2024.03.26 16:58

Калі і пры якіх умовах гэта можа адбыцца?

На канец сакавіка 2024 года ўмовы для нападу Расеі на NATO не склаліся. Цяпер для гэтага ў Крамля проста няма адпаведных сілаў і рэсурсаў: усё паглынае вайна з Украінаю. Таму самым лагічным для Крамля ў гэтай сітуацыі было б спачатку так ці інакш «разабрацца» з Украінай. Паводле розных экспертавых ацэнак, пасля завяршэння актыўных баявых дзеянняў супраць Украіны Крамлю можа спатрэбіцца ад 1–2 да 6–10 гадоў, каб рэарганізаваць свае сілы і ўварвацца ў краіны NATO.

Паводле аднаго з навучальных сцэнароў Альянсу, вялікая вайна можа распачацца ўжо ў 2025 годзе. Адпаведны сцэнар разлічаны на тое, што Расея правядзе ў першай палове 2024-га мабілізацыю, дасягне значных поспехаў на фронце ва Украіне, а таксама будзе мець спрыяльную міжнародную абстаноўку з улікам прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Перамагчы на лістападаўскіх выбарах можа Доналд Трамп, які абяцае не вылучаць Украіне ні цэнта і сцвярджае, што не мае намеру абараняць Еўропу ад Расеі. А без актыўнай дапамогі ЗША здольнасць сучаснай Еўропы забяспечыць эфектыўнае стрымліванне выклікае сумневы.

Паводле аналітыкаў амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), што Расея рыхтуецца да вайны з NATO хоць і не ў найбліжэйшай перспектыве, але, імаверна, за больш кароткія тэрміны, чымся першапачаткова меркавалася. Пра гэта ў прыватнасці сведчаць тыя амбітныя планы, якія абнародавала Міністэрства абароны РФ: стварыць да канца 2024 года дзве новыя агульнавайсковыя арміі і 30 злучэнняў, у тым ліку 14 дывізіяў і 16 брыгадаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шведскі нацыянальны сцяг узнялі падчас урачыстай цырымоніі ў гонар уступу Швецыі ў NATO ў штаб-кватэры Паўночнаатлантычнага альянсу ў Бруселі, Бельгія. 11 сакавіка 2024 года.
Фота: John Thys / AFP / East News

Што гэта будзе азначаць для Беларусі?

У выпадку поўнамаштабнай вайны Расеі з NATO уцягванне Беларусі ў канфлікт будзе непазбежнае. Як мінімум Расея выкарыстае беларускую тэрыторыю як плацдарм для нападу, што зробіць Беларусь законнаю мішэнню для контрудару Альянсу. Як максімум беларуская армія будзе браць удзел у наступе на сувальскі калідор разам з расейскаю – на гэта Лукашэнка сам нядаўна намякнуў.

Чаму падобнай эскалацыі можа не быць?

Сітуацыя на фронце ва Украіне застаецца ў пазіцыйным тупіку, і пакуль няясна, ці здольная Расея (нават пры ўмове новай мабілізацыі і крызісу заходняй дапамогі) з яго выйсці. Калі ў баявых дзеяннях захаваецца статус-кво або ЗСУ здолее перахапіць ініцыятыву, то Крэмль наўрад ці наважыцца распачаць вайну з Альянсам. Тым больш калі выбары ў ЗША не прывядуць да расколу ў NATO.

Аналітыка
Чаму вайна ва Украіне зайшла ў тупік, і чым гэта можа скончыцца?
2024.02.24 05:45

Сцэнар 2. Незапланаваная і абмежаваная эскалацыя

Эскалацыя паміж Расеяй і NATO можа стацца вынікам не загадзя падрыхтаванага агрэсіўнага плану, а ланцужка выпадковых і непрадуманых рашэнняў.

Эксперты даследчай арганізацыі RAND увосень 2023 года выпусцілі даклад, у якім разглядалі тры варыянты ненаўмыснай эскалацыі. Нагодаю для абвастрэння сітуацыі, паводле аналітыкаў, можа стаць:

  •  гібель чыноўнікаў з краінаў NATO ва Украіне ў выніку расейскай ракетнай атакі;
  •  гібель пілотаў амерыканскага самалёта ў выніку небяспечнага манеўру расейскіх знішчальнікаў;
  • памылковая ацэнка намераў NATO: актыўнасць войскаў Альянсу ва Усходняй Еўропе можа спалохаць Крэмль і падштурхнуць да высновы, што трэба нанесці прэвентыўны ўдар па аб’ектах NATO.
Аналітыка
Барацьба за новы сусветны парадак. Аналізуем геапалітычныя працэсы 2023 года
2023.12.29 06:00

Калі і пры якіх умовах гэта можа адбыцца?

Ваенна-палітычная сітуацыя ў рэгіёне настолькі абвостраная, што ланцужок эскалацыйных рашэнняў можа быць запушчаны фактычна ў любы момант.

Напрыклад, Расея ўжо неаднаразова наносіла ўдары па ўкраінскіх гарадах у той момант, калі там з візітам былі заходнія чыноўнікі і палітыкі. Пакуль невядомыя выпадкі, калі б расейцы спецыяльна цэлілі ў замежных гасцей Украіны. Аднак яны могуць трапіць пад удар нават ненаўмысна. А ўлічваючы рэпутацыю Крамля ў свеце, не факт, што Захад паверыць у выпадковасць такога здарэння.

Тое ж датычыць магчымай гібелі пілотаў падчас патрулявання паветранай прасторы. Вядома шмат выпадкаў, калі расейскія пілоты парушалі пратаколы бяспекі і праляталі заблізка ад амерыканскіх самалётаў, каб «падражніць» іх. Аднойчы гэтыя правакацыйныя дзеянні могуць скончыцца авіякатастрофаю.

Самі па сабе падобныя інцыдэнты не стануцца нагодаю для сусветнай вайны. Аднак Захад мусіць будзе адрэагаваць на гібель сваіх людзей і, на думку аналітыкаў RAND, будзе разглядаць магчымасць нанясенне пунктавых удараў па асобных расейскіх вайсковых аб’ектах. Масква пэўна захоча нанесці ўдар у адказ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гіганцкая літара Z відаць на будынку ў Калінінградскай вобласці насупраць літоўскага мястэчка Пагегяй, Літва. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Omar Marques / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Як выглядаюць падобныя абмены ўдарамі, можна пабачыць на прыкладзе супрацьстаяння ЗША і Ірану на Блізкім Усходзе: абодва бакі стараюцца не перабольшыць з адказам, каб не справакаваць поўнамаштабнай вайны. Аднак сітуацыя ў любым выпадку небяспечная, асабліва з улікам таго, што Расея ў адрозненне ад Ірану – ядравая дзяржава.

Што гэта будзе азначаць для Беларусі?

Усё будзе залежыць ад таго, што канкрэтна станецца нагодаю для абвастрэння і як далёка эскалацыя зойдзе. Цалкам магчыма, што ніякіх наступстваў для Беларусі не будзе ўвогуле. Аднак праблема ў тым, што рэжым Лукашэнкі, няспынна бразгаючы зброяй, сам можа стварыць нагоду для ваенна-палітычнага крызісу.

Напрыклад, наведваючы войскі ў Ашмянскім раёне, Лукашэнка 26 сакавіка заявіў, што пры любым парушэнні дзяржаўнай мяжы ягоныя сілавікі мусяць адкрываць агонь на знішчэнне. Раней міністр абароны Віктар Хрэнін пагражаў збіваць самалёты NATO, а намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА Леанід Давідовіч абяцаў знішчаць нават цывільныя самалёты.

Рэч у тым, што наўмыснае або ненаўмыснае парушэнне дзяржаўнай мяжы – не рэдкасць, асабліва ва ўмовах павышанай актыўнасці на памежных тэрыторыях. За апошнія гады парушэнні дзяржаўнай мяжы неаднаразова фіксаваліся і з боку Беларусі, і з боку яе суседзяў. На шчасце, усё абмяжоўвалася нотамі пратэсту і да зброі справа не даходзіла. Аднак пасля такіх мілітарысцкіх установак ад Лукашэнкі нельга выключаць, што наступны інцыдэнт на мяжы пацягне за сабою кровапраліцце.

Сцэнар 3: Новы паход на Кіеў з Беларусі

У лютым – сакавіку 2022 года з Беларусі разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў на Кіеў. Спроба захапіць сталіцу Украіны тады скончылася поўным правалам: агрэсар зазнаў вялізарныя страты і быў вымушаны адступіць. З таго часу баявых дзеянняў на поўначы не вядзецца і маштабнай канцэнтрацыі войскаў у Беларусі не назіраецца. Аднак паўночны кірунак застаецца патэнцыйна небяспечны: ЗСУ вымушаныя трымаць тут частку сваіх сілаў і ўвесь час умацоўваць абарончыя рубяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці гуляюць на вяршыні танка, выстаўленага перад манументам «Радзіма-маці» ў Кіеве, Украіна. 28 сакавіка 2024 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

Як прызнаваўся летась тагачасны сакратар РНБА Аляксей Данілаў, пытанне пра сітуацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы закранаецца амаль на кожным паседжанні стаўкі. У прэсе перыядычна абмяркоўваюць пагрозу новага паходу на Кіеў або ўдару ў кірунку Луцк – Львоў, каб адрэзаць ЗСУ ад заходняй дапамогі. Для Расеі са стратэгічнага пункту гледжання наступ з тэрыторыі Беларусі на Кіеў або на заходнюю Украіну – гэта хіба што адзіная магчымасць у межах адной аперацыі нанесці смяротны ўдар Украіне і дасягнуць поўнай перамогі ў вайне.

Калі і пры якіх умовах гэта можа адбыцца?

З’яўленне новага фронту магчымае толькі пры адной умове: правядзенне маштабнай мабілізацыі. Бо цяпер рэзерваў для рэалізацыі падобных планаў у Расеі няма. Фактычна мабілізацыю могуць абвесціць у любы момант. Па-першае, у РФ адбыліся прэзідэнцкія выбары, Пуцін можа не баяцца, што непапулярныя рашэнні адаб’юцца на галоўнай электаральнай кампаніі. Па-другое, склалася зручная сітуацыя з прапагандысцкага гледзішча: толькі нядаўна адбыўся буйны тэракт у «Crocus City Hall», Крэмль імкнецца павесіць яго на Украіну, што можа быць выкарыстана як фармальная нагода для абвяшчэння мабілізацыі.

Агулам для наступу на Кіеў у лютым 2022 года Расея сканцэнтравала на тэрыторыі Беларусі не менш за 30 тысяч жаўнераў ды яшчэ каля 15 тысячаў у Бранскай і Курскай вобласцях. Досвед 2022-га паказаў, што гэтых сілаў апрыёры недастаткова. Плюс цяпер нельга разлічваць на эфект нечаканасці – наступаць давядзецца на добра падрыхтаваныя пазіцыі ЗСУ. З гэтага вынікае, што групоўка на кіеўскім кірунку мусіць быць у разы больш магутная – мінімум 100–120 тысячаў, на думку экспертаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія салдаты каля пункту збору ў межах частковай мабілізацыі ў Маскве, Расея. 4 кастрычніка 2022 года.
Фота: Sefa Karacan / Anadolu Agency / Abaca Press / East News

Калі арыентавацца на досвед 2022 года, стварэнне і разгортванне гэтай групоўкі зойме не менш за 4 месяцы (некалькі тыдняў на мабілізацыю, мінімум 2 месяцы на рыхтаванне рэзервістаў і больш за месяц на канцэнтраванне групоўкі). Таму нават калі ўжо цяпер у РФ абвесцяць мабілізацыю, то наўрад ці ўдасца завершыць разгортванне раней за восень 2024 года.

Што гэта будзе азначаць для Беларусі?

Падзеі 2022–2023 гадоў паказалі, што Лукашэнка не мае намеру з уласнай ініцыятывы дасылаць сваю армію ва Украіну. Імаверна, ён будзе імкнуцца ад гэтага ўхіліцца і ў далейшым, калі такая магчымасць у яго застанецца. Аднак перашкаджаць Расеі выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну Лукашэнка дакладна не стане.

Калі Беларусь пераўтворыцца ў плацдарм, то краіна можа зрабіцца арэнаю баявых дзеянняў нават без жадання Лукашэнкі. У пачатку вайны ў кіраўніцтва Украіны не было ні сілаў, ні рашучасці наносіць контрудары па беларускай тэрыторыі. Цяпер, падобна, яны маюць і адно, і другое. ЗСУ не раз дэманстравалі здольнасць арганізоўваць разбуральныя дыверсійныя рэйды ў памежных раёнах і наносіць удары на сотні кіламетраў углыб варожай тэрыторыі.

Чаму падобнай эскалацыі можа не быць?

Расейскае кіраўніцтва можа палічыць рызыкі адкрыцця паўночнага фронту завялікімі, а імавернасць поспеху – замалою. Прынамсі на сёння гэта выглядае менавіта так. Калі захапіць Бахмут або Аўдзееўку ўдалося толькі пасля шматмесячных баёў і цаною страты 15–20 тысяч жаўнераў, то ці рэальна ўвогуле захапіць такі вялізарны горад, як Кіеў? З улікам папярэдніх няўдачаў, расейскае кіраўніцтва можа паставіць перад сваёй арміяй больш абмежаваныя мэты.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў