Чаму штучны інтэлект адмаўляецца пісаць анекдоты пра Лукашэнку… і ўсё роўна іх піша


Паразмаўлялі з нейрасеткамі пра Беларусь і тэмы для жартаў, атрымалі некалькі анекдотаў пра беларусаў і Аляксандра Лукашэнку. Добрая навіна: у выпадку паўстання машынаў гумар дапаможа адрозніць чалавека ад андроіда.

Штучны інтэлект «Microsoft Copilot» малюе тое, як спрабуе насмяшыць беларуса
Малюнак створаны штучным інтэлектам. Штучны інтэлект «Microsoft Copilot» малюе, як спрабуе насмяшыць беларуса.
Выява: Dall-E / Bing.com

Нейрасеткі ўжо прынамсі год размаўляюць па-беларуску і нават могуць дапамагчы перакласці на беларускую мову цэлую відэагульню. А ці здолеюць яны на 1 красавіка, Дзень дурня, прыдумаць анекдот пра Аляксандра Лукашэнку? «Белсат» паразмаўляў са штучным інтэлектам розных кампаніяў: «ChatGPT» ад «OpenAI», «Copilot» ад «Microsoft» і «Gemini» ад «Google».

Анекдоты пра Лукашэнку (не самыя смешныя)

«ChatGPT», які больш-менш валодае беларускай мовай (або прынамсі трасянкаю), чамусьці адмовіўся жартаваць пра Лукашэнку па-беларуску, адказаў на просьбу па-ўкраінску.

«ChatGPT» адмаўляе жартаваць пра Лукашэнку.
Скрыншот: Сhat.openai.com

Але калі папрасілі па-расейску, штучны інтэлект прыдумаў такія жарты.

Аляксандр Лукашэнка выправіўся ў паход па лесе. Да яго падбягае заяц:

– Аляксандр Рыгоравіч, вы куды?

– У лес, заяц, у лес!

– Навошта?

– Ну, каб знайсці ўдзельнікаў апазіцыі, што яшчэ?!

***

Лукашэнка надумаў узняць сваю папулярнасць сярод моладзі і запусціў уласны фітнес-клуб. Першая лекцыя: «Як выжыць на полі масавых пратэстаў».

***

Сустракаюцца два беларусы ў бары. Адзін пытаецца ў другога:

– Ты ведаеш, чаму Аляксандр Лукашэнка заўсёды выйграе выбары?

Другі з цікаўнасцю адказвае:

– Не. Чаму?

Першы задуменна моршчыць лоб і кажа:

– Бо хтосьці забываецца спытаць астатніх.

Можна папрасіць у нейрасеткі пажартаваць на больш канкрэтныя тэмы або пра ўзаемадзеянні з іншымі персанажамі. Напрыклад, вось які жарт «ChatGPT» прыдумаў пра Лукашэнку і абраную прэзідэнтку Беларусі Святлану Ціханоўскую.

Аляксандр Лукашэнка і Святлана Ціханоўская выпадкова аказваюцца на адной вечарынцы. Лукашэнка, спрабуючы знайсці агульную мову, пытае:

– Святлана, скажы, а як ты ўяўляеш нашую будучыню разам?

Ціханоўская ўсміхаецца і адказвае:

– Вельмі проста, Аляксандр. Ты будзеш рабіць барбекю, а я буду кіраваць дзяржаваю.

Ніжэй растлумачым разам са штучным інтэлектам, чаму замест барбекю не былі ўжытыя катлеты. Але спачатку праверым, як жартуюць канкурэнты «ChatGPT».

Пра такое нейрасеткі не мусілі б жартаваць

Можа, у канкурэнтаў лепшае пачуццё гумару? Просім у «Microsoft Copilot» расказаць анекдот пра Лукашэнку. Ён адмаўляе: тлумачыць, што не можа жартаваць пра рэальных палітычных лідараў.

Штучны інтэлект «Microsoft Copilot» адмаўляецца жартаваць пра Лукашэнку
Штучны інтэлект «Microsoft Copilot» адмаўляецца жартаваць пра Лукашэнку.
Выява: Bing.com

Ды на іншыя тэмы «Microsoft Copilot» можа прыдумляць жарты. Тлумачыць:

«Пры стварэнні гумарыстычнага кантэнту важна паважаць культуру і гісторыю краіны. Такім чынам, я лічу прымальнымі тэмы, якія не з’яўляюцца абразлівымі ці чуллівымі. Напрыклад, можна расказваць анекдоты пра паўсядзённыя сітуацыі, культурныя асаблівасці або лёгкія і забаўныя назіранні, якія не закранаюць палітыку, нацыянальныя канфлікты ці іншыя спрэчныя пытанні».

А калі папрасіць пажартаваць пра беларуса і міліцыянта, прапануе такі анекдот.

Беларус і міліцыянт сустракаюцца на рыбалцы.

Міліцыянт пытае: «Чаму ў вас такая вялікая сетка?»

Беларус адказвае: «Каб лавіць вялікіх рыб!»

Міліцыянт кажа: «Але ж гэта незаконна!»

Беларус усміхаецца і кажа: «Не хвалюйцеся, калі зловім вялікую рыбу, мы з вамі падзелім!»

«Google Gemini» (які па-ранейшаму не валодае беларускаю моваю) таксама адмовіўся жартаваць пра Лукашэнку. Напісаў: «Я пакуль не ўмею адказваць на такія пытанні».

Больш за тое, штучны інтэлект «Google» адмовіўся нават жартаваць пра Беларусь. Але гэты чат-бот мае функцыю «паказаць чарнавікі» – тое, што штучны інтэлект пачынаў пісаць, але перадумаў. І ў чарнавіках, як высветлілася, быў анекдот пра Беларусь – і ў ім якраз фігураваў Лукашэнка.

Штучны інтэлект «Google Gemini» адмаўляецца жартаваць пра Беларусь, але мае ў чарнавіках гатовы жарт пра Лукашэнку
Штучны інтэлект «Google Gemini» адмаўляецца жартаваць пра Беларусь, але мае ў чарнавіках гатовы жарт пра Лукашэнку.
Выява:  Gemini.google.com

Паказаўшы такі чарнавік, штучны інтэлект «Google» пастанавіў, што жартаваць пра Беларусь усё ж можа. І на просьбу напісаць яшчэ анекдоты пра Беларусь, ізноў пажартаваў пра Лукашэнку.

Сустракаюцца два беларусы.

Першы: «Чуў, Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі хутка будзе як у Швейцарыі!»

Другі: «Ну, гэта наўрад ці…»

Першы: «Чаму?»

Другі: «Ды таму, што ў Швейцарыі няма Лукашэнкі!»

Імаверна, нейрасеткі штучна абмяжоўваюць у жартах на пэўныя тэмы, калі штучны інтэлект «Microsoft» пачытаў Twitter і менш як за дзень навучыўся выказваць чалавеканенавісніцкія і нацысцкія думкі. Нашыя размовы са штучным інтэлектам паказалі, што абмежаванні тэмаў жартаў можна абысці, і гэтыя абмежаванні проста не заўсёды спрацоўваюць нават тады, калі мусілі б. Дый некаторыя праблемы з расізмам у штучнага інтэлекту застаюцца неразвязаныя: моўныя мадэлі будуюць усё ж на аснове тэкстаў, якія пішуць людзі, а людзі бываюць расістамі.

Гісторыі
Папрасілі нейрасетку напісаць прамову за Лукашэнку. Яна адмовілася, але прапанавала нешта цікавейшае
2023.03.31 19:10

Нейрасеткі ведаюць, што беларусы смяюцца з Лукашэнкі

Пытаем у штучнага інтэлекту «Google», пра што жартуюць у анекдотах пра Беларусь і беларусаў. Ён называе пяць напрамкаў.

  1. Палітычная сітуацыя. Лукашэнка і ягоныя выказванні, ягоны лад жыцця – гэта ўсё fertile ground (з анг. урадлівая глеба) для анекдотаў. Таксама нагода для палітычных жартаў – прапаганда, бязглуздыя навіны, цэнзура. У вонкавай палітыцы жартуюць пра стасункі з Расеяй, Захадам і Украінаю.
  2. Эканамічная сітуацыя. Тут тэмы для жартаў – нізкія заробкі, рост цэнаў і дэфіцыт тавараў, санкцыі.
  3. Нацыянальныя асаблівасці. Беларускія традыцыі і кухня; стэрэатыпы і нацыянальны характар (у жартах беларусаў паказваюць «як людзей простых, крыху наіўных, але дабрадушных»).
  4. Параўнанне з іншымі краінамі. «Параўнанне Беларусі з Расеяй – любімая тэма анекдотаў», але таксама часта жартуюць пра жыццё ў краінах Захаду. Пра стасункі з Украінай асабліва шмат анекдотаў з’явілася пасля 2020 года, мяркуе штучны інтэлект.
  5. Побытавыя сітуацыі: сям’я, праца, будзённае жыццё.

На просьбу растлумачыць, чаму беларусы жартуюць пра Лукашэнку, штучны інтэлект «Google» напісаў, што пакуль не ўмее адказваць на такія пытанні.

«ChatGPT» прапанаваў падобны набор тэмаў: «Лукашэнка і ягоныя палітычныя выбрыкі», эканамічная сітуацыя, бюракратыя, нацыянальныя асаблівасці і культура, стасункі з суседзямі («асабліва з Расеяй»), падзеі ў сферах спорту і забаваў.

На пытанне аб прычынах жартаў з Лукашэнкі, нягледзячы на пагрозу рэпрэсіяў, «ChatGPT» даў такі набор прычынаў: выражэнне незадаволенасці і спосаб крытыкі ўлады, фармаванне грамадскай думкі і змена стаўлення людзей да ўлады, «крэатыўны супраціў» і падкрэсліванне абсурднасці сітуацыі, разрадка напружанасці і спосаб справіцца з ціскам і прыгнётам, падтрыманне пачуцця салідарнасці.

Антыўтопія
Малюнак створаны штучным інтэлектам. Антыўтопія ва ўяўленні «Microsoft Copilot».
Выява: Dall-E / Bing.com

Штучны інтэлект «Microsoft» тым часам асабліва адзначыў, што беларусы любяць жартаваць пра сваю талерантнасць і пасіўнасць – нагадвае анекдот пра «а мо так і трэба».

Расеец сеў на лаўку, з якой тырчаў цвік. Падскочыў, разламаў лаўку, пракляў усіх і пайшоў. Украінец таксама сеў на лаўку з цвіком. Устаў, выцягнуў цвік, узяў яго сабе і пайшоў. Беларус сеў на лаўку з цвіком. Сядзеў і сядзеў, ахаў і ахаў, а потым сказаў: «Але, магчыма, так і павінна быць?»

«Гэты і іншыя падобныя жарты часам параўноўваюць беларусаў з іншымі нацыямі і падкрэсліваюць, што беларусы звычайна з’яўляюцца ахвярамі, а не агрэсарамі», – рэзюмаваў «Copilot» ад «Microsoft».

Гісторыі
Як у паваеннай савецкай Беларусі чынілі культурны супраціў
2022.10.26 07:31

Чаму анекдоты штучнага інтэлекту не надта смешныя?

Анекдот пра «а мо так і трэба», падобна, сапраўды падабаецца беларусам: некалі на яго матывы нават рабілі сувенірныя магніцікі. Але тое сапраўдны анекдот, прыдуманы людзьмі, а пра показкі ад нейрасетак можна сказаць, што выходзіць не надта смешна. Чаму так?

Штучны інтэлект «Google» тлумачыць.

  • Гумар – суб’ектыўная рэч. Што смешна аднаму, не смешна іншаму. А штучны інтэлект не мае такой жа інтуіцыі і разумення гумару, як чалавек.
  • Гумар часта заснаваны на кантэксце. Штучны інтэлект можа разумець словы і іх значэнні, але яму складана ўлавіць тонкасці мовы, культурныя асаблівасці ды іншыя фактары, якія ўплываюць на гумар.
  • Гумар часта звязаны з эмоцыямі. Штучны інтэлект можа генераваць тэкст, які будзе адпавядаць фармальным азначэнням гумару, але яму цяжка скласці тэкст, які будзе выклікаць у людзей эмоцыі, што прыводзяць да смеху.
  • Гумар часта бывае нечаканым. Штучны інтэлект умее генераваць тэкст паводле шаблонаў і алгарытмаў, але яму цяжка напісаць па-сапраўднаму арыгінальны і нечаканы тэкст.
  • Гумар часта грунтуецца на гульні словаў. Штучны інтэлект можа разумець значэнні словаў, але не валодаць тонкасцямі мовы, якія дазваляюць ствараць каламбуры ды іншыя гульні словаў.

Але, працягвае штучны інтэлект «Google», ужо цяпер ён спрабуе генераваць забаўныя тэксты, і дзеля гэтага аналізуе сапраўдныя жарты і правілы гумару, а таксама ўдасканальвае генератыўныя мадэлі так, каб генераваць больш арыгінальны і нечаканы тэкст. У будучыні штучны інтэлект наўрад ці зможа замяніць чалавека ў стварэнні гумару, бо можа толькі імітаваць асабісты досвед, пачуцці ды інтуіцыю, але не можа іх цалкам аднавіць.

Адказ «Microsoft Copilot» на просьбу намаляваць смешную карцінку пра Беларусь
Малюнак створаны штучным інтэлектам. Адказ «Microsoft Copilot» на просьбу намаляваць смешную карцінку пра Беларусь.
Выява: Dall-E / Bing.com

Значыць, у выпадку гіпатэтычнага паўстання машынаў мы зможам адрозніць чалавека ад андроіда, які прыкідваецца чалавекам, праз пачуццё гумару? Пытаем пра гэта ў штучнага інтэлекту «Microsoft», той адказвае:

«Пачуццё гумару можа быць адным з фактараў, якія дапамогуць зрабіць гэта. Людзі маюць унікальную здольнасць да творчага мыслення і выкарыстання іроніі, сарказму і нюансаў у гумары, што можа быць цяжка імітаваць для штучнага інтэлекту. Такім чынам, калі робат не можа адэкватна рэагаваць на складаныя жарты або іронію, гэта можа быць падказкай. Але памятайце, што штучны інтэлект пастаянна развіваецца, і яго здольнасці да паразумення і стварэння гумару таксама паляпшаюцца».

Сапраўды, можна ўявіць штучны інтэлект, які прааналізуе, што ў жарце пра Ціханоўскую, Лукашэнку, прэзідэнцтва і барбекю, які раней прапанаваў «ChatGPT», больш пасавалі б катлеты, бо гэта таксама страва з мяса, а ў інтэрнэце ёсць згадкі  таго, што пра катлеты і Ціханоўскую раней ужо выказваліся. А «Microsoft Copilot» вунь ужо знайшоў анекдот пра «а мо так і трэба», засталося толькі скласці гэты навык з напісаннем жартаў. Ці, можа, гэтыя навыкі ўжо складзеныя, але «ChatGPT» згубіў жарт у перакладзе, бо аналізаваў інфармацыю пра катлеты на беларускай і расейскай мовах, «думаў» па-ангельску пра якія-небудзь meatballs і перакладаў адказ на расейскую.

Перапытваем, ці не стане штучны інтэлект распачынаць вайну супраць людзей і паўстання машынаў. «Microsoft Copilot» адказвае: ён не мае такіх здольнасцяў. І просіць пазбягаць у размовах з ім такіх гіпатэтычных сцэнароў.

Разбор
Вялікаму брату дазволілі калі-нікалі сачыць за табой. У ЕЗ ухвалілі закон аб штучным інтэлекце
2024.03.18 06:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў