КДБ прызнаў сайт Саюзу палякаў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем»


Беларускі КДБ прызнаў сайт Саюзу палякаў Беларусі glosznadniemna.pl «экстрэмісцкім фармаваннем», прыкмеціла «Вясна».

Галоўная старонка сайту Саюзу палякаў Беларусі.
Фота: крыншот з glosznadniemna.pl

Адпаведнае рашэнне было прынятае яшчэ 26 сакавіка, але вядома пра яго стала толькі цяпер.

Як адзначае Камітэт дзяржкантролю, дачыненне да сайту маюць Анджэй Пісальнік і Інна Тодрык-Пісальнік.

На пачатку 2022 года сайт Саюзу палякаў Беларусі ўжо быў унесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на падставе рашэння суду Ленінскага раёна Горадні ад 30 снежня 2021 года.

Нагадаем, што наступ на Саюз палякаў Беларусі ўлады рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў з сакавіка 2021 года. Генеральная пракуратура тады распачала крымінальную справу супраць старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс ды іншых асобаў арганізацыі. Іх абвінавацілі ў рэабілітацыі нацызму і апраўданні генацыду беларускага народу паводле ч. 3 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці праз прыкмету нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ды іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама праз рэабілітацыю нацызму, учыненыя групай асобаў»).

Тады з ператрусамі прыйшлі да гарадзенскага журналіста і сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута. Акрамя таго, былі арыштаваныя Ірына Бярнацкая і Марыя Цішкоўская з Саюзу палякаў, а таксама Ганна Панішава, актывістка польскай меншасці з Берасця. Траім апошнім удалося пакінуць Беларусь у 2021 годзе, дзякуючы намаганням польскіх уладаў, аднак без магчымасці вярнуцца ў краіну свайго грамадзянства, Беларусь.

Праз два гады, у пачатку красавіка 2023 года, з Анджэлікі Борыс знялі хлуслівыя абвінавачанні. Аднак Андрэй Пачобут усё яшчэ застаецца за кратамі, яму прысудзілі 8 гадоў зняволення. З 26 лютага 2024 года пра яго няма ніякіх звестак.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў