Ці сапраўды беларусы пражываюць нанова 1937 год? Гісторык – пра асаблівасці рэінкарнацыі сталінізму ў Беларусі


Беларусь – самая савецкая з постсавецкіх краін. Прынамсі, гэта вельмі актыўна падкрэсліваць яе ўлады. На фоне няспынных рэпрэсіяў пасля падзеяў 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўсё больш параўноўваюць са сталінскім, а 2021-2023 гады – з перыядам сталінскіх рэпрэсіяў. Што агульнага і адрознага ў двух рэжымаў, ці сапраўды беларусы па новым коле пражываюць 30-я гады мінулага стагоддзя і як нам адгукнуцца ў будучыні цяперашнія рэпрэсіі ў Беларусі? Разбіраемся разам з гісторыкам Алесем Пашкевічам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

«Агульная рыса беларускай сітуацыі са сталінскай эпохай – нацэленасць улады на гвалт»

– Якія агульныя рысы паміж савецкім і беларускім рэжымамі вы бачыце? На вашу думку, чаму ўлады Беларусі да гэтай пары звяртаюцца да савецкага досведу ў сваім кіраванні?

– Галоўная агульная рыса паміж савецкім і лукашэнкаўскім рэжымамі – імкненне да поўнай манаполіі на ўладу, нецярпімасць да любой рэальнай канкурэнцыі на палітычным полі. Грамадства ў такой сістэме не з’яўляецца самастойным суб’ектам, з думкамі якога трэба лічыцца, усе важныя рашэнні прымае вузкае кола людзей, а то і ўвогуле адзін чалавек.

Дзяржава ў такой сістэме імкнецца кантраляваць літаральна ўсе сферы функцыянавання грамадства – палітыку, эканоміку, культуру, адукацыю, спрабуе залазіць нават у прыватнае жыццё людзей. У лукашэнкаўскай сістэме, праўда, свабоды было куды больш, чым у Савецкім Саюзе, прынамсі дапускалася існаванне прыватнага сектару ў розных сферах, захоўваліся таксама структуры аўтаномнай ад дзяржавы грамадзянскай супольнасці.

Але ў апошнія гады гэтае адрозненне фактычна зводзіцца на нішто – пагроза страты ўлады змусіла адкінуць усё тое, што да пары вымушана цярпелася з тактычных меркаванняў.

Адносна таго, чаму ўлады Беларусі да гэтай пары звяртаюцца ў кіраванні да савецкага досведу – то ў гэтым нічога дзіўнага няма. Гэта той досвед, які ім блізкі і зразумелы, які яны ўсмакталі літаральна з малаком маці. Сам Аляксандр Лукашэнка – чалавек ментальна глыбока савецкі, і ўсё атачэнне збольшага падбіралася ім паводле падабенства да самога сябе. А калі засвоеныя з маладосці практыкі працуюць, то навошта іх мяняць, навошта напружвацца, прыдумляючы нешта новае? Тым больш калі ў галаве не будучыня краіны і народу, а толькі захаванне сваёй уласнай неабмежаванай улады.

– Савецкі досвед – розны. Гэта і беларусізацыя 1920-х, і перабудова канца 1980-х. Аднак з 2020 года сітуацыю ў Беларусі ўсё часцей параўноўваюць са сталінскай эпохай. Якія агульныя і адрозныя рысы вы маглі б вылучыць?

– Агульная рыса сучаснай беларускай сітуацыі менавіта са сталінскай эпохай – нацэленасць улады пры ўзаемадзеянні з грамадствам перадусім, а часам і выключна толькі на гвалт. У цяперашняй Беларусі цалкам зніклі элементы нефармальнага сацыяльнага кантракту паміж уладай і грамадствам. Наяўнасць такога ўмоўнага кантракту адчувалася ўвесь ранейшы перыяд кіравання Лукашэнкі, і гэта рабіла ягоны рэжым падобным хутчэй на паслясталінскія часы, асабліва на часы брэжнеўскага застою. Сутнасць гэтага кантракту – нефармальнае пагадненне, што грамадства адмаўляецца ад любых прэтэнзіяў на палітычную ўладу, а ўлада за гэта ў меру сваіх сілаў і магчымасцяў забяспечвае насельніцтву ягоныя асноўныя сацыяльныя патрэбы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Пры Сталіне дзяржава забірала ад людзей усё, фактычна нічога не даючы ўзамен. Каб прымусіць іх падпарадкоўвацца і працаваць на сябе, прымяняўся бязлітасны гвалт. Можна сказаць, што на практыцы большая частка насельніцтва ўвогуле не мела ніякіх правоў, нягледзячы на дэкларацыі ў Канстытуцыі і законах. Тое ж самае мы назіраем і ў сучаснай Беларусі: фактычна апаненты Лукашэнкі выведзеныя па-за прававую сферу, законы на іх не распаўсюджваюцца і ніякіх гарантый ім ніхто не дае. Затое ў любы момант можа абрынуцца з рэпрэсіямі на надуманых падставах, раптоўна паламаўшы ўсё жыццё. Як, уласна кажучы, і пры Сталіне.

«Лукашэнку трэба паслухмянае і пакорлівае грамадства, але з куды больш сціплай матывацыяй, у адрозненні ад Сталіна»

– І кіраванне Сталіна, і кіраванне Лукашэнкі азнаменаваліся масавымі рэпрэсіямі напярэдадні вайны: у першым выпадку Другой сусветнай, у другім – вайной ва Украіне. Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца да гэтай пары. Адныя кажуць, што ў нас 1937 год, іншыя – першая палова 30-х. На вашую думку, хто хутчэй мае рацыю, з якім перыядам сталінскага кіравання можна параўнаць цяперашнія рэпрэсіі і чаму?

– Мне здаецца, што параўнанні і прамыя паралелі тут увогуле дастаткова ўмоўныя ў першую чаргу з-за рознай прыроды гэтых рэпрэсій, іншай іх матывацыі. У выпадку сталіншчыны для рэпрэсій не было непасрэднага штуршка ў выніку народнага паўстання, яны не былі помстай грамадству за нелаяльнасць. Сталін задумаў і праводзіў рэпрэсіі дзеля таго, каб стварыць цалкам паслухмянае ды пакорлівае грамадства, патрэбнае яму для дасягнення пастаўленых амбіцыйных палітычных, ці нават геапалітычных, мэтаў. То бок рэпрэсіі былі не сітуатыўнымі, а ідэйнымі і планавымі, у тым ліку больш-менш распланаванымі, былі і пераходы на этапы.

Акрамя таго, сталінскія рэпрэсіі мелі паспрыяць – зноў жа, планава, – і стварэнню спецыфічнай эканамічнай мадэлі, якая ўключала ў сябе калектывізацыю і стварэнне сістэмы ГУЛАГу. Мільёны людзей практычна працавалі задарма, а з вёскі выпампоўваліся рэсурсы, якія скіроўваліся на індустрыялізацыю, прамысловую мадэрнізацыю краіны, стварэнне магутнага ВПК і г. д. Была ў наяўнасці мабілізацыя праз гвалт усіх магчымых рэсурсаў краіны дзеля вырашэння пастаўленых глабальных задач ажно да сусветнага панавання.

Прырода рэпрэсій эпохі позняга лукашызму зусім іншая. Рэпрэсіі тут – рэакцыя на рэальную пагрозу аднаасобнай уладзе правадыра і адпаведна ўсёй сістэме. Лукашэнка разгарнуў няспынны гвалт з такім размахам з мэтай не мабілізацыі грамадства дзеля нейкіх высокіх мэтаў, а дзеля банальнага задушэння ў ім усялякага пратэснага патэнцыялу. Тут таксама трэба паслухмянае і пакорлівае грамадства, але з куды больш сціплай матывацыяй. І ў гэтым значная розніца.

– Параўнайце, калі ласка, маштабы, сацыяльны склад рэпрэсій, ролю сілавікоў і прапаганды, метады і матывы, якімі ажыццяўляліся рэпрэсіі ў сталінскія часы і цяпер.

– Увогуле маштабы рэпрэсій у лукашэнкаўскай Беларусі пакуль што яшчэ не дасягнулі размаху сталінскіх часоў, але тэндэнцыі развіцця, якія мы можам назіраць, на жаль, ніякіх падстаў для аптымізму не даюць. Рэпрэсіі ў Беларусі даўно страцілі кропкавы характар і ўсё часцей абрынаюцца на цэлыя сацыяльныя, прафесійныя і іншыя групы, якія па тых ці іншых прычынах успрымаюцца як нелаяльныя. Увесь час мы чуем пра чысткі і затрыманні ў асяродках то айцішнікаў, то банкіраў, то лекараў, то выкладчыкаў, то экскурсаводаў, то яшчэ каго – відаць, не засталося ўжо ніводнай супольнасці, якую рэпрэсіі зусім не кранулі. Вялікія і дробныя начальнікі фактычна ўжо абавязаныя праводзіць чысткі сярод сваіх падначаленых, для новапрызначаных гэта, трэба думаць, цяпер першачарговая ўмова для прасоўвання па службе.

Прычым усё гэта набывае характар арганізаваных кампаній – сістэмна пераследуюць то за подпісы за апазіцыйных кандыдатаў падчас выбараў, то за данаты ў фонды салідарнасці, то за ўдзел у пратэсных мерапрыемствах некалькігадовай даўніны. Усё гэта, вядома, вельмі нагадвае практыкі сталінскіх часоў.

Яшчэ адзін элемент, які вельмі нагадвае часы сталінізму – поўны прававы дэфолт і ўсеўладдзе рознага кшталту сілавікоў. Ніякі чалавек абсалютна не абаронены ад дзяржаўнага гвалту, і адсутнасць хоць бы якіх доказаў віны не ёсць для чалавека выратаваннем – пасадзіць могуць на падставах, літаральна высмактаных з пальца. Ва ўмовах паслясталінскага савецкага рэжыму, як і ва ўмовах лукашызму да 2020 года, існавалі пэўныя «чырвоныя лініі», не перакрочваючы якіх чалавек мог нават неяк франдзіраваць і пры гэтым адчуваць сябе больш-менш у бяспецы. Цяпер жа такіх ліній у Беларусі, як і ў СССР пры Сталіну, ужо няма – прыйсці з вялікай верагоднасцю могуць нават да таго, хто даўно «лёг на дно» і цалкам адмовіўся ад нейкай публічнай актыўнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Reuters / Forum

Суды ўсё часцей выносяць сапраўды сталінскія прысуды: 10, 15, 20, 25 гадоў… Такія прысуды ўжо, як ні прыкра, сталі для нас будзённасцю і па сутнасці ўспрымаюцца як неадлучная частка рэчаіснасці. Але ёсць і істотнае адрозненне – пакуль лукашэнкаўскі рэжым устрымліваецца ад вынясення сваім палітычным праціўнікам вышэйшай меры пакарання, хоць і мае такую магчымасць паводле заканадаўства. У сталінскай практыцы, як вядома, такая мера пакарання была вельмі пашыраная, Лукашэнка ж акурат гэты рубікон на дадзены момант перайсці чамусьці яшчэ не наважыўся, і стрымліваецца яўна свядома.

Пакуль захоўваецца ў Беларусі і такая магчымасць асабістага ратавання ад рэпрэсій, як выезд за межы краіны: з яе скарысталіся як мінімум дзясяткі, а то і сотні тысяч людзей. У СССР – прытым не толькі сталінскім, – з яго закрытымі межамі такая опцыя адсутнічала, людзі знаходзіліся фактычна ў пастцы. Лукашызм жа многім сваім апанентам дае выбар паміж турмой і эміграцыяй, прынамсі на дадзены момант.

«Наша траўмаванае грамадства будзе пераадольваць наступствы цяперашняга дзяржаўнага тэрору вельмі доўга»

– Як адбывалася рэабілітацыя ахвяраў сталінскіх рэпрэсій?

– Пасля смерці Сталіна ягоныя паплечнікі, якія здолелі перахапіць уладу з рук дыктатара, не хацелі працягваць рэпрэсіўную палітыку на тым самым узроўні. Ужо літаральна праз пару дзён пасля пахавання пачаўся працэс запаволення рэпрэсіўнай машыны. Спыняліся заведзеныя палітычныя справы, адмяняліся раней вынесеныя судовыя рашэнні, людзі пачалі вызваляцца з лагераў і ссылак. Для тых, хто быў расстраляны ці памёр у месцах зняволення, прымянялася практыка пасмяротнай рэабілітацыі.

Асабліва інтэнсіўным працэс рэабілітацыі палітычных зняволеных пайшоў пасля ХХ з’езду КПСС з афіцыйным асуджэннем культу асобы Сталіна, потым з сярэдзіны 1960-х ён запаволіўся, а новы імпульс набыў у канцы 1980-х, ужо ў часы гарбачоўскай перабудовы.

Перш за ўсё рэабілітацыі падлягалі тыя, хто быў асуджаны рознымі пазасудовымі органамі накшталт «троек» і «асобых нарад», але пераглядаліся і пастановы судоў. Праўда, пад рэабілітацыю, як правіла, не патраплялі тыя, хто ці рэальна змагаўся супраць савецкай улады, ці сапраўды здзейсніў тыя ці іншыя злачынствы.

Пасля распаду СССР рэабілітацыю ахвяр сталінскіх рэпрэсій кожная былая рэспубліка праводзіла ўжо ў сябе і на аснове нацыянальнага заканадаўства. У большасці краін яна была працягнутая, у Беларусі ж пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі фактычна сышла на нішто.

– Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы. Пры гэтым эпоха Сталіна пакуль застаецца недаасэнсаванай, ягоны рэжым не прызнаны злачынным, ніякай дэсаветызацыі ў Беларусі практычна не адбылося. Чым гэта пагражае?

– Я б не сказаў нават, што гэта яшчэ толькі пагражае: пагрозы, якія нёс такі стан, фактычна ўжо ўвасобіліся ў рэальнасць, прытым дастаткова даўно. І не толькі ў нас, але і ў Расеі. Тое, што савецкі рэжым не быў прызнаны злачынным і не быў узяты курс на рашучую дэсаветызацыю па прыкладу дэнацыфікацыі ў Германіі, стварыла ўрэшце паспяховую базу для рэцыдыву. Бо грамадству не тлумачылася на сістэмнай аснове, да якіх наступстваў можа прыводзіць «моцная рука». Якраз наадварот, на ўсіх узроўнях праводзілася думка адносна і агульнакамуністычных, і канкрэтна сталінскіх практык, што там «усё не так адназначна».

Калі ёсць агульная ўстаноўка, што са Сталіным і бальшавізмам звязана, маўляў, не толькі кепскае, але шмат і добрага, то асабліва ў часы грамадскіх крызісаў у многіх людзей узнікае думка, што нічога страшнага не было б, каб да гэтых практык і вярнуцца дзеля вырашэння нейкіх праблем. Вядома, пераважная большасць людзей пры гэтым наіўна спадзяецца, што ўдасца вярнуць і прыстасаваць для сваіх мэтаў толькі «добрае», а кепскае адкінуць. У выніку, аднак, даводзіцца, як правіла, поўнай лыжкай чэрпаць і тое, і іншае, бо аднаго без другога не бывае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vladimir Nikolsky / Reuters / Forum

Дык вось для таго, каб калі не цалкам перадухіліць, то прынамсі мінімалізаваць пагрозы рэваншу злачынных рэжымаў з іх практыкамі, якраз і патрэбныя прадуманыя мэтанакіраваныя доўгатэрміновыя нацыянальныя кампаніі па дэсаветызацыі, дэсталінізацыі, дэлукашызацыі і да т. п. У адваротным выпадку гісторыя рана ці позна зробіць кола, і грамадства адправіцца не засвоеныя раней урокі вучыць паўторна.

– Да чаго прывялі сталінскія чысткі і рэпрэсіі? Як могуць адгукнуцца беларусам цяперашнія рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі?

– Сталінскія чысткі і рэпрэсіі прывялі народы СССР, у тым ліку і беларускі, да трагічных наступстваў. Сталінскім тэрорам быў пераламаны хрыбет усяму грамадству, найлепшыя прадстаўнікі якога ці былі знішчаныя фізічна, ці прайшлі праз нялюдскія выпрабаванні, страціўшы найбольш прадуктыўныя гады свайго жыцця. Тыя, хто перажыў рэпрэсіі, доўгі час былі скаваныя страхам, многія ад яго не вызваліліся да самай смерці. Наступствы той сацыяльнай траўмы не пераадоленыя да гэтай пары і розным чынам адгукаюцца.

Несумненна будуць мець вельмі негатыўныя наступствы і цяперашнія рэпрэсіі ў Беларусі. Гэта непазбежна ў любым выпадку, а асабліва ў тым, калі гэты перыяд зацягнецца надоўга. Мы ўжо зараз назіраем, як у спецыяльна створаных нялюдскіх турэмных умовах людзі страчваюць здароўе і зняверваюцца, праз рэпрэсіі разбураюцца сем’і, дзеці гадуюцца без бацькоў. Шмат беларусаў вымушана выехала за мяжу і няма сумневу, што значная іх частка будзе страчана для Беларусі назаўсёды. Не ідзе на карысць цяперашняя сітуацыя беларускай мове і культуры, з якой яны яўна выйдуць яшчэ больш аслабленымі.

Несумненна, што наша траўмаванае грамадства будзе пераадольваць наступствы цяперашняга дзяржаўнага тэрору вельмі доўга, як мінімум дзесяцігоддзямі. Але ў той жа час можна спадзявацца, што гэтыя сумесныя негатыўныя перажыванні паспрыяюць выпрацоўцы ў нас на нейкі час калектыўнай прышчэпкі ад аўтарытарызму. І адначасова змаганне супраць лукашызму ў перспектыве стане менавіта тым усім зразумелым аб’яднаўчым элементам гістарычнай памяці, якога мы дагэтуль не мелі.

СП belsat.eu

Стужка навінаў