Міністр замежных справаў Беларусі прыляцеў у Кенію. Там мае праект паплечнік Шэймана


Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла 1 красавіка аб пачатку візіту міністра Сяргея Алейніка ў Кенію. Мэтамі візіту афіцыйна называюць «палітычную супрацу, эканамічныя праекты, умацаванне нарматыўна-прававой базы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Найробі, сталіца Кеніі.
Фота: Daniel Arts Kandie / Pxhere.com, CC0

Беларусь і Кенія маюць дыпламатычныя стасункі з 1993 года, у Кеніі ёсць беларуская амбасада, тамтэйшы амбасадар таксама па сумяшчальніцтве прадстаўляе Беларусь у Танзаніі, Угандзе і Эфіопіі. Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з прэзідэнтам Кеніі на форуме ў Кітаі ў 2017 годзе. Кенія сярод нешматлікіх краінаў, якія прынялі новых беларускіх амбасадараў пасля 2020 года – амбасадарам там цяпер з’яўляецца колішні начальнік ўпраўлення Дэпартаменту замежнаэканамічнай дзейнасці МЗС Павел Узяткін.

Гандлёвы абарот між краінамі мікраскапічны: не перавышаў 50 млн долараў на год, у 2021 годзе ўпаў да 10,5 млн: экспарт у Кенію з Беларусі склаў 3,1 млн, імпарт з Кеніі ў Беларусь – 7,4 млн долараў. У Кенію пастаўляюць вымяральную апаратуру, прылады для аўтаматычнага кіравання, вылічальныя машыны, лекі. З Кеніі ў Беларусь вязуць кветкі, фрукты, насенне, каву.

Аднак, як нядаўна расказала выданне «The Weekly Review», кенійскі ўрад збіраецца набыць беларускіх трактароў і іншай тэхнікі на 320 мільёнаў долараў праз кампанію, зарэгістраваную бізнесоўцам Аляксандрам Зінгманам, блізкім да паплечніка Лукашэнкі Віктара Шэймана.

Угода ўжо сама па сабе даволі рызыкоўная для Кеніі, бо Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі. Тым не менш кенійскі ўрад ідзе на такі крок. Старшыня кенійскай дзяржаўнай крэдытнай арганізацыі Agricultural Finance Corporation звяртаўся ў генеральную пракуратуру і прасіў аб дапамозе ў складанні міжурадавага пагаднення паміж Кеніяй і Беларуссю, мяркуючы пры гэтым, што праект на шмат мільёнаў долараў будзе фінансавацца па льготным крэдыце Беларусі.

Hавiны
Новы праект Аляксандра Зінгмана: медыі апублікавалі падрабязнасці загадкавай угоды паміж Кеніяй і Беларуссю
2023.03.13 19:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў