Вагнэраўцы ў Беларусі: колькі засталося і чым яны займаюцца?


Большасць вагнэраўцаў, якія прыбылі ўлетку 2023 года, ужо даўно пакінулі Беларусь. Аднак частка з іх дасюль застаецца ў краіне і працягвае супрацу з лукашэнкаўскімі сілавікамі. Belsat.eu распавядае, што вядома пра прысутнасць вагнэраўцаў у Беларусі, а таксама, чаго чакаць далей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Практычныя заняткі вайскоўцаў ўнутраных войскаў па агнявой падрыхтоўцы. 1 сакавіка 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

Эпапея з размяшчэннем вагнэраўцаў у Беларусі распачалася ў канцы чэрвеня 2023 года, калі найміты ўчынілі няўдалы мяцеж у Расеі, а Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатовасць забраць іх да сябе. Першая вялікая калона байцоў ПВК Вагнэра прыбыла ў краіну 15 ліпеня. Цягам наступных тыдняў іх колькасць імкліва павялічвалася, дасягнуўшы, паводле некаторых звестак, 6,5–7 тысячаў байцоў. Найміты пачалі трэнаваць беларускіх сілавікоў, пра што шмат распавядалі праўладныя медыі. Аднак ужо ў жніўні стаў назірацца адток вагнэраўцаў з Беларусі.

У верасні ў медыях з’явілася інфармацыя пра тое, што ПВК Вагнэра стане адасобленым падраздзяленнем Нацыянальнай гвардыі Расеі і неўзабаве мусіць вярнуцца на фронт ва Украіну. Паведамлялася, што ўсім байцам было прапанавана падпісаць індывідуальны кантракт з «Расгвардыяй», пры гэтым заробак ім абяцалі той жа, што і ў ПВК. Пад гэтую рэарганізацыю ў РФ нават прынялі асобны закон аб добраахвотніцкіх фармаваннях пры «Расгвардыі».

Напрыканцы верасня, паводле звестак украінскіх спецслужбаў, колькасць наймітаў на беларускай тэрыторыі скарацілася прыкладна да 1000 чалавек. Тыя найміты, што яшчэ заставаліся ў Беларусі, часцяком былі вымушаныя сядзець без справы і займацца абы-чым. Напрыклад, яны вучылі  праўладных журналістаў надаваць першую медычную дапамогу, ізноў наведвалі дзяцей з «вайскова-патрыятычнага» клубу «Рысь» і нават ладзілі заняткі агнявой падрыхтоўкай для мадэляў з Нацыянальнай школы прыгажосці.

У наступныя месяцы адток вагнэраўцаў працягнуўся. Аднак поўнага сыходу з Беларусі не адбылося.

Пад крылом Карпянкова

Мяркуючы з усяго, ключавую ролю ў гэтым адыграў генерал-маёр Мікалай Карпянкоў – намеснік міністра ўнутраных справаў і камандуючы ўнутраных войскаў. На працягу сямі з паловай месяцаў асноўная супраца наймітаў з сілавым апаратам Беларусі прыпадала менавіта на падначаленыя Карпянкову падраздзяленні.

Мікалай Карпянкоў з шаўронам ПВК Вагнэра.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

«Белсат» ад самага пачатку звяртаў увагу на тое, што генерал надзвычай актыўна праяўляе свае сімпатыі да ПВК Вагнэра. Ён наладзіў кантакты з наймітамі раней за сваё кіраўніцтва, прычым з яўным акцэнтам на нефармальны і сяброўскі характар стасункаў. У канцы 2023 – на пачатку 2024 года гэта стала яшчэ больш відавочна.

У снежні Карпянкоў быў заўважаны на зборах байцоў спецпадраздзяленняў у куртцы з шаўронам ПВК Вагнэра.

Тады ж прапагандыст «Russia Today» Канстанцін Прыдыбайла напісаў у сваім канале, што частка вагнэраўцаў нібыта ўвайшла ў склад спецназу «Тарнада», які таксама публічна выкарыстоўваў сімволіку ПВК. Доказаў, якія б пацвярджалі, што вагнэраўцы сталі менавіта штатнымі байцамі атраду «Тарнада», няма. Афіцыйных заяваў на гэты конт таксама не было. Аднак нельга выключаць, што інфармацыя Прыдыбайлы можа адпавядаць рэчаіснасці.

Найміт з Беларусі Аляксей Бярговін (пазыўны Брэст), які вядзе Telegram-канал «Отечество», 26 студзеня паведаміў, што ў некалькіх вучэбных цэнтрах Беларусі дасюль працуе больш за 300 інструктараў-вагнэраўцаў. Бярговін суправадзіў свой допіс здымкам, дзе ён па-сяброўску паціскае руку Карпянкову.

Мікалай Карпянкоў і Аляксей Бярговін.
Фота: otechestvo_BY / Telegram

Найміт падкрэсліў, што роля намесніка міністра ў прасоўванні супрацы з ПВК была выключная.

«Не перадаць, колькі зроблена асабіста камандуючым [унутраных войскаў] для атрымання максімальнага выніку ўзаемадзеяння з групай Вагнэра і павышэння баяздольнасці даручаных яму падраздзяленняў… Гэта чалавек, які не баіцца новаўвядзенняў, якія дыктуюцца рэальнасцю, дзейнічае і бярэ на сябе адказнасць», – зазначыў Бярговін.

Hавiны
Карпянкоў напярэдадні выбараў палохае беларусаў вагнэраўцамі
2024.02.12 10:20

Інтэнсіўнасць супрацы расце

Інфармацыя Бярговіна наконт прысутнасці вагнэраўцаў у Беларусі супадае са звесткамі праекту «Беларускі Гаюн». На 1 лютага «Беларускі Гаюн» ацэньваў колькасць наймітаў на некалькі соцень чалавек. Цягам студзеня яны праводзілі трэнаванне з беларускімі сілавікамі ў трох лакацыях: вучэбны цэнтр унутраных войскаў МУС «Валоўшчына», в/ч 3310 у раёне вёскі Аколіца і армейскі палігон «Абуз-Лясноўскі».

Заняткі вагнэраўцаў з байцамі ўнутраных войскаў маюць сістэматычны характар. Прычым іх інтэнсіўнасць з часам не толькі не знізілася, а нават вырасла, калі верыць заявам саміх сілавікоў. Як распавёў 11 лютага Карпянкоў, ужо мінула «шэсць сезонаў» супольнай падрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры «Валоўшчына»: агулам праз яе прайшлі 1600 спецназаўцаў. Паводле намесніка міністра, найміты і лукашэнкаўскія сілавікі сталі амаль што адной сям’ёй і «разумеюць адзін аднаго з паўуздыху».

Мікалай Карпянкоў прымярае вагнэраўскі шаўрон.
Фота: orchestra_w / Telegram

Як вынікае з фота- і відэааглядаў, інструктары-вагнэраўцы цяпер носяць спецыяльныя нашыўкі «Група Вагнэра. Аддзел баявой падрыхтоўкі». Сваім «выпускнікам» яны ўручаюць шаўроны з надпісам «Група Вагнэра – УВ МУС Рэспублікі Беларусь – Штурмавік». Прычым не да канца зразумела: гэта ўжо афіцыйны статутны шаўрон для спецназаўцаў або проста сімвалічны падарунак?

Беларускі спецназавец з вагнэраўскім шаўронам.
Фота: orchestra_w / Telegram

Супраца вагнэраўцаў з Узброенымі сіламі не настолькі шчыльная і адкрытая. Пасля актыўнага супольнага трэнавання ў першыя тыдні знаходжання наймітаў у Беларусі ў іхным узаемадзеянні наступіла пэўная паўза. Новая хваля супрацы распачалася ў канцы 2023 – на пачатку 2024 года, на што звярнуў увагу «Беларускі Гаюн».

Кіраўніцтва Мінабароны, адрозна ад Карпянкова, не надта афішуе свае кантакты з вагнэраўцамі: прынамсі разам фатаграфацца і выкарыстоўваць сімволіку ПВК у арміі не прынята. Аднак сам факт супрацы генералы не хаваюць. 1 сакавіка ў інтэрв’ю газеце «СБ-Беларусь сегодня» намеснік міністра абароны Андрэй Жук паведаміў, што вайскоўцы Узброеных сілаў цяпер актыўна ўдасканальваюць баявую падрыхтоўку, у тым ліку з прыцягненнем «спецыялістаў ПВК Вагнэра».

«Хачу заўважыць, што не толькі вайскоўцы вайсковых частак праходзяць гэтую падрыхтоўку, але і выкладчыкі ведамасных вышэйшых навучальных установаў, каб перадаць атрыманыя веды курсантам, студэнтам, тым, хто вучыцца на праграмах афіцэраў запасу», – падкрэсліў Жук.

Рэарганізацыя буксуе, людзі разыходзяцца

Працэс рэарганізацыі былога ПВК Вагнэра, пра што было абвешчана ў кастрычніку 2023 года, дасюль не скончыўся. Першапачаткова планавалася, што група Вагнэра ўвойдзе ў склад «Расгвардыі» з захаваннем структуры, сімволікі і пэўнай аўтаноміі. Найміты нібыта мусілі скласці 1-шы добраахвотніцкі корпус, куды б увайшлі 15, 16 і 17-ты штурмавыя атрады. Аднак гэтая ідэя пакуль застаецца нерэалізаванай.

Звязаныя з наймітамі Telegram-каналы 5 лютага распаўсюдзілі зварот камандзіра групы Вагнэра з пазыўным Лотас (сапраўднае імя Антон Елізараў). У роліку Лотас распавядае, што ён цяпер у Казачых Лагерах (Растоўская вобласць РФ), дзе будуецца палявы лагер для добраахвотніцкага корпусу, што будзе фармавацца ў складзе «Расгвардыі». Са словаў камандзіра наймітаў і з паказаных кадраў лагеру (там было ўсяго некалькі самотных намётаў без прыкметаў іншай інфраструктуры) можна зрабіць выснову, што прагрэсу ў пытанні стварэння новага корпусу пакуль не відаць.

Як паведаміў 19 лютага Telegram-канал «Белорусский силовик», тэма 1-га добраахвотніцкага корпусу фактычна заглухла. Прычым не зразумела, хто тармозіць працэс – Мінабароны РФ, кіраўніцтва «Расгвардыі» або чыноўнікі.

«Людзі, якія прыехалі на заклік сваіх камандзіраў у Казачыя Лагеры пад Растоў, калі стала вядома, што будзе фармавацца корпус у складзе «Расгвардыі», пачынаюць разыходзіцца па іншых падраздзяленнях, а сама ідэя ўзнаўлення Вагнэра у «Расгвардыі» згасае», – паведаміў «Белорусский силовик».

Паводле звестак каналу, вагнэраўцы цяпер не выконваюць баявых задач ва Украіне, а трэнуюць байцоў расейскай Нацыянальнай гвардыі. Пра гэта пішуць і Telegram-каналы, звязаныя з ПВК.

«Беларускі Гаюн» у аглядзе за 27 лютага звярнуў увагу на гэтыя паведамленні, а таксама на той факт, што 17 лютага расейскі вайскова-транспартны самалёт прыляцеў на аэрадром «Мачулішчы», а адтуль накіраваўся ў растоўскі аэрапорт. За 40 км ад гэтага аэрапорту знаходзіцца 1-шы вучэбны цэнтр «Росгвардыі». «Беларускі Гаюн» на падставе гэтага прыйшоў да высновы, што асноўная частка наймітаў-інструктараў ПВК Вагнэра магла з’ехаць з Беларусі ў Расею для ўдзелу ў падрыхтоўцы падраздзяленняў «Расгвардыі». Аднак пра поўнае згортванне дзейнасці вагнэраўцаў у Беларусі казаць заўчасна, лічыць «Беларускі Гаюн».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Практычныя заняткі вайскоўцаў унутраных войскаў у агнявой падрыхтоўцы. 1 сакавіка 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

У апошнім сумнявацца не выпадае: ужо праз два дні пасля допісу «БГ» у звязаных з ПВК каналах з’явіліся новыя паведамленні пра супольнае трэнаванне наймітаў і сілавікоў у Беларусі.

Будучыня ў тумане

Застаецца адкрытым пытанне, у якім статусе застаюцца ў Беларусі вагнэраўцы, і хто іх забяспечвае. Усё-ткі гаворка ідзе пра досыць працяглы тэрмін – сем з паловай месяцаў. Хто плаціць ім за працу інструктараў і дарадцаў? На якіх юрыдычных падставах яны ў чужой краіне столькі часу? І на каго яны цяпер працуюць – на беларускую дзяржаву, на расейскую дзяржаву або на сына Прыгожына, які, паводле чутак, спрабуе працягнуць справу бацькі?

Лотас у звароце 5 лютага зазначыў, што «мы працягваем працу ў Беларусі, на карысць Расеі». То бок камандзір наймітаў настойвае, што вагнэраўцы ў Беларусі дзейнічаюць не самі па сабе, а як частка кампаніі. Толькі ён не тлумачыць, якая з гэтага карысць Расеі.

Будучыня вагнэраўцаў у Беларусі застаецца нявызначаная. Падобна, што Лукашэнку ўжо пачало раздражняць тое, як Карпянкоў дэманстратыўна піярыць групу Вагнэра. «Заўсёды [папярэджваю] і міністра, і іншых тут некаторых, якія на экране з вагнэраўцамі практычна кожны дзень… «Ах, Вагнэр, ах, Вагнэр!..» Малайцы, хлопцы. Дзякуй, распавялі нам пра досвед ваенных дзеянняў. А ўсё астатняе нашыя афіцэры ведаюць не горш. Адны і тыя ж акадэміі заканчвалі», – падкрэсліў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі падчас нарады 20 лютага. Аднак пакуль не відаць, каб гэтая заява мела нейкія наступствы: вагнэраўцы застаюцца ў краіне і працягваюць супрацу з сілавікамі.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў