Суд Цэнтральнага раёну Менску пачаў разглядаць справу аб падрыве міліцэйскай машыны і шапікаў «Табакерка». Працэс пройдзе ў закрытым рэжыме, перадае БелТА. Аднаму з двух фігурантаў пагражае да 20 гадоў зняволення.
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Карсюк. Ён закрыў працэс на патрабаванне пракурора, які заявіў, што ў матэрыялах крымінальнай справы ёсць інфармацыйная прадукцыя, прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а таксама інфармацыя з грыфам «для службовага карыстання».
Асноўнага фігуранта, Максіма Селязнёва, вінавацяць паводле двух артыкулаў аб тэрарызме і вырабе выбухоўкі. Мужчына нібыта датычны да падрыву службовага аўтамабіля ля Цэнтральнага РУУС Менску, спартыўнага блока на тэрыторыі гэтага ўпраўлення і двух шапікаў «Табакерка». Яму пагражае да 20 гадоў калоніі.
Другому фігуранту, Дзмітрыю Марцінкевічу, выставілі абвінавачванне ў неданясенні аб злачынстве.
Сёння ж у Менскім абласным судзе пачаўся завочны працэс над Валерам Цапкалам. Яго абвінавачваюць паводле васьмі артыкулаў. Таксама Генпракуратура заявіла пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды на суму больш за 6000 рублёў у інтарэсах дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогіяў». «Абвінавачаны, нягледзячы на апавяшчэнне, у суд не з’явіўся», – піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Сяргей Крот belsat.eu