Еўрапарламент прыняў заяўку Украіны на ўступленне ў Еўразвяз


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся 1 сакавіка праз відэасувязь да сябраў Еўрапарламенту з просьбай прыняць Украіну ў Еўразвяз. Як паведамляе Дзяржспецсувязь, Еўрапарламент прыняў заяўку Украіны.

«Еўрапарламент прыняў заяўку Украіны на ўступленне ў Еўразвяз. Пачалася спецыяльная працэдура далучэння», – гаворыцца ў паведамленні.

Уладзімір Зяленскі, выступаючы перад сябрамі Еўрапарламенту, заявіў, што з Украінай ЕЗ будзе яшчэ больш моцным. І падкрэсліў, што Украіна згуртавала Еўрапейскі Звяз коштам тысячаў загінулых.

«Паважаныя, у нас вельмі матываваны народ, мы змагаемся за нашыя правы, свабоду, за жыццё, а цяпер за выжыванне. Мы змагаемся за тое, каб быць раўнапраўнымі чальцамі Еўропы. З намі ЕЗ будзе мацнейшым. Мы дакажам сваю сілу. Дакажыце, што вы разам з намі, дакажыце, што вы еўрапейцы – тады жыццё пераможа смерць, а святло – цемру. Слава Украіне!» – прамовіў Уладзімір Зяленскі.

Еўрапарламентарыі пляскалі прэзідэнту Украіны стоячы.

Зяленскі запэўніў, што ўкраінцаў ніхто не зломіць і што ў іх цяпер адно жаданне – каб жылі дзеці. Зяленскі нагадаў прадстаўнікам Еўрапарламенту, што з пачатку вайны ва Украіне загінула ўжо 16 дзяцей.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў