Аб’яднаны пераходны кабінет: усе абвесткі пра збор заявак на пашпарт Новай Беларусі – фэйкі


Прадстаўніцтва па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету папярэджвае аб з’яўленні ў інтэрнэце фэйкавых старонак і акаўнтаў у сацыяльных сетках з анкетамі на атрыманне пашпарту Новай Беларусі.

Выява альтэрнатыўнага беларускага пашпарта на II канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

«У інтэрнэце працягваюць з’яўляцца сайты, старонкі ў сацыяльных сетках і нават рэклама нібыта ад імя Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі з мэтай збору дадзеных грамадзянаў Беларусі, якія пражываюць за мяжою. Заяўляем, што на бягучы момант Абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі, Прадстаўніцтва па замежных справах альбо Офіс Святланы Ціханоўскай не складаюць аніякія спісы на атрыманне новага нацыянальнага пашпарту!», – гаворыцца ў паведамленні Прадстаўніцтва па замежных справах.

Сярод такіх фэйкаў – старонка ў Фэйсбуку «Нацыянальны пашпарт Беларусі», якая цяпер актыўна грукаецца ў сябры да беларусаў.

АПК падкрэслівае, што любыя падобныя «зборы» варта лічыць правакацыяй спецслужбаў рэжыму з мэтай сабраць інфармацыю пра беларусаў па-за межамі краіны да афіцыяльных паведамленняў, якія выйдуць адначасова ў сацыяльных сетках:

Аналітыка
Пашпарт Новай Беларусі: чаму першыя ў чарзе – беларусы з легалізацыяй і што рабіць тым, хто яе не мае?
2024.02.01 09:38

Пашпарт Новай Беларусі быў упершыню прадстаўлены 6 жніўня 2023 года на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве. Асаблівую актуальнасць ідэя набыла пасля выхаду так званага «консульскага» указу Лукашэнкі №278, які забараніў абмен беларускіх пашпартоў за мяжой.

Цяпер Аб’яднаны пераходны кабінет вядзе распрацоўку ўзору дакументу, які мусіць быць гатовы да канца сакавіка 2024 года. Далей пачнуцца перамовы з урадамі розных краінаў аб прызнанні пашпарту Новай Беларусі. Першымі яго атрымаюць беларусы з легалізацыяй у краінах пражывання.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў