Як дзяржмедыі запісваюць Лукашэнку і каго лічыць галоўным ворагам Рыгор Азаронак


«Белсат» пагутарыў з журналістамі, якія раней працавалі на дзяржаўных беларускіх тэлеканалах пра тое, як можна здымаць Аляксандра Лукашэнку, пра ўмовы працы на ОНТ і СТВ, а таксама пра тое, як ацэньваюць імідж Лукашэнкі ў прэс-службе Уладзіміра Зяленскага.

«Нельга здымаць лысіну, бо ён у нас ходзіць з велізарнаю шавялюраю»

Міхаіл Максімаў – былы відэаінжынер ОНТ, які працаваў у прэзідэнцкім пуле, распавядае, што падчас сваёй працы супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання сутыкаюцца з рознымі забаронамі.

Як трапляюць у прэзідэнцкі пул?

– Чым больш ты робіш, чым больш у цябе атрымліваецца, то цябе паволі пачынаюць падцягваць у пул. Кажуць увесь час, што гэта вельмі вялікая адказнасць – гэта ліслівіць.Там людзі працуюць як сабакі. Прычым заробкі там не гіганцкія. Навошта яны гэта робяць? Дзеля кватэраў у якіх-небудзь Мачулішчах. Усё робіцца дзеля адной думкі: ці спадабаецца гэта ў адміністрацыі? Ніхто не робіць, каб гледачу спадабалася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чалавек закрывае аб’ектыў камеры тэлеканалy АНТ, перад працэсам над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

– Якія ёсць устаноўкі па працы для супрацоўнікаў прэзідэнцкага пулу?

– Ёсць некалькі дакладных установак, калі здымаеш Лукашэнку. Я памятаю, калі ён прыязджаў у палі, гадоў 5–7 таму, у яго чамусьці з носа ішла кроў. Ён вельмі не любіў спякоты. Звычайна такія рэчы не здымаліся, або калі і здымаліся, то тут жа на месцы камера заціралася, каб выпадкова гэтыя кадры нікуды не трапілі. Усе аператары ведаюць некалькі простых установак: Лукашэнку не здымаць у акулярах, у якіх ён сядзіць на нарадах, бо ў яго слабы зрок, не здымаць лысіны, бо ён у нас ходзіць з велізарнаю шавялюраю. Мабыць, комплексы ў чалавека. Даўняе ўказанне такое: у нас кіраўнік краіны як бы з валасамі. Ніхто як бы не ў курсе, напэўна, што ён даўно ўжо аблысеў. Калі гэтыя кадры трапляюць, то іх трэба выразаць.

Напрыклад, калі Лукашэнка выязджае на лёд, ён проста трымаецца за спіну брамніка, і той яго коціць, як на вазочку. Чалавек не можа рухацца. Або ахова пад рукі вядзе. Усе рэчы, натуральна, выразаюцца, робяць праходку магутную секунд на 20–30.

Фактычна на ўсіх асабовых планах відаць, што Лукашэнку падфарбоўваюць. У яго вельмі актыўная стадыя куперозу, гэта калі на твары бачныя дробныя крывяныя капіляры. Мантажыст усё зафарбоўвае.

Ёсць вельмі пацешныя моманты. Напрыклад, трэба паказаць, як Лукашэнка забівае, але кадры настолькі сумнеўныя… Я памятаю, калі вярнулі аператараў, каб перазнялі кідок. Гэта проста была падстаноўка. І не Лукашэнка сам перакідваў, а нейкія супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта. Для вялікіх экранаў ён нават умее гуляць у баскетбол!

Hавiны
«Яшчэ адна перагорнутая старонка». Пра што казаў Лукашэнка ў навагоднім звароце
2022.01.01 13:12

Усе прыязджаюць, чакаюць, пакуль прыляціць блакітны верталёт. І зусім не зразумела, што адбудзецца. Калі ён будзе задаволены, гэта мерапрыемства хутка заканчваецца. А калі ён пачынае лаяць кагосьці, ён пачынае распаляцца, а ўсё проста галовы апускаюць і ківаюць. І вось гэтая гісторыя з гэтымі знакамітымі абасранымі каровамі. Проста клін прыйшоў чалавеку. Думаю, што гэта была спроба абвінаваціць кіраўніцтва раёну ў тым, што справы ідуць не так. Хто вінаваты? Вядома ж, не Лукашэнка, а нехта іншы. Складана сказаць, што гэтыя каровы абасраныя ўсе. У нашых калгасах усе каровы абасраныя. І, вядома ж, мы гэтых планаў не ставім.

Тады ўсе прыбеглі і сталі гэтых кароў выразаць. А потым прыйшло ЦУ, што ў Лукашэнкі памяняўся настрой, тэрмінова ставім усіх брудных кароў, паказваем, наколькі дрэнныя чыноўнікі, бо не клапаціліся аб гэтых каровах. І людзі бачаць гэтую карцінку, гэта абсурд».

«Пачалося супрацоўніцтва з КДБ»

Алёна Чарняўская, былая работніца СТВ распавядае пра змены ў працы тэлеканала пасля апошніх выбараў.

Пасля выбараў на дзяржаўным тэлебачанні з’явілася шмат аўтарскіх праектаў, у якіх выкарыстоўваюцца розныя маніпуляцыі. Напрыклад – аднабаковасць меркавання: распавядаючы пра нейкую падзею, працаўнікі дзяржаўнага тэлебачання выкарыстоўваюць выказванні толькі зручнага боку, не даючы слова апанентам. Гэта падыход добра бачны ў працы Рыгора Азаронка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рыгор Азаронак у судзе над Вольгай Калацкай. Менск, Беларусь. 23 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Алена Чарняўская звольнілася з тэлеканалу СТВ пасля выбараў. Журналістка кажа, што пасля 9 жніўня многія вядоўцы проста адмаўляліся весці навіны, і ім тэрмінова шукалі замену. Таксама экс-работніца дзяржаўнага тэлебачання распавядае, што працавала з Рыгорам Азаронкам у адным аддзеле.

«Мы шмат спрачаліся пра палітыку. Ён досыць выканальны, правільны, ён працаголік, які гатовы рабіць 24/7. У арміі ўсё пачалося, калі ён пайшоў у армію. СТВ часта прыязджала да яго ў частку здымаць сюжэты. Потым пачалося супрацоўніцтва з КДБ. Немагчыма, пстрыкнуўшы, змяніць чалавека. Чалавека трэба гадаваць. І ён быў так выдатна выгадаваны. Калі казаць пра тое, чаму Грыша на 100 % верыць [у дзяржаўную прапаганду]: ён вырас у гэтым. Вырас у гэтых ідэях. Гэта яго ўжо сфармавала.

У нас у калектыве, я б сказала, быў адзін такі Грыша Азаронак. Калі сядзіш з чалавекам у адным кабінеце, то ўспрымаеш так: у чалавека такая праца, а ў цябе іншая. Мы нават маглі трохі пасмейвацца, я яго нават не ўспрымала сур’ёзна. І асабліва ў палітычным плане. Для мяне ён быў як інструмент для кагосьці вышэйшага. Рупар, які зробіць усё як трэба, які пойдзе ў гэты натоўп, будзе пераносіць знявагі, абразы. Мне яго было шкада. Такое пачуццё, што чалавек сам сябе падманвае».

– Ці піша Рыгор Азаронак свае тэксты самастойна?

– Я як вядоўца праграмы афармляла канчатковы сцэнар і брала ў Грышы тэксты. Я не хачу прыніжаць ягоныя здольнасці, але тыя тэксты, якія ён пісаў для нашай праграмы, «Меншчына», былі слабаватыя. Паглядзеўшы яго праграмы, я б сказала, што хтосьці яму дапамагае. Мне цяжка ўявіць, што ён так выдасканалена піша. Я думаю, тэксты паўстаюць у суаўтарстве.

Яшчэ адзін былы калега распавядае, што пасля выбараў многія перасталі вітацца з Рыгорам Азаронкам. Хаця і да жнівеньскіх падзеяў Азаронак не хаваў сваіх поглядаў ад калегаў, але рабіў гэта менш радыкальна.

Hавiны
«Галоўнае цяпер – чысціня кадраў». Дзяржслужачыя пра працу «да канца» і рост заробкаў
2021.12.28 11:51

Калі Азаронак зʼявіўся на тэлебачанні, ён рабіў уражанне добрага душа-хлопца. У асабістых зносінах рабіў уражанне адэкватнага персанажа. Ён сапраўды начытаны, мог цытаваць вялікія кавалкі расейскай класікі. Тыя погляды, якія ён выказваў першапачаткова, калі яшчэ не працаваў на палітычнай ніве, ён казаў у асабістых гутарках – яно цяпер і нясецца з экранаў. Для яго важная мэта, а не камфортны псіхалагічны клімат у калектыве. Існуе такая нейкая сітуацыя, звязаная з ігнараваннем Грышы. Цяпер працягваецца нейкае байкатаванне Грышы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Страйк супрацоўнікаў АНТ і СТБ. 17 жніўня 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Нават у пуле, куды адбіраюць найлепшых прадстаўнікоў журналісцкай браціі для працы з Лукашэнкам, пасмейваюцца з Грышы. Ён для іх белая варона. Тое, што робіць Грыша, нават у многіх пулаўскіх карэспандэнтаў выклікае нейкую аскому. Але пры ўсім пры гэтым можна падзяліць гэтых прапагандыстаў: там людзі, якім блізкая «русскомирская» канцэпцыя, у іх няма беларускасці. А другая частка пула – гэта людзі-канфармісты, прыстасаванцы. Гэта ж плюшкі, здабыткі. Таму што калі ты перабываеш на такіх высокіх пазіцыях, у цябе прыстойная зарплата і рознага роду бонусы прысутнічаюць.

Грыша прыблізна разумее, якой ядравы электарат дзейнай улады. І ім не зойдуць прыгожыя абароты, складаныя нейкія высновы. Мне здаецца, што ён галоўным ворагам для сябе вось на гэтым медыйным полі бою бачыць самы папулярны тэлеграм-канал «Нехта».

Якія палітычныя перспектывы ў Лукашэнкі?

Юлія Мендзель, былая прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага – пра Лукашэнку: «Гэты састарэлы менталітэт проста не можа занадта доўга ўтрымліваць уладу».

– Калі вы пазнаёміліся з Лукашэнкам і якое ўражанне ён на вас зрабіў?

– Гэта быў украінска-беларускі форум, які праводзілі для таго, каб абмеркаваць эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін. Гэта было задоўга да пратэстаў у Беларусі. Уладзімір Зяленскі спрабаваў тады наладзіць адносіны з многімі краінамі. Мне запомнілася, што Лукашэнка тады зазначыў Уладзіміру Зяленскаму, што той вельмі шмат дае свабоды медыям. І Лукашэнка заявіў, што трэба неяк СМІ браць у свае рукі. Вядома, гэта было ўспрынятае з такім дыпламатычным, цярплівым гумарам. Мне Лукашэнкі нагадвае тых кіраўнікоў, якія не зусім прымаюць розныя пункты гледжання. У яго ёсць даволі жорсткая, састарэлая пазіцыя аб тым, што адбываецца не толькі ў яго ў краіне, але і ў рэгіёне, і ва ўсім свеце. А сённяшнія наратывы далёкія ад таго спадара Лукашэнкі, які прыязджаў сюды і спрабаваў хоць нейкім чынам выбудоўваць палітычныя адносіны.

Юлія Мендзель, былая прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Фота: Pyotr Sivkov / TASS / Forum

– А як пасля асабістай сустрэчы выбудоўваліся зносіны Лукашэнкі і Зяленскага?

– Далей былі толькі званкі. І стала для мяне асабіста зразумела, што спадар Лукашэнка перабывае пад уплывам нейкіх іншых лідараў або іншых меркаванняў, паколькі ён не прытрымліваўся дамоўленасцяў паміж нашымі дзяржавамі.

– Пад уплывам каго? Вы пра Пуціна?

– Магчыма. Я маю на ўвазе, што ён занадта часта мяняе свой пункт гледжання, знаходзіць апраўдання гэтым зменам. Але пры гэтым не разумее, што ён падстаўляе іншую краіну, што ён не выконвае сваіх абяцанняў. І што ён занадта гнуткі ў пабудове якой-небудзь стратэгіі адносінаў. Усё, што я кажу, гэта былі ўражанні, якія ствараліся падчас размовы да пачатку пратэстаў. Сёння Украіна заявіла ўжо выразна, што мы на баку беларускага народу. Бо мы разумеем: калі існуе праблема паміж народам і ўладай, трэба дапамагаць людзям.

– Нядаўна вы выдалі кнігу, у якой апісалі многіх сусветных лідараў. Чаму вырашылі не згадваць у гэтай кнізе Лукашэнкі?

– Я напісала кнігу аб палітыцы часу Уладзіміра Зяленскага. Я апісвала многіх прэзідэнтаў, але пра спадара Лукашэнку я нічога не пісала. Я не думаю, што спадар Лукашэнка неяк уплывае цяпер на ўкраінскую палітыку. У некаторых сітуацыях ён не выканаў сваіх абяцанняў, чым увогуле паказаў, што ён не ёсць ні дыпламатам, ні палітыкам, ні лідарам. Ён не прытрымліваўся свайго слова, чым дастаўляў дыскамфорт украінскаму боку. А сёння Лукашэнка закрыўся – у сваіх хорамах і сваім бачанні сітуацыі.

– Якія палітычныя перспектывы ў Лукашэнкі?

– Я думаю, што ў спадара Лукашэнкі цяпер няма выхаду. Ён павінен змагацца для сябе за ўладу, бо ён разумее, што калі ён сыдзе, хутчэй за ўсё яму свеціць адказнасць за ўсе гэтыя нядобрыя рэчы і злачынствы, якія ён зрабіў са сваім народам. Таму ён адчайна хапаецца за любыя магчымасці для таго, каб утрымацца ва ўладзе. У прынцыпе, я думаю, што гэта немагчыма, паколькі сёння дух свабоды вельмі моцны, і народ Беларусі паказвае, што ён хоча дэмакратыі. Мне здаецца, што вось гэты састарэлы менталітэт, састарэлы тып мыслення проста не можа занадта доўга ўтрымліваць уладу. Колькі ў яго гэта атрымаецца, колькі яшчэ людзей пацярпіць ад гэтага, якія яшчэ жорсткія інструменты, дыктатарскія інструменты ён зможа выкарыстаць, гэта, вядома, не зразумела нікому. Але Украіна застаецца на баку беларускага народу. І калі часова патрэбна нейкая дапамога, прыехаць сюды, уладкавацца – украінцы заўсёды вельмі пазітыўна ставяцца да беларусаў.

Шчыра кажучы
Адзін – за мяжой, другі – на «хіміі». Як склаўся лёс герояў праграмы «Шчыра кажучы»
2021.12.29 18:38

Арына Маліноўская belsat.eu

Стужка навінаў