Абласны месячнік па добраўпарадкаванні, рэспубліканскі суботнік і раённы дзень бязвыплатнай працы. Райцэнтр Горкі на Магілёўшчыне прыбіраюць з пачатку красавіка сіламі жыхароў. Шкодныя ці карысныя суботнікі? Высвятляла Ірына Дарафейчук.
Ува ўсёй краіне працоўная субота, а на Магілёўшчыне – зноў суботнік.
«Не, у нас выбару няма, прыходзім, як належыць, на працу», – распавядае ўдзельніца суботніку.
Мясцовыя ўлады Горацкага раёну прызначылі дзень бязвыплатнай працы праз два тыдні пасля агульнарэспубліканскага суботніку.
«Ініцыятыва гэтая – нашага сельгаспрадпрыемства ААТ «Горацкае», якое сёлета прымае раённыя «Дажынкі» на тэрыторыі гаспадаркі. І ўсе сабраныя сродкі плануем хоць бы мінімальна накіраваць туды для падтрымання і навядзення парадку», – кажа працаўніца райвыканкаму Аксана Арлова.
Юрыст прафсаюзу РЭП Аляксандр Хамратаў адзначае, што згодна з агульнапрынятым азначэннем, калі праца не аплочваецца, то гэта або валантарыят, або… нявольніцтва.
«Згодна з дзейным заканадаўствам, наймальнік не мае права прымушаць працаўнікоў бясплатна выходзіць працаваць і штосьці рабіць, каб іхная праца не аплачвалася», – кажа ён.
Але нязгодных працаваць задарма часта залічваюць да нядобранадзейных, заўважае юрыст.
«Паводле дэкрэту прэзідэнта дзее кантрактная сістэма, згодна з якой наймальнік без тлумачэння прычынаў можа не працягнуць кантракту з любым працаўніком і гэта будзе абсалютна законна», – адзначае Аляксандр Хамратаў.
Тыя, хто не заняты добраўпарадкаваннем, прызвычаеныя пералічваць грошы за суботнікі.
«Мы працуем паводле графіку, то ў нас у кожнага свой працоўны дзень. Але калі трэба пералічыць сродкі аднадзённыя на штосьці – то мы згодныя, асабліва калі хворым дзецям ці яшчэ куды – дзеля бога», – распавядаюць прадавачкі ў краме.
Ці сапраўды гэтыя грошы ідуць пасля паводле прызначэння?
«Мы не ўпэўненыя ў гэтым, але мы спадзяемся, што нас не падманваюць», – кажуць яны.
Пераважна апытаныя намі жыхары Горак скардзяцца не на самыя суботнікі, а на іх колькасць.
«У людзей і так малыя заробкі, яшчэ хочуць і каб безаплатныя дні былі. Ну, раз на год можна зрабіць, але не часта», – кажуць мінакі.
«Суботнікі патрэбныя, вядома, час ад часу. Але ў нас атрымліваецца гэта ўжо пяты суботнік запар», – адзначаюць яны.
Працаўнікі райвыканкаму таксама выйшлі на добраўпарадкаванне.
«Да дня бязвыплатнай працы стаўлюся станоўча. Няма нічога страшнага, каб дапамагчы службам, камунальнікам, надвор’е добрае, нічога кепскага ў гэтым не бачу», – кажа працаўніца райвыканкаму.
Але назваць суботнікі цалкам бясшкоднымі – таксама цяжка.
«Людзям даюць пакрысе, малымі дозамі атруту, што называецца, рабская праца, кажучы наўпроставым тэкстам. І людзі да яе прызвычайваюцца», – кажа юрыст РЭП.
Мэта такога атручвання, на думку юрыста, пабудаваць маўклівае грамадства, дзе грамадзяне не будуць змагацца ні за свае выходныя, ні за свае заробкі, ні за свае правы.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»