Краязнаўца адкрыў ля Магілёва месца расстрэлу часоў сталінскага тэрору


Пад Магілёвам знойдзена дагэтуль невядомае месца расстрэлу людзей у гады сталінскага тэрору. Адкрыццё краязнаўцы Уладзіміра Ярошчанкі прызналі мясцовыя ўлады і за свае сродкі ўсталявалі памятны крыж. Як атрымалася адшукаць гэтае месца?

За 12 кіламетраў ад Магілёва знайшлі расстрэльны палігон ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Знаходка належыць краязнаўцу Уладзіміру Ярошчанку, які працаваў над тэмай абароны Магілёва ў час Другой сусветнай вайны, а выйшаў на сведкаў вялікага тэрору.

«Ставілі на край ямы. Кат падыходзіў і рабіў стрэл у патыліцу, другі, які стаяў побач, рабіў стрэл наўздагон, так званы кантрольны, як зараз кажуць, стрэл», – распавядае краязнаўца Уладзімір Ярошчанка.

Усё гэта Уладзімір запісаў з успамінаў жыхароў вёскі Вільчыцы. Яны былі наўпроставымі і ўскоснымі сведкамі расстрэлаў побач з вёскай у 1937-38 гадах.

Жыхар вёскі Вільчыцы Павел Ермакоў сведчыць:

«Па вёсках былі тройкі, яны былі нашпігаваныя. Толькі скажаш супраць улады, уначы прыязджалі, забіралі і ўсё. І больш ты не ўбачыш гэтых, дадому яны ўжо не вярталіся».

У 1937-м Паўлу Ермакову было 9 гадоў. Ён згадвае словы дарослых пра расстрэльную ноч: мужчыны ў вёсцы якраз не спалі, бо цяплілі лазню.

«Выкапалі ямы, дзе можна было захаваць гэтых ворагаў народу, і расстралялі, былі стрэлы… Праз нейкі час яны закапалі, зраўнялі і з’ехалі», – узгадвае Павел Ермакоў.

І ў той час пра расстрэлы казаць баяліся, «каб чаго не здарылася». І сёння нават ускосныя сведкі згадваюць мінулае з неахвотаю.

«Казалі, забівалі, казалі, і туды вазілі. Ямку выкапаюць і закапаюць», – распавядае жыхарка вёскі Вільчыцы Ева Палушкіна.

Атрымаўшы ўспаміны мясцовых жыхароў пра расстрэлы, Уладзімір Ярошчанка звярнуўся ў мясцовыя органы ўлады, у тым ліку ў МУС і КДБ. Апошнія прадказальна адказалі, што не маюць такой інфармацыі. Краязнаўца Уладзімір Ярошчанка кажа:

«У цэлым я падвяргаю гэта сумневу і сапраўды ўпэўнены, што яны ўсё ведаюць, але не хочуць, як і наагул цяпер у Беларусі, чамусьці раскрываць усе злачынствы, якія былі здзейсненыя сталінска-ленінскім рэжымам, бальшавікамі, асабліва ў 30-я гады».

Затое насустрач краязнаўцу пайшоў мясцовы сельсавет і не толькі прызнаў крывавы факт, але і за свае грошы ўсталяваў памятны крыж на меркаваным месцы расстрэлу. Краязнаўца Уладзімір Ярошчанка гаворыць:

«Я чалавек настырны, я дабʼюся гэтага, і мы правядзём тут раскопкі невялікія, вызначым магілы. А тое, што ў гэтым лесе, ні ў каго сумневаў не выклікала. Мясцовая ўлада сумнявалася, але потым вырашылі, што я маю рацыю».

Паводле афіцыйных звестак, у гады сталінскіх рэпрэсіяў у Магілёўскім раёне былі расстраляныя 155 чалавек. Уладзімір Ярошчанка збіраецца адшукаць унукаў і праўнукаў гэтых людзей і на падставе сабранага матэрыялу выдаць кнігу.

Вольга Васільева belsat.eu