У Беларусі будзе свой самалёт?


Два да 2026-га і восемдзесят пяць-сто – да 2030-га. Гэткія амбітныя планы вырабу ў Беларусі дзевятнаццацімясцовага двухматорнага самалёта агучвае намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вось у Расеі пішуць: 5 самалётаў на год. А ў Беларусі – 20. Ну, неяк сумнеўна, – кажа эксперт у цывільнай авіяцыі Раман Захараў. – Прычым у Расеі гэта пішуць распрацоўшчыкі, а ў Беларусі гэта піша завод, які самалёты не вырабляе. Можна ўсё зрабіць, але кошт гэтага будзе надзвычай высокі».

У Беларусі самалётаў не вырабляюць. Затое ёсць заводы для рамонту авіяцыйнае тэхнікі. На адным з іх, у Баранавічах, і плануюць вырабляць новы самалёт. Праўда, для гэтага, як зазначыў Пархомчык, неабходна пабудаваць дваццаць тысяч квадратных метраў дадатковых вытворчых плошчаў і набыць каля сотні адзінак высокаскладанага абсталявання.

«Калі ў расейскіх чыноўнікаў пры Пуціне ёсць жаданне гуляць у гэтую гульню, даць грошы, каб пабудавалі дваццаць тысяч квадратаў, потым даваць камплектуючыя, потым плаціць, каб яны збіралі самалёты і адпраўлялі іх у Расею, то хто іх можа спыніць, – разважае бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч. – Але зразумела, што такая зборка для Расеі была б больш выгадная дзесьці ў Смаленску».

Зрэшты, выглядае што для ўладаў Беларусі гэта – інтэграцыйны праект. А расейцы могуць проста падыгрываць.

«Цікавасць Расеі – рабіць выгляд, што існуе інтэграцыя і больш прывязваць да сябе Лукашэнку з чыноўнікамі, – мяркуе Аляксандр Кныровіч. – Каштуе гэта не вельмі многа, а прапагандысцкі шум вялікі. Гэта цалкам прапагандысцкая гісторыя, у ёй няма эканамічнага сэнсу».

Лукашэнка выказваўся раней пра распрацоўванне беларускага самалёта:

«Капіталаўкладанні чакаюцца значныя, але і станоўчы эфект каласальны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт у небе.
Фота: РИА Новости

А прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка летась пабываў з візітам у Екацярынбургу і падпісаў з тамтэйшым Уральскім заводам цывільнай авіяцыі адпаведныя ўгоды.

«Самалёт будзе распрацоўвацца не з нуля. У ім будуць выкарыстоўвацца тыя напрацоўкі, якія ўжо зробленыя расейскімі авіяканструктарамі і ў рамках самалёта “Байкал”, і ў рамках распрацоўкі самалёта “Ладога”. Многія вузлы будуць узаемна замяняцца», – казаў Галоўчанка.

Нюанс у тым, што згаданыя Галоўчанкам самалёты яшчэ не выпускаюцца серыйна. Дзевяцімясцовы ЛМС-901 «Байкал» толькі праходзіць выпрабаванні. Што ж да саракачатырохмясцовага ТВРС-44 «Ладога», дык ён увогуле пакуль яшчэ ў стадыі распрацоўвання.

«Усё роўна там большая частка нейкіх рэчаў або запазычаная, або скапіяваная. Распрацоўшчыкі ёсць, але кошт пытання, – кажа Раман Захараў. – Гэта ўсё вельмі стратна. У маштабах дзяржавы няма ніводнага самалёта, які акупіў бы выдаткі на распрацоўку і вытворчасць у Расеі. Ніводнага».

Аляксандр Кныровіч думае, што ў Беларусі магчыма стварыць зборачны цэх расейскіх самалётаў, асабліва, калі грошы на гэта дасць Масква. Застаецца толькі пытанне, наколькі гэты самалёт будзе сапраўды беларускім. Зрэшты, Лукашэнку ды чыноўнікаў не бянтэжыць зборка нібыта беларускіх «Джылі» з кітайскіх дэталяў.

Ян Федаровіч, «Белсат»