90 гадоў рэформе беларускага правапісу


Роўна 90 гадоў таму, 26 жніўня 1933 года, урад Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі прыняў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Гэта мела радыкальны ўплыў на далейшае развіццё нашай мовы ды краіны ўвогуле. Рэформа адбылася пасля шырокай хвалі арыштаў беларускіх мовазнаўцаў ды літаратараў. І былі гэтыя змены скіраваныя на максімальнае спрашчэнне беларускай мовы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мовазнаўца і прафесарка Варшаўскага ўніверсітэту Ніна Баршчэўская адзначыла, што новыя правілы, «асабліва фанетычныя, марфалагічныя, якія ўводзіліся ў беларускую мову, – яны як бы знішчалі вось гэтую тоеснасць і адыходзілі ад тых правілаў, тых прынцыпаў першай граматыкі Браніслава Тарашкевіча пятага выдання».

Правапіс, прапанаваны мовазнаўцам Браніславам Тарашкевічам у 1918-ым годзе кірыліцаю ды лацінкаю, быў максімальна набліжаны да мяккага і мілагучнага беларускага вымаўлення. «Тарашкевіцу» ахвотна і хутка прынялі, яна натуральна і трывала ўвайшла ў дакументаабарот. А тым часам цэнтральныя савецкія ўлады ўзмацнілі так званую барацьбу з нацдэмамі.

«Гэта была чыста камуністычная, чыста савецкая, чыста масквацэнтрычная рэформа, – адзначыў пісьменнік і журналіст Сяргей Дубавец. – Дзякуючы ёй, як Кася Камоцкая спявае, «тут Масква ў галаве». Гэтая «масква» застаецца ў галаве з гэтым савецкім правапісам».

У адмыслова створанай рэформеннай камісіі не было ніводнага лінгвіста. «Відныя партыйныя і савецкія дзеячы» распрацавалі варыянт правапісу, празваны пазней наркамаўкаю. Правілы беларускага напісання былі заўважна набліжаныя да расейскіх і дасюль застаюцца адзінымі афіцыйна прызнанымі. Шмат хто з беларусаў даведаўся пра «тарашкевіцу» толькі ў пачатку дзевяностых гадоў, калі Беларусь зрабілася незалежнай і ўзнік вялікі нацыянальны ўздым.

«Абуджала цікавасць! – узгадвае цяпер літаратар Зміцер Бартосік. – Гэта было не па-савецку, гэта было незвычайна. Гэта было натуральна, і справа не толькі ў мяккім знаку. Калі б была мая воля – я б выкарыстоўваў лацінскую графіку».

Беларускі лацінскі алфавіт – яна ж лацінка і лацініца – цяпер не так шырока ўжываецца, хаця ў тым жа Менску, напрыклад, ёю прадубляваныя беларускія надпісы ў метро, шыльды на вуліцах, сустракаецца ў некаторых іншых месцах. Але лукашэнкаўскі рэжым сёлета пастанавіў замяніць лацінку іншаю лацінскаю транслітарацыяй.

А беларускую лацінку можна сустрэць у нешматлікіх інтэрнэт-выданнях.

Дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда паведаміла, што версію выдання на лацінцы стварылі «акурат на хвалі змагання ў Беларусі ўладаў з лацінкай і з гэтым правапісам. Гэта быў такі вельмі прыгоды жэст і адказ у бок захавання традыцый. Таму што «Наша Ніва» калісьці выходзіла таксама і на лацінцы».

Паводле Насты, цяпер менш за 1 % чытачоў выдання абіраюць лацінскую версію. Але, заўважыла яна, у такім кроку больш сімвалізму, чымся практычнай пільнай патрэбы. Сярод беларускамоўнай інтэлігенцыі дасюль часам аднаўляюцца дыскусіі наконт ужывання тарашкевіцы з лацінкаю ці наркамаўкі.

Зміцер Бартосік прызнаўся, што ён асабіста карыстаецца наркамаўкай, чытае на ёй. «Але калі я пачынаю пісаць, – рука сама цягнецца расставіць, пазначыць мяккія знакі. Ну, і вядома, лацініца – таксама крута!»

А мажліва, мае сэнс аб’яднаць усе сістэмы правапісу ці стварыць штось адмысловае? Мовазнаўца Ніна Баршчэўская мяркуе, што – не варта:

«Зусім новага нічога ствараць не трэба. Таму што варта вярнуцца да таго, што з’яўляецца натуральным. Варта прыслухацца таксама да таго, як людзі размаўляюць».

З буйных беларускамоўных медыяў тарашкевіцу паслядоўна выкарыстоўвае радыё «Свабода». Сярод літаратараў можна згадаць, прыкладам, Альгерда Бахарэвіча і Еву Вежнавец. Пераважная большасць ужывае наркамаўку. Але ці так гэта важна? Галоўнае – па-беларуску.

Марына Яновіч, «Белсат»