Зяленскі абурыўся зацягваннем разгляду дапамогі Украіне ў Кангрэсе ЗША: «Ганьба для свету»


Рэспубліканская партыя ў Палаце прадстаўнікоў Злучаных Штатаў плануе галасаваць паасобку за пакеты дапамогі Украіне, Ізраілю, Тайваню і саюзнікам у Індыйска-Ціхаакіянскім рэгіёне. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абурыўся гэтым у інтэрв’ю «PBS NewsHour».

Уладзімір Зяленскі расказаў, што яму незразумела, ці будзе разглядацца дапамога Украіне ў той жа час, як будзе разглядацца для Ізраілю.

«Дзіўна, – казаў Зяленскі. – Гэта кажа пра тое, што гэта пытанне небяспекі тады. Што гэта чыстая палітыка. І, калі шчыра, гэта ганьба для свету. І проста ганьба для дэмакратыі, для ўсіх тых, хто пра дэмакратыю толькі кажа».

На думку Зяленскага, гэта звязанае з будучымі прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША. Ён заклікаў Кангрэс ЗША, «пакуль не позна», прагаласаваць за дапамогу ўсім краінам, дзе ад гэтай дапамогі залежаць жыцці.

«Калі ўвесь свет кажа: „як жа так, Іран змог біць на Ізраіль, трэба цяпер папулістычна дапамагаць Ізраілю і забыць пра тое, што адбываецца ва Украіне“ – гэта чыстая палітыка, – абураўся Зяленскі. – Гэта значыць, што ўсім абыякава, колькі людзей гіне ва Украіне штодня. Ім важна, якія ў іх рэйтынгі. Вось пра што гэта кажа. Яны проста забываюць, што ў мёртвых рэйтынгаў няма. І што калі Украіна праваліцца і будзе вайна ў іншых краінах NATO, і яна будзе, амерыканскія жаўнеры тады будуць абараняць».

Уладзімір Зяленскі ў акопе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў акопе падчас паездкі ў Харкаўскую вобласць, Украіна. 9 красавіка 2024 года.
Фота: President.gov.ua

Зяленскі адзначыў, што не спадзяецца на лягчэйшае ўхваленне дапамогі Украіне ў выпадку перамогі на амерыканскіх выбарах папярэдняга прэзідэнта Доналда Трампа: «Мы змагаемся, мы не думаем пра наступны год, мы думаем пра заўтра». Ён будзе верыць, што ЗША не спыняць дапамогу ў такім выпадку.

«Што будзе ў наступным годзе, я скажу вам шчыра, ніхто не ведае, – прызнаў Зяленскі. – Бо мы не разумеем, на якім падтрыманні будзе Украіна, якія яшчэ выбухі і войны могуць быць у свеце, што будзе з Кангрэсам Злучаных Штатаў».

Ён выказаў надзею, што дапамогу Украіне ўхваляць найбліжэйшымі днямі ці тыднямі, але не пазнай. І дадаў: цяжка ваяваць, калі авіяцыі ў ворага 30 да 1, артылерыі 10 да 1. Як кажа Зяленскі, «ніхто не просіць даць 500 самалётаў ці 300», але ў Расеі толькі на тэрыторыі Украіны 300 самалётаў.

Злучаныя Штаты з восені 2023 года не могуць ухваліць пакет дапамогі Украіне. Сенат прыняў пакет на суму 95 млрд долараў Украіне і Ізраілю ў лютым, але спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан не вынес яго на галасаванне. Лідар большасці ў Сенаце ЗША, дэмакрат Чак Шумэр тры дні таму заявіў пра дасягненне кансэнсусу адносна дапамогі Украіне і Ізраілю. А Джонсан заявіў, што Палата прадстаўнікоў думае над разглядам асобна чатырох пакетаў дапамогі: Украіне, Ізраілю, Тайваню і саюзнікам у Індыйска-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Аналітыка
Танцаваць ад Стамбулу. Навошта Пуцін кажа пра мірныя перамовы і ў чым роля Лукашэнкі
2024.04.12 18:02

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што цяперашнія дэбаты пра дапамогу часткова грунтуюцца на здагадцы, што вайна ва Украіне застанецца ў тупіку незалежна ад дзеянняў ЗША. Але, запэўнівае ISW, гэтая здагадка памылковая, бо Расея вырываецца з пазіцыйнай вайны і аднаўляе манеўры на полі бою якраз праз затрыманне з вайсковай дапамогай ЗША.

Перад Штатамі, адзначае ISW, стаіць выбар: або аднавіць аказанне вайсковай дапамогі, каб дазволіць Украіне стабілізаваць лінію фронту, або дазволіць Расеі разграміць украінскіх вайскоўцаў і прасунуцца да межаў NATO ад Чорнага мора да Польшчы.

Перамога Расеі ва Украіне мела б разбуральныя наступствы для абароны NATO, упэўнены ISW. З іншага боку, украінскі поспех, нават калі Украіна проста ўтрымае лінію фронту прыкладна там, дзе яна ёсць цяпер, зробіць атаку Расеі на Польшчу ці краіны Балтыі значна больш цяжкай і рызыкоўнай.

Hавiны
У ЗША агучылі ўмову ўступлення Украіны ў NATO. Украіна чакае палітычнага запрашэння
2024.04.09 09:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў