Не касманаўтка, а турыстка. «Роскосмос», відаць, пацвердзіў меркаванні пра Васілеўскую


Пакуль улады Беларусі называюць Марыну Васілеўскую першай беларускай касманаўткай, адзначаюць яе зоркамі Героя Беларусі і прымаюць пад яе ўказы, сама былая сцюардэса, падобна, лятала ў космас у якасці касмічнай турысткі. Згадку пра гэта «Zerkalo» знайшло на сайце цэнтру падрыхтоўкі прафесійных касманаўтаў «Роскосмосу».

Беларуска Марына Васілеўская. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: gctc.ru

На сайце цэнтру, у раздзеле «Экіпажы на падрыхтоўцы», насупраць імя Марыны Васілеўскай стаіць абрэвіятура УКП, што значыць «удзельніца касмічнага палёту». Менавіта яе «Роскосмос» выкарыстоўвае для абазначэння касмічных турыстаў.

У 2001 годзе краіны – партнёры Міжнароднай касмічнай станцыі ў адмысловым дакуменце акрэслілі адрозненні паміж прафесійнымі касманаўтамі і тымі, хто бярэ ўдзел у палёце з іншымі мэтамі. Згодна з дакументам, прафесійны касманаўт – гэта чалавек, які прайшоў афіцыйны адбор і атрымаў адпаведную кваліфікацыю ў касмічным агенцтве адной з краін – партнёраў МКС і працуе ў штаце гэтага агенцтва. У Расеі для гэтага можа спатрэбіцца ад сямі да 15 гадоў.

А вось удзельнікі касмічнага палёту – гэта прыватныя асобы, фундаваныя адным ці некалькімі партнёрамі. Тэрмін іх падрыхтоўкі ў Расеі складае мінімум шэсць месяцаў.

Беларуска Васілеўская рыхтавалася да палёту крыху менш за восем месяцаў, то бок не з’яўляецца прафесійнай касманаўткай.

Удзельнікамі касмічнага палёту могуць быць не толькі турысты, але і інжынеры, навукоўцы, выкладчыкі, кінематаграфісты, журналісты, «удзельнікі камерцыйных, навуковых і іншых праграмаў», а таксама чальцы касмічных агенцтваў з дзяржаваў, якія не зʼяўляюцца краінамі – партнёрамі МКС. Для Васілеўскай з гэтага спісу падыходзяць толькі дзве катэгорыі – турыст і чалец іншых касмічных агенцтваў.

Агулам з 2001 года космас наведалі 17 асобаў са статусам УКП. З іх дзевяць ляталі ў якасці турыстаў за свае грошы, а восем, уключна з Васілеўскай, былі ў космасе за кошт іншых дзяржаваў. Малайзія, напрыклад, за свайго касманаўта абавязалася купіць у Расеі ўзбраенняў на 975 мільёнаў долараў.

Меркаванні
Навошта Лукашэнку касмічны піяр? 
2024.03.25 17:20

Марыне Васілеўскай 33 гады, яна нарадзінка Менску. З 2017 года працавала бортправадніцай «Белавіі». Пуск карабля «Саюз МС-25» з першай беларускай касманаўткай на борце быў намечаны на 21 сакавіка. Аднак у апошні момант яго адмянілі праз «прасаджванне напружання хімічнай крыніцы току». У выніку запуск быў перанесены на 23 сакавіка. Вярнулася з космасу яна 6 красавіка.

Эксперымент, якім займалася Васілеўская, – гэта «даследаванне ўласцівасцяў мікраарганізмаў і іх кансорцыумаў дзеля стварэння комплекснага прадукту для падтрымання мікрабіёты чалавека ва ўмовах касмічнага палёту».

«Тое, што рабіла ў космасе Васілеўская, многія чыноўнікі зараз спрабуюць назваць навукападобнымі тэрмінамі. Але калі гэта чуе чалавек, які разбіраецца, то зразумела: простымі словамі, яна праверыла, ці можна ў космасе зрабіць ёгурт«, – адзначаў беларускі навуковец Сяргей Бесараб.

Палёт Васілеўскай некаторыя крытыкуюць як «касмічны турызм» за кошт беларусаў дзеля піяру Аляксандра Лукашэнкі.

«Яна звычайная касмічная турыстка і яе проста вязуць у космас прагуляцца», – адзначаў кіраўнік рэдакцыі тэленавінаў «Белсату» Ігар Кулей.

Лукашэнка ж сапраўды хваліцца палётам Васілеўскай. Гэтак, 26 сакавіка ён казаў: «Гэта не толькі імідж. Гэта цэлая галіна. Ад іміджу краіны, якая здольная выхаваць і запусціць у космас». І нават надаў ёй зорку Героя Беларусі.

Перад палётам Васілеўскай Лукашэнка падпісаў указ № 100 «Аб статусе беларускага касманаўта», які замацоўвае правы і абавязкі касманаўта Рэспублікі Беларусь. Згодна з ім, «касманаўт павінен адпавядаць свайму высокаму званню, валодаць цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, браць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, годна прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне».

Hавiны
«Яна праверыла, ці можна зрабіць ёгурт у космасе». Чаму космас не стаў «нашым» з-за палёту Васілеўскай
2024.04.12 22:11

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў