СІЗА на Валадарскага зачыняецца


З сённяшняга дня СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску спыняе прыём перадачаў для зняволеных. Прычына – расфармаванне і пераезд установы. Пра гэта паведаміла праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Двухсотгадовы будынак Пішчалаўскага замку, у якім размешчаны ізалятар, у аварыйным стане. У 2008-м годзе адна з чатырох вежаў, размешчаных на перыметры забудовы, проста абрынулася. Тады ў здарэнні ніхто не пацярпеў.

У тым будынку чакаў прысуду палітвязень Вячаслаў Касінераў. Ён кажа:

«Валадарка выглядае жудасна. Ёсць адміністрацыйнае крыло з больш-менш рамонтам, як у любым адміністрацыйным будынку, і ёсць канкрэтная мяжа – ты праз яе праходзіш і пачынаецца рэальна абшарпаны замак: абшарпаныя сцены, усё вельмі жудасна».

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», сёння ў СІЗА на Валадарцы ўтрымліваюцца не менш за 29 палітвязняў. Сярод іх бізнесовец Андрэй Брэмшмідт, былы ўчастковы Яўген Ціханаў, настаўніца сталічнай 23-й гімназіі Дар‘я Хмяльніцкая, архітэктарка Дар‘я Мандзік.

У хуткім часе іх ды іншых зняволеных перавядуць у нядаўна пабудаваны ізалятар у Калядзічах, а таксама ў аналагічныя ўстановы Магілёва і Жодзіна. Але паляпшэння ўмоваў утрымання палітычных зняволеных чакаць не выпадае.

«Я думаю, што чалавеку можна стварыць невыносныя ўмовы нават у пентхаусе – проста варта падысці да гэтага з вызначанай доляй перакручанага садызму і крэатыву. І менавіта гэтым займаюцца людзі па ўказцы Лукашэнкі ў дачыненні да палітычных зняволеных», – дадае Вячаслаў Касінераў з праваабарончай ініцыятывы Dissidentby.

СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Менск, Беларусь.
Фота: Яндекс

На Валадарцы трымаюць і асуджаных на расстрэл. Смяротныя прысуды прыводзяць у выкананне тут жа – у сутарэннях будынку. Паводле праваабаронцаў, за час незалежнасці ў памяшканнях следчага ізалятару расстралялі больш як трыста чалавек.

«Гэта месца болі. Што там яшчэ павінна быць? Там павінен быць музей. Калі мы будзем кожны дзень пакутаваць – гэта вельмі цяжка. Але пра падзеі трэба памятаць. Трэба разумець, што без гісторыі няма будучыні», – адзначае былы зняволены, даследчык беларускіх пратэстаў Дзяніс Князеў.

Пасля закрыцця аб’ект выведуць з-пад гаспадарчага валодання Дэпартаменту выканання пакаранняў, перададуць на баланс гораду і пачнуць рэканструкцыю. Як адзначалі ўлады, на аднаўленне гістарычнага аблічча замку спатрэбіцца каля 5 мільёнаў долараў. Да збору сродкаў прыцягнуць прыватных інвестараў. Паводле аднаго з праектаў, тут зробяць гатэльна-забаўляльны комплекс.

«Калі ёсць Берасцейская крэпасць, то не трэба замест яе будаваць які-небудзь «аквалэнд» ці яшчэ што. Гэта памяць – нам трэба шанаваць яе. То самае і з СІЗА», – адзначае Дзяніс Князеў.

Пішчалаўскі замак збудаваны ў 1825 годзе, і з першых дзён ён выконваў функцыі турмы. У яго камерах былі ўдзельнікі паўстання Кастуся Каліноўскага, літаратурныя класікі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Якуб Колас. Падчас сталінскіх рэпрэсіяў у падвале будынку расстрэльвалі дзеячаў культуры, навукі і мастацтва. Сёння СІЗА на Валадарскага мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»