Прынята лічыць, што беларусы – закрытыя людзі, якія стараюцца жыць ціха і непрыкметна, і што шчасце – павіннае быць ціхім. Часта сцэна для тых, хто жыве на публіку, – сацыяльныя сеткі. Кагосьці гэта раздражняе, некага натхняе, шмат каму папросту падабаецца падглядаць за іншымі.
Але ёсць сярод нас і тыя, хто не хавае свайго прыватнага жыцця ад чужых вачэй або нават жыве, як можа падацца, напаказ. І гэткая адкрытасць – вабіць! Менавіта такія яны – гераіні чарговага выдання праграмы «Прыват» з паэткаю Валярынаю Куставай. Тэма другога выдання – «Жыццё напаказ».
Вядоўца высвятляе, што матывавала гераінь шчыраваць у сацыяльных сетках, выслухоўвае часам шакавальныя і правакацыйныя аповеды. Паслухайце і параўнайце: а ці змаглі б вы так «распублічніцца»? Але ўсё да пары да часу – і настае момант, калі жыццё напаказ спыняецца… Чаму?
Прычыны, матывы, плюсы, мінусы, бонусы, рызыкі і небяспекі публічнага віртуальнага жыцця – у другім выданні праграмы «Прыват».
Вядоўца размаўляе з госцяй на пальцах – у наўпроставым сэнсе слова…
На рахунку госці студыі багата скандальных публічных шчыраванняў. Часам ейныя аповеды былі правакацыйныя і шакавальныя нават для блізкіх сяброў. Раней працавала на высокіх пасадах у рэкламе, выдавецкай справе і аўтабізнесе – у міжнароднай карпарацыі. Кінула працу разам з былым мужам і сябрамі. І пачала новае жыццё.Цяпер мастачка і папулярная блогерка Ніка Сандрас. У гутарцы з госцяй студыі мы высветлім, навошта ёй была патрэбная такая колькасць споведзяў і чаму ўрэшце ейнае жыццё напаказ сцішылася? Гераіня сюжэта – журналістка і блогерка Ася Паплаўская. Эксперт праграмы – прыгажуня і псіхолаг Мая Тарасевіч.Адкажыце на наш бліц разам з госцяй праграмы – і зрабіце высновы, ці так проста адпускае залежнасць ад падабаек і каментаў…
Распублічванне нашых гераінь – у поўным відэавыпуску:
Станьце героем «Прывату» або прапануйце тэму, праблему, гісторыю або госця ці героя для наступнага выдання – і сачыце за рыхтаваннем эфіраў на старонках праграмы ў сацыяльных сетках: у «Facebook’у», «УКантакце», «Twiter’ы» ды «Instagram’е». Або пішыце беспасярэдне і прыватна studyjapryvat@gmail.com.
Пазначайце свае цікавыя прыватныя допісы гэштэгамі #прыват, #pryvat, удзельнічайце ў выбары тэмаў і гасцей – і атрымлівайце прыемныя бонусы і падабайкі ад «Прывату» першымі. Альбо станьце сустваральнікам праграмы, бо «Прыват» – гэта, сярод іншага, і пра Вас.
Два разы на месяц, па серадах глядзіце на нашым канале а 21.40. Наступны выпуск – 17 лютага.
Натхняйце і натхняйцеся! Шчыра, востра, па-беларуску.
Валярына Кустава, «Белсат»