Загад Лукашэнкі на большую незалежнасць СМІ. «Прасвет» з Алінай Коўшык


Госці праграмы польскі журналіст і назіральнік на выбарах у 2015-2016 гадах у Беларусі, а таксама еўрадэпутат і былы кандыдат у прэзідэнты Літвы.

Вялікія Эйсманты. Куды вядуць кадравыя перастаноўкі ў беларускіх СМІ?

На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў адразу трох кіраўнікоў буйных дзяржаўных СМІ. Некаторыя назіральнікі назвалі кадравыя перастаноўкі ледзь не завяршэннем цэлай эпохі ў айчынных медыях. Юрый Казіятка, Генадзь Давыдзька, Павел Якубовіч – прозвішчы вядомыя ўсёй краіне. Але і прозвішча Эйсмант добра вядомае. Іван, муж прэс-сакратаркі кіраўніка дзяржавы Наталлі Эйсмант. Цікавы факт. Паводле загаду N 40 з лютага 2017 году, кіраўнікі дзяржаўных СМІ атрымліваюць інструкцыі ад прэс-сакратара прэзідэнта на нарадах. Ігар Кулей разбіраўся, што азначаюць гэтыя адстаўкі і ці здольныя новыя кіраўнікі выканаць загад па дзяржаўных СМІ.

Беларусь выбірае ізаляцыю, але ў Еўропе няма месца Паўночнай Карэі

Нашая карэспандэнтка Ганна Любакова ў Бруселі шукала рэакцыі на чарговую хвалю еўрафільства Лукашэнкі. Дэпутат Еўрапейскага Парламенту Пятрас Аўстравічус пра тое, чаму ён не верыць «еўрафілу» Лукашэнку, што падказвае беларускаму лідару рынак і якую зорку шчасця мусяць злавіць беларусы.

Каму патрэбная саюзная дзяржава-2?

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў бачыць перспектыву стварэння саюзнага трактара, пра што заявіў у Менску. Яшчэ заявіў, што Дамова аб стварэнні Саюзнай Дзяржавы патрабуе актуалізацыі. Дзе праўда? Афіцыйны Менск неаднаразова крытычна выказваўся ня толькі пра Саюзную Дзяржаву, але і пра іншыя інтэграцыйныя праекты Крамля, пра перагляд супольных дамоваў беларускі бок не ўзгадваў. Ці нейкая актуалізацыя можа выратаваць гэты праект? Усевалад Шлыкаў.

Чаму варта стаць назіральнікам на мясцовых выбарах?

Ці ўмацуюць нейкім чынам беларускую незалежнасць надыходзячыя мясцовыя выбары? Якое мае значэнне, што чарговы раз нас падмануць? А польскі журналіст і назіральнік Матэвуш Баек расказвае як нас падманваюць на выбарах.

Ядравая дактрына Трампа. Прычым тут Беларусь?

Улады ЗША вырашылі, што ў выпадку вайсковага канфлікту краінаў паміж Расеяй і НАТА Масква можа ўжыць ядравую зброю. Гэта падаецца фантастыкай і Расеі, і ўсім яе суседзям, аднак амерыканцы вырашылі разгарнуць гонку ўзбраенняў – і пашырыць арсенал ядравай зброі «малой моцы» – ракетаў, якія не прыводзяць да Апакаліпсісу, але здольныя сціраць з зямлі цэлыя гарады. Да чаго гэта можа прывесці – Дзяніс Дзюба.