«За сваю скуру трасуцца і баяцца рот адкрыць». Кіроўцу звольнілі, бо адмовіўся вазіць санкцыёнку ў Расею


Летась, паводле афіцыйнай статыстыкі, наймальнікі на буйных і сярэдніх прадпрыемствах краіны звольнілі каля 700 тысячаў чалавек. Колькі з іх былі звольненыя незаконна – не вядома. Калі вы разумееце, што працадаўца несправядлівы ў дачыненні вас, можна звярнуцца па дапамогу ў незалежны прафзвяз і пайсці ў суд. І пажадана – не адкладаць гэтай справы. Бо згодна з беларускім законам абскардзіць звальненне магчыма толькі цягам месяца.

Уладзімір Кабарыха працаваў кіроўцам-экспедытарам у прыватнай менскай кампаніі. Рэйсы былі пераважна ў Расею. Перавозіў малако і малочныя прадукты. Усё было добра, пакуль увоз харчоў з некаторых заводаў Беларусі не забаранілі. У 2017 годзе ў кампаніі знайшлі новую схему працы – шэрую.

«Пачалі выпісваць дакументы на Казахстан. Каб праскочыць мяжу, выязджалі левымі вакольнымі шляхамі ды разгружаліся пад Масквою, у Маскве амаль», – распавядае Уладзімір Кабарыха, які лічыць сябе незаконна звольненым.

Нібыта ў Казахстан малочку сталі адпраўляць праз дзень. Уладзімір не хацеў незаконна вазіць санкцыйныя прадукты. Таму з кіраўніцтвам здарыўся буйны канфлікт. Працадаўцы запэўнівалі кіроўцу, што хутка адмовяцца ад шэрых схемаў. Але абяцання не стрымалі. Аднойчы ў Расеі груз арыштавалі, і Уладзімір прастаяў на мяжы цэлы тыдзень. Аднак кіраўніцтву ўдалося ўсё развязаць. А Уладзіміру прапанавалі звольніцца.

«Чатыры гады ты даспадобы, ты найлепшы кіроўца, бо любыя рэйсы, цяжкія-нецяжкія, ты ўсё цягнеш, усё, што трэба, робіш. А раз ты пайшоў супраць, то ты не патрэбны тады», – кажа Уладзімір Кабарыха.

У кампаніі Уладзімір працаваў паводле бестэрміновай працоўнай дамовы. Сыходзіць з працы на ўласнае жаданне ён адмовіўся. Тады яго выправілі ў адпачынак на 77 дзён – адразу за ўсе гады працы. Пасля адпачынку Уладзімір прыйшоў у офіс, паведаміў, што гатовы працаваць, і чакаў паведамлення аб рэйсе. Цягам 4 гадоў пра тое паведамлялі па тэлефоне. Але гэтым разам 2 тыдні ніхто не тэлефанаваў – а потым мужчыну запрасілі ў офіс і звольнілі.

«Я ім наўпроставым тэкстам сказаў, я вам што прыбіральшчыца ці хто, што я ў офісе павінен сядзець?» – пытаецца кіроўца.

Уладзіміра звольнілі паводле артыкулу 42 Працоўнага кодэксу. Прасцей кажучы – за прагулы. Мірыцца з такім запісам у працоўнай кніжцы ён не захацеў. І звярнуўся ў суд. Выступіць у якасці сведкі ды распавесці, што сапраўды адбывалася ў кампаніі ды паводле якога графіку працавалі кіроўцы, пагадзіўся толькі адзін калега Уладзіміра. Пазней яго таксама папрасілі звольніцца. Астатнія работнікі сакрэты фірмы раскрываць адмовіліся.

«Бо шасцёркі! Бо за сваю скуру трасуцца і баяцца рот адкрыць», – кажа Уладзімір Кабарыха, які лічыць сябе незаконна звольненым.

У судзе Уладзімір Кабарыха, апроч таго, каб яго звальненне прызналі незаконным, прэтэндаваў і на грашовую кампенсацыю. Ён хацеў, каб кампанія вярнула яму 1000 рублёў, выдаткаваныя на адвакатаў. А таксама выплаціла кампенсацыю памерам дзесяціразовага сярэднямесячнага заробку – каля 7 тысячаў рублёў.

«Быццам бы і пацярпеў паразу, але з іншага боку яны мяне не зламалі, таму павінныя змагацца, павінныя даказваць, як па-іншаму жыць, калі ты бачыш, што несправядлівасць? Проста апусціць рукі?» – задаецца пытаннем кіроўца.

Згодна з беларускім законам, невыкананне работнікам працоўных абавязкаў з не залежных ад яго прычынаў не можа разглядацца як дысцыплінарная правіна. На бок Уладзіміра Кабарыхі стаў пракурор. Аднак суд падтрымаў працадаўцу, а не кіроўцу. Ва Уладзіміра быў дыктафонны запіс, які пацвярджае, што пасля адпачынку ён быў у кампаніі ды кантактаваў з кіраўніцтвам. Аднак разглядаць запіс у якасці доказаў суд не стаў.

«Кажу табе шчыра: цябе не хочуць тут бачыць, ні мы, ні калектыў!» – цытата з размова Уладзіміра Кабарыхі з намеснікам кіраўніка ТАА «Віва-Лагістык-Плюс».

Да лістапада ва Уладзіміра яшчэ ёсць час абскардзіць рашэнне суда. Таксама былы кіроўца звярнуўся ў пракуратуру з заяваю аб нелегальных перавозках санкцыйнай малочкі. Аднак гэтаю справай ніхто не зацікавіўся.

Беларусы рэдка адстойваюць свае правы і судзяцца з наймальнікам. А дарма. Калі суд прызнае, што вашае звальненне было незаконнае, то вас адновяць на працы і выплацяць сярэдні заробак за перыяд вымушанага прагулу. Калі ж аднаўленне вас на працы суд палічыць немагчымым або немэтазгодным – працадаўца мусіць выплаціць грашовую кампенсацыю памерам дзесяць сярэднямесячных заробкаў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Беларусы не асуджаюць тых, хто ўхіляецца ад аплаты падаткаў
  • Як беларусы зарабляюць на Радаўніцы?
  • Дамова падраду: што рабіць калі наймальнік не плоціць грошы?

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».