Глядзіце ў апошнім выданні праграмы:
Польска-беларускія дачыненні нельга назваць узорнымі, ды і развіваюцца яны ўвесь час хвалямі, то ўздым, то перыяд зацішша. І вось адразу некалькі высокіх сустрэчаў на гэтым тыдні недвузначна намякаюць на тое, што Менск і Варшава ўвайшлі ў чарговую фазу збліжэння. З гэтае нагоды Ігар Кулей правёў інвентарызацыю двухбаковых дачыненняў.
Чым кіруюцца беларусы, калі выбіраюць Расею і чым калі Еўрапейскі звяз? Як працоўная эміграцыя ўплывае на змены ў геапалітычнай арыентацыі? Інтэрв’ю з доктарам сацыялагічных навук Андрэям Вардамацкім.
У Літве – чарговыя ваенныя вучэнні з удзелам чатырох тысяч жаўнераў НАТО. Мы з’ездзілі на базу ў мястэчку Пабрадзе, каб зняць рэпартаж пра амерыканскі батальён і паразмаўляць з ягоным камандзірам. А таксама апыталі экспертаў пра сцэнар міжнародных вучэнняў «Жалезны воўк 2» , якія пачаліся ў Літве ды якім будзе адказ беларускага кіраўніцтва, што яшчэ нядаўна нервова рэагавала на паўтысячы амерыканцаў каля нашай мяжы. Рэпартаж Дзяніса Дзюбы.
Яшчэ адным і, бадай, самым гарачым пытаннем у двухбаковых дачыненнях Беларусі і Літвы застаецца Астравецкая АЭС. І мы не маглі не звярнуць увагі на заяву Еўракамісара ў справах палітыкі суседства Ёганэса Гана, які ўжо неўзабаве пакідае свой пост. Паводле яго, пагадненне аб прыярытэтах партнёрства Еўразвяз і Беларусь падпішуць, толькі калі дасягнуць дамоўленасці наконт беларускай АЭС. Што гэта, гучная заява еўракамісара на развітанне ці перамога Вільні? Сітуацыю каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Перанясемся за акіян, каб прыгледзецца да сітуацыі ў самай заможнай краіне Лацінскай Амерыкі, дзе людзі бядуюць… Бядуюць шараговыя чылійцы, а таму выходзяць на мільённыя антыўрадавыя пратэсты. Насустрач ім – адмова дзейнага кіраўніка краіны пайсці ў адстаўку, вадамёты ды сапраўдныя кулі, ад якіх загінулі больш за два дзясяткі чалавек. Тысячныя арышты. Што прывяло да крызісу на лацінаамерыканскай выспе стабільнасці? Падрабязнасці ў рэпартажы Юліі Цяльпук.
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Заходзьце на Facebook праграмы! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.