Юрась Беленькі: Беларусь для Лукашэнкі не існуе як каштоўнасць


Крымінальную адказнасць за пагрозу незалежнасці Беларусі мусіць панесці кожны, хто давёў краіну да сённяшняга стану, лічыць намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.

У эфіры «Размовы ProContra» са Святланай Калінкінай і Віталём Цыганковым госць студыі Юрась Беленькі падвёў рысу пад развагамі аб тым, што спрычынілася да таго, каб з дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расеі змахнулі пыл.

«Нізкаэфектыўная прамысловасць закрэдытаваная расейскімі банкамі. Яна фактычна ў іх руках. Што такое няўстойлівы перыяд, у які ўступіла Беларусь? Прадпрыемствы не змогуць аддаваць запазычанасцяў, банкі не змогуць зводзіць сваіх балансаў. Праблемы пачынаюцца і ў банкаўскай сістэме, і ў прамысловасці. Пачынаецца фінансава-эканамічны крызіс. Румас і ўся астатняя кампанія ўсё гэта разумеюць: здаць суверэнітэт Беларусі – як бы паратунак для іх. Але гэта катастрофа для нацыі», – упэўнены Юрась Беленькі.

Да таго ж, на думку Беленькага, які чатыры гады працаваў побач з Лукашэнкам, для цяперашняга кіраўніка краіны «такой каштоўнасці, як Беларусь, не існуе ўвогуле».

Госць «Размовы ProContra» нагадаў таксама, што стварэнне пагрозы суверэнітэту Беларусі – гэта злачынства, якое прадугледжвае крымінальную адказнасць і не мае тэрміну даўніны.

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запускае падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас.

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

А таксама падпісвайцеся на «Размову» ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», Twitter, Instagram і Telegram.