Якое значэнне акцыі «Несмяротны полк» для Беларусі? Меркаванне эксперта


Афіцыйны Дзень Перамогі Беларусь адзначае ў межах акцыі «Мы памятаем». Між тым, паралельна ў Менску на плошчы Перамогі прайшла яшчэ адная імпрэза – «Несмяротны полк». Гэтая ініцыятыва мае шырокі размах у Расеі, але кіраўнік Беларусі выступае супраць яе. Алесь Залеўскі пабываў на месцы падзеі.

Менскія ўлады, нібыта ведаючы, што ўдзельнікаў будзе менш, чым летась, месца збору для «несмяротных» прызначылі каля невялічкай пляцоўкі побач з домікам РСДРП. Матывы ўдзелу ў акцыі – дыяметральна розныя:

«Каб пакаленні старэйшых перадавалі малодшым, а малодшыя – бераглі мір, які цяпер вельмі хісткі».

«Мы ходзім на Россотруднічество, ад расейскай амбасады. Там гістарычныя тэмы, але пасля пераходзім да сучасных».

Чым бліжэйшы быў пачатак афіцыйных урачыстасцяў, тым больш супярэчнасцяў выяўлялася сярод удзельнікаў. Хтосьці быў супраць Сталіна з Леніным на асноўным плакаце.

Хоць партрэты савецкіх правадыроў і георгіеўская стужка – гэта тыя атрыбуты, якія візуальна адрознівалі «Несмяротны полк» ад удзельнікаў святкавання з боку праўладных арганізацыяў.

«Гэта мой бацька, дзякуй Богу. Ордэн Аляксандра Неўскага атрымаў. Быў паранены ў Польшчы моцна. А пасля яшчэ і з бандэраўцамі давялося ваяваць», – кажа ўдзельнік акцыі.

Абураліся людзі і рашэнню ўладаў адасобіць «Несмяротны полк» ад афіцыйных урачыстасцяў. Фармальна праз тое, што арганізатары не змаглі сабраць грошай на ахову імпрэзы. Прывітанне ад беларускай апазіцыі.

«Вось народ, і я не ведаю людзей. Паловы не ведаю. Але яны прыйшлі. Акцыя з народу, вось чым яна адрозніваецца ад той, што прыйшлі па разнарадцы столькі вось і былі апранутыя адпаведна», – гаворыць Валерый Драко, арганізатар акцыі «Несмяротны полк».

Пасля гадзіны чакання натоўп усё ж пусцілі бліжэй да стэлы. Там пачаў прамаўляць кіраўнік краіны, але «Несмяротны полк» сілавікі ўсцяж трымалі асобнаю групай.

Сярод удзельнікаў сапраўды шмат хто прыйшоў з уласнай сямейнай гісторыяй. Хоць гэта і кантраставала з ваяўнічымі воклічамі пра перамогу Савецкага Саюзу і адданасці Сталіну. Ну і з перамогаю дакладна можна павіншаваць праваахоўнікаў, якім удалося зрабіць яшчэ адзін крок да маргіналізацыі «Несмяротнага палка» у Беларусі.

Пра значэнне акцыі размаўляем у Студыі «Белсат» з філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам.

belsat.eu