Хто толькі падчас перадсезоннага рыхтавання не крытыкаваў сталічнага хакейнага «Дынама»! Аднак, папраўдзе кажучы, было за што. «Зубры» выдалі жудасную серыю паразаў, якая ледзь не дасягнула двухзначнай лічбы.
Прагулялі «бела-блакітныя» і на самым старце ў сёлетнім сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі, аднак затым прарвала. У чарговым туры «Дынама» накаўтавала фінскі «Ёкерыт», і дарэчы было ўзгадаць знакамітую песню гурта «Чайф»: «Які боль, які боль…»
Пры падтрыманні амаль бітком забітае «Менск-Арэны» «Дынама» учыніла даволі нечаканы разгром прыезджай каманды з буйным лікам 5:0.
Арцём Дзямкоў, нападнік ХК «Дынама» (Менск):
«Гэта наш план на гульню, трэнер сказаў, што мы вельмі добра адгулялі першы перыяд, былі галявыя моманты, выглядалі лепш за суперніка. У трэцім перыядзе ўжо рэалізавалі свае моманты».
Хакеісты з пачатку гульні былі зараджаныя на вялікія хуткасці, мелі магчымасці лік адкрыць, аднак на перапынак каманды пайшлі са стартавымі нулямі на табло. Наступная 20-хвілінка ўжо амаль расставіла ўсе кропкі над «І», калі «зубры» намаганнямі Гатаўца, Пулкінена і Андрэя Касціцына зрабілі лік 3:0.
Крэйг Ўудкрафт, галоўны трэнер ХК «Дынама» (Менск):
«Я ведаю Лаўры на ўзроўні зборных, на міжнародным узроўні, ведаю ягоныя каманды, якія ў прынцыпе выглядаюць аднолькава: з добрым досведам, добра натрэнаваныя, таму мы ведалі, што чакае нас у гэтым двубоі. Я ведаў, што «Дынама» трэба быць вельмі цярплівым і дысцыплінаваным, каб дабіцца станоўчага выніку. Я думаю, мы гэта даказалі, хакеісты гулялі з вялікім жаданнем цягам усіх 60 хвілінаў. Таксама адзначу нашыя дзеянні ў большасці, яны мне вельмі спадабаліся».
У трэцім перыядзе «бела-блакітныя» не сталі гуляць ад абароны, а працягвалі штурм брамы суперніка і яшчэ вызначыліся двойчы. Спачатку закідвае Мікіта Феактыстаў, а кропку паставіў Тээму Пулкінэн. У гэтай сустрэчы за нашую каманду дэбютаваў і 20-гадовы Уладзіслаў Яроменка, абаронца ХК «Дынама» (Менск):
«Шыкоўная атмасфера, першы раз яе адчуў на сабе. Мы доўгі час працавалі, прайшлі перадсезонку, пачалі больш разумець сістэму, і ад гэтага з’явіўся і такі станоўчы вынік».
Дзякуючы заўзятарам, якія не пакідаюць каманды ў цяжкія часы, прычым нават з такімі лозунгамі, у выніку і адбываюцца такія шыкоўныя перамогі. «Зубры» на мажорнай ноце скончылі хатняю серыю, лідараваўшы ў трох двубоях запар. «Ёкерыт», у сваю чаргу, зазнае трэцюю запар паразу.
Галоўны трэнер ХК «Ёкерыт» Лаўры Мар’ямякі:
«Нам проста надалей трэба гуляць як камандзе, перамагаць, і будзе ўсё ў парадку. Супернік паказаў добрую гульню, перамог амаль ва ўсіх адзінаборствах і скарыстаўся сваймі магчымасцямі. Дзіўна, што ў нас атрымліваецца-такі хакей».
Менскае «Дынама» пакуль займае восьмы радок Заходняй канферэнцыі КХЛ, а сваё трохматчавае выязное турнэ дружына Ўудкрафта распачне заўтра ў Ніжнім Ноўгарадзе супраць «Тарпеда».
Дзмітрый Сухановіч belsat.eu