Як нафтавыя спрэчкі паўплываюць на заробкі беларусаў?

7 лютага Лукашэнка і Пуцін сустрэліся ў Сочы, каб нарэшце дамовіцца пра нафтавыя і газавыя цэны. Газ будзе каштаваць Беларусі, як у мінулым годзе, а цана на нафту будзе камерцыйная, дамаўляцца давядзецца з пастаўляльнікамі. А гэта значыць, нафта падаражэе. Ці закране сітуацыя звычайных беларусаў? Можа, хутка мы застанемся без паліва?

Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб зазначае, што нягледзячы на тое, што ў Беларусі вельмі мала сваёй нафты, Беларусь застаецца буйной нафтаперапрацоўчай краінай. Напэўна, мы ўваходзім у дзясятку экспарцёраў нафтапрадуктаў у свеце.

Гэтак, ад расейскага нафтавага імпарту залежыць праца буйных беларускіх нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у канцэрн «Белнафтахім». Перадусім гэта наваполацкія «Нафтан» і «Палімір», НПЗ у Мазыры, «Магілёўхімвалакно», «Горадняазот» – агулам каля сарака прадпрыемстваў па ўсёй краіне. Іх бесперабойная праца – гэта бюджэтныя адлічэнні, а таксама працоўныя месцы і заробкі работнікаў.

«Экспарт нафтапрадуктаў складае 20–25 % усяго экспарту краіны, і гэта – найважнейшы кірунак напаўнення бюджэту», – Вадзім Іосуб.

Калі паглядзець на складнікі ВУП Беларусі, то відавочны ўплыў перапрацоўчай прамысловасці. А гэта і ёсць перапрацоўванне нафты. Сельская гаспадарка прыносіць шмат толькі ў трэцім квартале года, у астатнія перыяды вагаецца каля васьмісот мільёнаў. А вось прыбыткі ад нафтаперапрацоўкі вагаюцца ў межах 6–7 млрд. Гэта найбуйнейшы складнік дзяржаўных прыбыткаў, а значыць – і дзяржаўных выдаткаў.

Пакуль што заўважнага ўплыву на эканоміку няма. Да таго ж адмыслоўцы сцвярджаюць, што ў Беларусі ёсць шмат шляхоў развязання крызісу. Нафтавай сыравінай Беларусь прапанавалі забяспечыць некаторыя дзяржавы: ЗША, Польшча, краіны Балтыі, а Нарвегія нават паставіла 60 тыс. т.

«Гаворка вядзецца пра патрэбу 6 млн т нафты штогод. Мы зможам іх знайсці, хутчэй за ўсё. Іншая рэч – за якія кошты мы знойдзем замену расейскім пастаўкам. Усе яны будуць даражэйшыя, а гэта азначае, што, найхутчэй, павысяцца кошты на бензін», – кажа Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка Беларускага эканамічна-даследчага цэнтру BEROC.

Рост коштаў на бензін – гэта і рост коштаў на тавары і паслугі. Да прыкладу, падаражэе праезд, могуць вырасці цэны на харчы і тавары, якія дастаўляюцца ў месцы гандлю грузавым транспартам.

Нафтавая вайна: што будзе з коштам на бензін?

Па-другое, трэба разумець, што калі раней мы шмат нафты набывалі ў Расеі, перапрацоўвалі і прадавалі нафтапрадукты, то ў нашым бюджэце заставалася шмат грошай у выглядзе экспартнага мыта – гэта амаль 5 % даходу бюджэту, дадае Кацярына Барнукова.

Калі мы згубім гэтыя прыбыткі – давядзецца скарачаць бюджэтныя выдаткі. Напрыклад, заробкі настаўнікаў ці дактароў – ім акурат распрацавалі новы парадак аплаты працы, які набыў моц 1 студзеня. У яго межах можна будзе лёгка змяншаць выплаты прэміяў ды надбавак.

Лукашэнка перавыбера сябе, а інтэграцыю спусціць на тармазах

Аднак нафтавае пытанне – гэта не толькі грошы і даходы. Гэта яшчэ і эканамічная бяспека ды палітычны суверэнітэт краіны – важна не залежаць ад паставак аднаго партнёра і стасункаў з ім.

Яшчэ на пачатку 1990-х дэпутаты Вярхоўнага Савету распрацавалі такі праект пастаўкі нафты, які мог бы зрабіцца альтэрнатыўным расейскаму: «Балтыйска-Чарнаморскі нафтавы калектар». Яго мэтай было злучэнне дзейных нафтаправодаў на лініі Адэса – Броды – Вэнтспілс. Гэта дазволіла б цалкам пазбавіць Украіну, Беларусь і краіны Балтыі энергетычнай залежнасці ад Расеі. Нафта дастаўлялася б з рэгіёнаў Чорнага і Балтыйскага мора. Тэарэтычна, гэты праект можна зрэалізаваць і сёння.

«Праект выгадны, эфектыўны, і яго трэба рэалізоўваць. Для гэтага – так, патрэбная палітычная воля. Трэба, каб кіраўніцтва Беларусі зрабіла гэты крок. З гледзішча прагматычнага – гэта выгадна краіне і дзяржаве, людзям, якія тут жывуць», – кажа Юрый Беленькі, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання.

Але кожны працэс пераходу на альтэрнатыўныя крыніцы (што б ні абрала кіраўніцтва краіны) абавязкова пацягне бюджэтныя выдаткі, скарачэнне бюджэтных выплатаў і рост коштаў на паліва.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Колькі Беларусь выдаткуе на падрыхтоўку да вайны?
  • Як уплываюць на жыццё розныя гарадскія і вясковыя нарматывы?
  • Ці рэальна знайсці працу без адукацыі?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Больш матэрыялаў

Грошы скончыліся. Як выжыць без іх?

«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» Як ад беларусаў хаваюць сапраўдны маштаб эпідэміі

Грошы на чужой бядзе. Хто нажываецца на эпідэміі?

Новая нармальнасць. Якой будзе Беларусь пасля пандэміі?

Каронакрызіс. Параўналі дзяржаўную дапамогу ў Беларусі ды іншых краінах

Медыцына не для ўсіх. Дзе і хто лечыць чыноўнікаў?

Крызіс на парозе. Як уратаваць свае ашчаджэнні?

Не грэчкай адзінай. Чым трэба закупіцца на выпадак каранціну?