Як гаманцы Лукашэнкі ўцякаюць ад санкцый


Адною з навінак сёлетніх санкцыяў сталася ўлучэнне ў спіс некаторых беларускіх айцішнікаў. Беларускі ІТ-сектар адрозніваецца тым, што 95 % усіх паслуг ён вырабляе на экспарт. Беларускія праекты ў кампаніях – гэта рэдкасць. У праграме «Давайце разбірацца» высвятляем як праўладныя бізнесоўцы абыходзяць еўрапейскія санкцыі.

У 2018 годзе кампанія«Synesis» стала тэхнічным аператарам для Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Як гэта адбылося, невядома. Адкрыты конкурс адмянілі праз тое, што на яго заявіўся толькі адзін прэтэндэнт – фірма «24х7 Панаптэс», уласнік якой – «Synesis». Далейшую працэдуру адбору закрылі ад грамадства. Потым Савет Міністраў забавязаў шэраг аб’ектаў падлучыцца да сістэмы «Synesis» і ў дадатак – плаціць «Synesis» паводле вельмі высокага тарыфу – 100 рублёў на месяц за кожную камеру.

Цяпер «Synesis» на 100 % належыць Аляксандру Шатрову, які нашумеў раней сваймі палітычнымі каментарамі. Напрыклад, пасля Дня Волі 2017 года ён скрытыкаваў дэманстрантаў, якіх затрымлівала міліцыя. А пазней наагул параўнаў пратэсты з гандлем наркотыкамі. Вось як выказаўся Аляксандр Шатроў:

«Будзе дзіўна, калі вы пачняце крычаць, што калі ў Амерыцы наркотыкі легалізавалі, то вы не разумееце, чаму да вас тут такое стаўленне. То бок вы разумееце наступствы, вы ідзяце і робіце. Калі раптам наступствы наступаюць, не прыміце гэтага. Тут тое самае. Людзі ішлі на дэманстрацыю. Ім яе не санкцыянавалі. Ёсць закон, у якім прапісана, што можна, а што нельга. Яны на што разлічвалі?»

Уладальнікам «Synesis» Шатроў стаў зусім нядаўна – праз два тыдні пасля ўвядзення супраць гэтай кампаніі чарговага раўнду санкцыяў Еўразвязу. Да таго часу долі ў фірме належалі кампаніі «Энерга-Оіл-Інвест» і жонцы галоўнага бенефіцыяра «Энерга-Оілу» – Іне Алексінай. У долю «Synesis» яны ўвайшлі ў 2016 годзе – за сем месяцаў да прыняцця ўказу аб Рэспубліканскай сістэме маніторынгу. То бок можа скласціся ўражанне, што інвестыцыя мела на мэце канкрэтна атрыманне замовы на стварэнне рэспубліканскай сістэмы назірання.

Аляксандр Шатроў кажа, што ягоная фірма атрымлівае грошы не ад МУС, а ад абанентаў, і на падставе гэтага плануе абскарджваць санкцыі ЕЗ. І камераў пакуль падлучылі вельмі мала. Верагодна, каб аблегчыць сабе абскарджанне санкцыяў, Шатроў на паперы пазбавіўся і ад партнёрства са структурамі Аляксея Алексіна. Нагадаем, што шырокай публіцы Алексін стаў вядомы дзякуючы «Табакерцы», гэта адзіная прыватная сетка сталічных шапікаў.

Расследaванні
Атачэнне Лукашэнкі адмывае грошы праз Літву? Расследаванне
2020.10.15 20:30

10 гадоў таму менскія ўлады забаранілі шапікі ў горадзе, спасылаючыся сярод іншага на тое, што гэта неэстэтычна. Кампанія, якой пасля гэтага перадалі манаполію на іх, называецца «Энерга-Оіл». Цяпер – «Энерга-Оіл-Інвест». Гэта тая самая кампанія, якой перад увядзеннем санкцыяў належаў і «Synesis». Старшыня ГА «Перспектывы», што лучыць індывідуальных прадпрымальнікаў, Анатоль Шумчанка адзначыў, што дзяржава паводзіць сябе дзіўна:

«Дзіўным чынам паводзіць сябе дзяржава, якая ў гэтым выпадку мусіць даваць усім роўныя магчымасці, а замест гэтага, зыходзячы з атрыманых адказаў, што кіёскі немэтазгодныя для прадпрымальнікаў, робім выснову, што для дзяржавы ёсць прадпрымальнікі – простыя смяротныя і прадпрымальнікі не простыя, якія маюць асаблівыя прэферэнцыі».

У лютым 2019 года на распараджэнне Лукашэнкі стварылі сістэму маніторынгу транзітных перавозак. А распрацоўвалі яе нашыя старыя знаёмыя з «Synesis» – таго самага, што трапіў пад санкцыі Еўразвязу за сістэму відэаназірання. Канкрэтнай юрыдычнай асобаю на гэтым падрадзе была фірма «Synesis Stigma». Мінарытарнымі долямі там валодаюць Аляксандр Шатроў, ягоны брат Яўген і партнёр з Расеі. А 75 % належыць алексінаўскаму «Белнафтагазу».

Аляксея Алексіна сярод уласнікаў «Белнафтагазу» ўжо няма. Пасля ўвядзення санкцыяў ЕЗ ён перапісаў сваю долю на сыноў – Дзмітрыя і Віталя. Яшчэ адной акцыянеркаю сталася ягоная жонка Іна. Уласнікамі «Влатэ Лагістык» сталі Пятроў і Герасім зусім нядаўна. Зноў жа – пасля ўвядзення санкцыяў Еўразвязу.

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца»:

  • Якім чынам кампанія «Энерга-Оіл-Інвест» у пачатку 2021 года таксама зазнала раптоўную змену ўласнікаў?
  • Як санкцыі абышлі два алігарха Аляксандр Зайцаў і Мікалай Верабей?

Belsat.eu