Вядомая журналістка амаль увесь заробак аддае на дабрачыннасць


Што падштурхоўвае знанага занятага чалавека выдаткоўваць свой час на дабрачынныя праекты?

Кацярына Пытлевая – знаная беларуская журналістка, музыка, тэле- і радыёвядоўца. Апошнім часам найчасцей яе можна сустрэць на розных дабрачынных акцыях, а таксама яна выступае валанцёркаю ў сацыяльных праектах. Амаль увесь свой вольны час Каця нешта арганізоўвае, за штосьці агітуе. Часта ездзіць у дзіцячыя дамы, ладзіць валанцёрскія канцэрты і дапамагае людзям усімі магчымымі спосабамі. Бывае нават, што дзяўчына аддае амаль усе свае заробленыя грошы, каб толькі правесці нейкую акцыю, напрыклад, звязаную з прафілактыкаю раку.

Футбольная каманда для дзяцей з складаным лёсам

Жыхар гораду Жабінка Юрый Бялецкі штодня трэнуе ў футбол дзяцей са складанымі жыццёвымі абставінамі, з няпоўных сем’яў, навучэнцаў інтэрнатаў і проста здольных маладзёнаў. Каманда пакуль аматарская, умовы для гульні ў футбол – такога ж узроўню. Але Юрый не перастае верыць у тое, што аднойчы мясцовыя ўлады і неабыякавая супольнасць знойдуць сродкі дапамагчы гэтым дзецям ды на развіццё іхнага спартовага патэнцыялу.

Сусветна вядомая кніга «Хронікі Нарніі» дачакалася публікацыі па-беларуску

«Хронікі Нарніі» – бальшыня з нас пэўна сутыкнулася з гэтаю кнігаю ды фільмамі на яе аснове. Пакуль можна было чытаць яе ў арыгінале або па-расейску. Цяпер, дзякуючы намаганням Андрэя Кіма, які зарганізаваў збор грошай і публікацыю, мы дачакаліся беларускага перакладу «Хронікі Нарніі: Пляменнік Чараўніка». Мара Андрэя ды ягоных сяброў ня здзейснілася б, калі б не існаванне народнага фінансавання, гэтак званага краўдфандынґу, праз які самое грамадства збірае грошы на ажыццяўленне важных праектаў.

Рамеснік Сяргей Бандарэнка пастанавіў захаваць памяць пра Крэўскі замак

Рамеснік Сяргей Бандарэнка пастанавіў захаваць памяць пра Крэўскі замак і пачаў будаваць у сваім двары яго копію ў маштабе 1 да 10-ці. Ад былое велічы аднаго з самых старадаўніх беларускіх замкаў з кожным годам застаецца ўсё меней. Самыя ўлады нічога ня робяць: ні рэстаўрацыі, ні кансервацыі. Дадаткова абмяжоўваюць валанцёраў, бо для правядзення любых працаў на руінах патрэбная праектава-каштарысавая дакументацыя ды навуковы дагляд.