Вусная гісторыя супраць савецкай прапаганды. Праўда простых людзей


«Вусная гісторыя» – даследаванне мінулага на падставе апытання жывых сведкаў падзей. Ці суб’ектыўныя іхныя аповеды? Натуральна. Але хіба пісьмовыя крыніцы абʼектыўныя? Што такое субʼектыўнасць? Як яе пераадолець?Дасюль ёсць яшчэ жывыя сведкі падзеяў Другой сусветнай вайны. Але ў гісторыі Беларусі былі і іншыя лёсавызначальныя здарэнні: голад 1947 года, пасляваенная адбудова, аварыя на ЧАЭС, распад СССР, кароткае нацыянальнае адраджэнне пачатку 1990-х гадоў. Аповеды пра іх спяшаюцца запісаць даследчыкі вуснай гісторыі.

Нехта здзівіўся б: маўляў, што талковага могуць расказаць старыя? Напрыклад, яшчэ нядаўна англійскі папулярызатар гістарычнае навукі Алан Тэйлар казаў пра вусную гісторыю так: «Лухта, якую вярзуць старыя пра сваю маладосць!»

Але варта памятаць, што апытанне сведкаў – метад, якім карыстаўся яшчэ Герадот. Таксама можна прыгадаць этнографаў, якія пачынаючы з ХІХ ст. менавіта гэтак збіралі вусную народную творчасць, даследавалі мову, звычаі ды традыцыі народаў.

У БССР так сурʼёзна паставіліся да праблемы, што стварылі пры акадэмічным Інстытуце гісторыі аддзел публікацыі ўспамінаў савецкіх партызанаў, каб пераўтвараць партызанскія мемуары ў ідэалагічна правільныя прапагандысцкія творы.

Вусная гісторыя – такая самая каштоўная гістарычная крыніца, як іншыя. Натуральна, яна патрабуе адмысловага падыходу. Хто быў яе пачынальнікам? Калі ёю пачалі займацца ў Беларусі, і якія вынікі гэтае працы? У чым спецыфіка гэтых успамінаў і працы са сведкамі падзей? Гэта абмяркуюць доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч і адзін з пачынальнікаў беларускай вуснай гісторыі ды навуковы куратар праекту «Беларускі архіў вуснай гісторыі», доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

І вы можаце дапамагчы гістарычнай навуцы, запісаўшы ўспаміны сваіх бабуль і дзядуляў, бацькоў, а таксама ўласныя.

«Запісвайце ўспаміны бабуляў, дзядуляў, бацькоў, маці сваіх, таму што гэта ўсё частка нашай гісторыі!» – заклікае Аляксандр Краўцэвіч.

Гэты заклік падтрымлівае Алесь Смалянчук, звяртаючы ўвагу на асаблівасць беларускай сямейнай памяці.

«Вельмі часта дзядулі і бабулі не дзеляцца вельмі важнымі ўспамінамі. Не дзеляцца, і ў нас былі такія сітуацыі неаднаразова, калі ўнукі прысутнічалі і пыталіся: чаму ты нам пра гэта не распавядаеш? – кажа Алесь Смалянчук. – Гісторыя такая трагічная, гэта не проста гісторыя. Часта на гэтую гісторыю чамусьці беларускія бабулі і дзядулі накладваюць нейкае табу, маўчанне, можа, страх. Вельмі важна, каб сямейная гісторыя жыла і перадавалася з пакалення ў пакаленне».

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: David Mark