Расея высока ацэніць, што Лукашэнка не паедзе ў Брусель


Паводле аналітыка, «ёсць палітычная цана няўдзелу Лукашэнкі ў падобных мерапрыемствах».

Не выключана, што шпіёнскі скандал паміж Украінай і Беларуссю быў адным з эпізодаў інфармацыйнага суправаджэння да рашэння Аляксандра Лукашэнкі адмовіцца ад удзелу ў саміце «Усходняга партнёрства» 24 лістапада ў Бруселі.

Такую думку ў праграме «Размова дня» выказаў аналітык і галоўны рэдактар часопісу «Arche» Валер Булгакаў.

Па яго словах, «ёсць палітычная цана няўдзелу Лукашэнкі ў падобных мерапрыемствах». Няўдзел у саміце «Усходняга партнёрства», лічыць аналітык, будзе «высока ацэнены расейскім бокам і створыць новую прастору для гульні ў гэтым напрамку».

«Як дасведчаны палітык Лукашэнка схіліўся да думкі, што няўдзел дасць не менш, а нават больш дывідэндаў, чым паездка ў еўрапейскую палітычную сталіцу», – кажа Валер Булгакаў.

Пры гэтым ён заўважае, што расейскія СМІ нават шпіёнскі скандал паміж Кіевам і Менскам падалі як чарговы разварот Лукашэнкі ад Еўропы да Расеі.

Падрабязней аб прычынах адмовы Лукашэнкі ад візіту ў Брусель, хто мог зладзіць шпіёнскі скандал і як беларускія ўлады дзейнічаюць датычна расейскіх шпіёнаў і агентаў уплыву – у поўным выданні праграмы «Размова дня» Уладзіміра Мацкевіча з Валерам Булгакавым.