«Уяўляю расейцаў, што кажуць Пуціну: чаму столькі накручваеш на таварах з брацкае Беларусі?»


Перашкоды ў пастаўках беларускай прадукцыі ў Расею Аляксандр Лукашэнка называе звычайнай канкурэнцыяй. Ды пярэчыць папрокам адносна таго, што Беларусь пастаўляе на рынкі Расеі больш танную прадукцыю. Але словам кіраўніка краіны мы даўно не верым, таму будзем правяраць. Размаўляем з кіраўніком аналітычнага цэнтру Мізэса, эканамістам Яраславам Раманчуком:

«Дэмпінг ёсць, таму што цэны на тыя тавары, якія мы дастаўляем у Расею, ніжэйшыя за тыя ж самыя тавары, якія ёсць на паліцах нашых крамаў. Гэта класічнае акрэсленне дэмпінгу. Але гэта толькі прыкрыццё такое, што ёсць на самай справе, таму што няма роўных умоваў на рынках энерганосьбітаў, няма саюзу. […]

Гэты тэзіс накіраваны перш за ўсё на расейскую публіку, быццам беларусы такія добрыя і прадаюць за рубель. Я ўяўляю сабе твары расейцаў, якія паглядзяць на Крэмль і на Пуціна з прэтэнзіяй: ну чаму ты столькі накручваеш на таварах з брацкае Беларусі?

Адзіная прычына таму, што адбываецца, гэта тое, што Пуцін сказаў яшчэ ў Санкт-Пецярбургу, тое, што падкрэсліў Козак: нам патрэбен, як кажуць расейцы, іншы ўзровень інтэграцыі ў межах з саюзнай дзяржавай. Гэта азначае, што Расея запрапанавала ў патаемных размовах Лукашэнку той сцэнар, які для яго абсалютна непрымальны. Ён звязаны з тым, каб трансфер нейкіх канкрэтных палітычных паўнамоцтваў быў не ў папяровай, а ў рэальнай Саюзнай дзяржаве. Адмовіцца ад палітычнай улады над Беларуссю Лукашэнка не гатовы, таму ідзе такі асіметрычны торг, ціск, і Лукашэнка стараецца выкарыстоўваць той факт што 65адсоткаў расейцаў станоўча ставіцца да спадара Лукашэнкі. Гэта нават больш за той пазітыўны рэйтынг, які мае Пуцін у Расеі. Ён стараецца зрабіць так, каб на гэтым гуляць, і перш за ўсё атрымаць кампенсацыю за падатковы манеўр і ільготныя цэны на газ.

На жаль тое, што мы бачым з Еўрапейскім звязам, рынак 19 трыльёнаў долараў, ён у 8 разоў большы, чым рынак Расеі, а нашая доля на гэтым рынку мізэрная. Наша доля ў імпарце палякаў – нават паўадсотка няма. Так што нікуды мы не ідзём. Прыклад з Венесуэлай. Ну добра, мы пайшлі. І дзе мы пайшлі? Венесуэла цяпер адна з найбяднейшых краінаў свету. У Судан ідзем? Але гэтага золата беларускі бюджэт не пабачыць. Трэба давяраць беларусам. У нас шмат добрых менеджараў, шмат людзей, якія ведаюць, як рабіць бізнес, нельга, каб бізнесам займаліся чырвоныя дырэктары і чыноўнікі…»

Фота: Mikhail Metzel / TASS / FORUM