Мікола Статкевіч – самы зацяты і пазнавальны лідар пратэсту. Ад пачатку гэтай выбарчай кампаніі Статкевіч трымаўся паслядоўнае пазіцыі – толькі байкот і масавы мірны пратэст. Але ці быў за гэтымі заклікамі рэальны план? Дапытаем на дэтэктары хлусні Уладзіміра Няпомняшчых, кандыдата, вылучанага ад каманды Статкевіча, у праграме «Шчыра кажучы».
Былы маёр міліцыі Уладзімір Няпомняшчых – адзіны кандыдат пратэсту Статкевіча, чыю ініцыятыўную групу ў зборы подпісаў зарэгістравалі. Гомельскі сябар «Руху за Свабоду» і «Грамадзянскай Аб’яднанай Партыі» далучыўся да каманды Мікалая Статкевіча, бо лічыць ягоную стратэгію байкоту на гэтых выбарах слушнаю.
Падчас збору подпісаў актывіст запрашаў людзей ісці на ўчасткі не галасаваць, а назіраць, бо лічыць, што «гэта не выбары, а гульня шарлатана з народам у напарсткі».
Госць праграмы перакананы, што незадаволеныя беларусы здольныя сабрацца ў крытычную масу пратэсту, і калі людзі не будуць разыходзіцца, сілавікі стануць на бок народу.
«Працаўнікі (сілавых ведамстваў – заўв. «Белсат») ужо адмаўляюцца выконваць загады. Шмат хто, як мне вядома, звальняецца, хаця Лукашэнка кажа, што гэта фэйк», – дзеліцца ў студыі праграмы Уладзімір Няпомняшчых і дадае, што гатовы ўзначаліць масавы пратэст.
Аднак дэтэктар хлусні выявіў у адказе пэўныя сумневы героя.
«Я гатовы клікаць людзей на плошчу, гатовы быць з імі, але я не гатовы брацца за зброю і страляць у кагосьці», – тлумачыць Уладзімір Няпомняшчых.
На пытанні пра тое, ці верыць ён у поспех мірнага пратэсту супраць дзейнага рэжыму і ці з’яўляецца самастойным палітыкам, Уладзімір Няпомняшчых адказаў станоўча, але паліграф і тут не пацвердзіў ягоных словаў.
Верыфікатар Сяргей Малікаў тлумачыць, што міліцыянераў з прафесійным досведам даволі цяжка праверыць на паліграфе, бо маркеры хлусні будуць заніжанымі.
«Гэта звязана з тым, што з цягам часу, калі яны працуюць у гэтай сферы, хлусня для іх становіцца як норма. Міліцыя, на жаль, вымушаныя карыстацца такімі методыкамі, каб знайсці праўду», – кажа адмыслоўца.
Таксама ў выданні:
Глядзіце іншыя праграмы з цыклу «Шчыра кажучы».