У менскім трыятлоне ўдзельнічалі спартоўцы з Егіпту, Бельгіі, Даніі, ЗША, Ізраілю, Польшчы


Амаль кіламетр плысці па Менскім моры, пасля 45 кіламетраў на ровары і дзесяць з паловаю кіламетраў бягом. 21 ліпеня ў сталіцы прайшла гонка ў фармаце трыятлону серыі «Ironman».

У класічным варыянце дыстанцыя «Ironman» у чатыры разы даўжэйшая, але адважыцца на скарэнне нават скарочанага адрэзку здолее не кожны. У нядзелю ў Менску выклік свайму арганізму кінула амаль тысяча спартоўцаў-аматараў розных узростаў.

Удзельнік гонкі з Гомлю Юрый Дашкевіч распавядае:

«Мне 52 гады! Першы раз на трыятлоне. Нестандартная сітуацыя – мяне ў гэты спорт прывёў мой малодшы сын. Ён бяжыць другі раз, ён толькі што фінішаваў, ён бег чвэрць дыстанцыі. Гэтае адчуванне, калі мы разам, гэтая радасць – яна павінная быць агульная. Так прыемна бачыць навокал гэтых людзей! Кажуць, моладзь не тая… Тое кола моладзі, у якое я трапіў, дзякуючы сваім сынам, мяне проста здзіўляе і радуе! Калі нехта глядзіць і думае – гэта цяжка, гэта не маё… Паверце, гэта ўсім па сілах, усім проста! Зроблена так, што кожны дойдзе да фінішу, кожнага павіншуюць, кожны адчуе сябе часткаю гэтага жыцця!»

Бралі ўдзел у гонцы на трываласць і госці з замежжа. Як блізкага, так і далёкага. Удзельнік з Расеі Вадзім Маўлюбердзінаў:

«У мяне плаванне складаны этап. А далей я проста размеркаваў сілы як мае быць. І нармальна – дайшоў да фінішу. У нас таксама людзі любяць займацца гэтым відам спорту. У апошнія 10 гадоў адбыўся сур’ёзны скачок папулярнасці».

Таха Элрыфай, удзельнік гонкі з Егіпту:

«Ну як пачыналі першы этап, плаванне? Я проста заплюшчваў вочы, адкрываў іх на фінішы – усё. Потым этап ровараў – нармальна, хлопцы ўсе дапамагаюць адзін аднаму. Мне гэта вельмі падабаецца. Усе па-сяброўску дапамагаюць. Ну а калі беглі – гэта быў самы лёгкі этап. Бо гэта маё».

Яшчэ ў сёлетняй заяўцы спаборніцтваў значыліся прадстаўнікі Бельгіі, Даніі, ЗША, Ізраілю, Польшчы, Чэхіі ды Эстоніі. Гэткі забег у Менску прайшоў другі раз і, мяркуючы з таго, што яго папулярнасць узрастае, далёка не апошні.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu