Тысячы студэнтаў высяляць для ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў

Кагосьці высяляюць, кагосьці перасяляюць, іншых – ушчыльняюць. У невялікіх інтэрнацкіх пакоях ставяць ажно па пяць канапаў. Пра тое, як нашая сталіца рыхтуецца да прыезду замежных спартоўцаў і гасцей на Еўрапейскія гульні. Распавядае Арцём Лява.

Менск чакае вялікую колькасць гасцей на Еўрапейскія летнія гульні. Чым тады можна патлумачыць, што ажно шэсць навюткіх карпусоў студэнцкай вёскі на Пятроўшчыне высяляюцца? Камфартабельную студэнцкую вёску пабудавалі 3 гады таму. Комплекс з сямі дамоў разлічаны на 7500 студэнтаў з васьмі ўніверсітэтаў. Раней тут віравала жыццё. Цяпер можна пабачыць хіба асобных маладзёнаў з валізкамі ды будаўнікоў, якія бліжэйшыя месяцы будуць рыхтаваць жытло для ўдзельнікаў Еўрагульняў.

Вось што кажуць былыя жыхары інтэрнатаў на Пятроўшчыне:

«Канечне, гэта трошкі ненармальна. Цяпер сярэдзіна года. І вялікая праблема са зняццем кватэры, бо вялікі наплыў студэнтаў быў на пачатку года, падымаюцца кошты. Канечне, гэта вельмі кепска».

«Нас нікуды не перасяляюць. Мы выпускнікі, і таму нас перасяляюць… у кватэры, якія мы будзем самі здымаць. Вось і ўсё».

«Агульнае меркаванне пра гэта негатыўнае, скажам так. У студэнтаў забіраюць месцы».

«Канечне, гэта не зусім прыгожа ў адносінах да нас, але… так трэба».

«Нас перасяляюць у інтэрнат у ДАІ, за МКАДам. Давядзецца ездзіць далей, марнаваць болей часу. Так склаліся абставіны».

Загадчыцы інтэрнатаў #11 БДУ і #4 БДУІР адмовіліся пракаментаваць нам сітуацыю:

«Нічога. Толькі праз прэс-службу».

«Я нічога казаць не буду. Прыбярыце камеру».

Такім чынам, з набліжэннем Еўрапейскіх гульняў дзеці, як пра гэта раней паведамляў «Белсат», – без коўзанкі. А студэнтаў старэйшых курсаў прымушаюць шукаць здымнае жытло, кагосьці адпраўляюць за кальцавую, частку – перасяляюць у іншыя інтэрнаты. На прыкладзе інтэрнату Лінгвістычнага ўніверсітэту, што месціцца на Слясарнай 35, мы даведаліся, як будзе адбывацца падсяленне. У невялічкі студэнцкі пакой пасярэдзіне будзе ставіцца пяты ложак.

«Ёсць такая інфармацыя, што нам будуць прыстаўляць пяты ложак. І так, мы трошачкі ў шоку», – кажа студэнтка МДЛУ.

Атрымаць інфармацыю з афіцыйных крыніцаў не атрымалася. Тэлефоны ўніверсітэцкіх чыноўнікаў не адказвалі цэлы дзень, а калі слухаўку і здымалі, то на тым канцы проваду не знаходзілася, цытата, «кампетэнтнай асобы».

Каментуе Аляксандр Клімашын, грамадскі актывіст:

«Гэта практыка вядомая, такія рэчы здараюцца пад нейкія буйныя спартовыя мерапрыемствы ў краіне. Студэнты скардзяцца, як і ў цэлым на забяспечанасць месцамі ў інтэрнатах. Самая балючая тэма – прысутнасць каменданцкай гадзіны. Па сутнасці гэта дамова аб найме жылога памяшкання і павінен рэгулявацца нормамі заканадаўства. Аднак шматлікія каменданты інтэрнатаў лічаць сябе вышэйшымі за закон і намагаюцца навязваць свае парадкі студэнтам. А сітуацыя з каменданцкаю гадзінай і з высяленнем – цалкам пярэчыць закону…»

Мы спыталі жыхароў Менску, ці ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі Беларусі варта брацца за арганізацыю буйных спартовых мерапрыемстваў?

Алесь Пуціла, спартовы аглядальнік:

Учора пасля закончэня чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні, Лукашэнка не паспеў падвесці вынікі, а тут ужо кажа: а можа нам чэмпіянат свету правесці. Мы ўсё можам! У нас ўсё цудоўна! Лукашэнку вельмі важна выйсці, засвяціцца, памахаць рукою свету і усміхнуцца, каб усе думалі, што ён шчаслівы добры чалавек і забыліся думаць пра тое, што ён жорсткі дыктатар, злапамятны… Якія там інтэрнаты, якія там сталоўкі? Ён траціць грошы не на беларусаў, а на замежны імідж.

belsat.eu

Больш матэрыялаў

Паміж жыццём беларусаў і эканомікай

Каронавірус: падумайце пра старэйшых

А. Класкоўскі: Масква ніколі не згодзіцца выпусціць Беларусь са сваёй арбіты

Карупцыя дабралася да цела прэзідэнта

Улады ўпэўненыя, што кантралююць праймерыз

Эксклюзіўны каментар працаўніка «Беларуськалія» пра трагедыю

Арганізатары праймерыз адмовілі Канапацкай у даверы

Уладзімір Няпомняшчых: Міліцыя стала абараняць не народ, а ўладу